Арцём Шрайбман пра дылему Лукашэнкі: ляцець у Крым ці пабудаваць яго ў сябе дома?

Беларускі эксперт лічыць, што запрашэнне ў Крым ад Дзмітрыя Пяскова — гэты хутчэй крамлёўскі тролінг Аляксандра Лукашэнкі.

ao2oux75hag400888g4ggscck.jpg

— Спачатку прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Пяскоў, а затым кіраўнік Крыма Аксёнаў запрасілі Лукашэнку наведаць адрынуты ад Украіны паўвостраў, — піша Арцём Шрайбман у калонцы на TUT.BY. — Многія ўбачылі ў гэтым нейкую спробу ціску, маўляў, Крэмль выкручвае Лукашэнку рукі, карыстаючыся яго ўразлівасцю. На самой справе, гэтыя заявы больш падобныя да тролінгу.

Крамлю, па вялікім рахунку, няма справы да пазіцыі Лукашэнкі па падзеях сямігадовай даўніны ў Крыме. Добрая лыжка да абеду. Саюзнікам трэба быць адразу, а не ад безвыходнасці. Калі сем гадоў адмаўляцца ад свайго саюзніцкага «доўгу», а потым, калі з табой перасталі размаўляць усе суседзі, братэрства раптам прачынаецца, яго мала хто ацэніць.

Прымусіць Лукашэнку прызнаць расійскі суверэнітэт над Крымам мела б сэнс для Масквы, каб яшчэ больш паглыбіць прорву паміж Беларуссю з аднаго боку і Захадам і Украінай з другога. Але Мінск так паспяхова і паслядоўна робіць гэта сам, што можна нават не напружвацца.

Сёння пазіцыя Крамля выглядае ў духу ўкраінскага Тараса Бульбы: «Ну шо, сынку, дапамагла табе твая шматвектарнасць?» Калі паслухаць «крымскае запрашэнне» ад Пяскова цалкам, то ён кажа: «Так, вядома, чакаем Лукашэнку на паўвостраве, але Беларусь — краіна суверэнная, таму хай нашы калегі самі вырашаюць».

Дарэчы, не факт, што калегі вырашацца. Паляцець у Крым — значыць, давесці Кіеў да абурэння новага ўзроўню. Гэта як мінімум адкліканне дыпламатаў з Мінска і новая гандлёвая вайна.

Улічваючы, што сектаральныя санкцыі закрываюць экспарт нафтапрадуктаў у Еўрасаюз і экспарт праз краіны ЕС, Украіна застаецца галоўным рынкам збыту гэтых нафтапрадуктаў і адзіным маршрутам для паступлення нерасійскай нафты ў Беларусь (патэнцыйную нафту з Казахстана вынесем за дужкі). Калі давесці Кіеў да далучэння да еўрапейскіх санкцый, хоць бы па некрытычных для Украіны пазіцыях, абодва беларускія НПЗ можна будзе прадаваць у Маскву за рубель ці адкрываць на іх месцы Лядовыя палацы.

Бясконцае абмеркаванне дарожных карт па інтэграцыі — яшчэ адна тэма-шырма, якая адцягвае ўвагу ад рэальнай дэзінтэграцыі Беларусі ад усіх астатніх вектараў, акрамя расійскага.

Мяркуючы з таго, як рэдка каментуюць гэтую тэму ў Маскве і як часта — у Мінску, расіяне зразумелі, што рэальная інтэграцыя ў Саюзнай дзяржаве можа стаць вынікам не 28 (27? 31?) падпісаных дарожных карт, а зацятасці Лукашэнкі ў справе самаізаляцыі.

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка анансуе, што засталіся толькі тэхнічныя моманты — і саюзныя праграмы (гэта дарожныя карты пасля рэбрэндынгу) будуць вось-вось гатовыя. У сэнсе, восенню. Раней яны павінны былі быць гатовыя да канца лета. Яшчэ раней — да канца мая, а перад тым — да канца красавіка. Ну і, зразумела, некалькі разоў — да канца 2019 года.

Сок у тым, што Лукашэнка спакойна можа падпісаць любыя праграмы і карты, таму што яны ў сваіх самых важных тэмах — энергетыцы і падатках — нават дэ-юрэ разлічаны на гады рэалізацыі. Значыць, дэ-факта можна будзе цягнуць яшчэ даўжэй. Роўмінг мы ўжо пяць гадоў амаль як адмянілі. А адзіную валюту і ўсе астатнія пункты саюзнай дамовы зацвердзілі больш за 20 гадоў таму.

Але куды больш сур'ёзныя трансфармацыі, якія адбываюцца не на сочынскіх сустрэчах, а паміж Беларуссю і яе астатнімі суседзямі. Еўрапейскія сектаральныя санкцыі, выкліканыя прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair», ствараюць перадумовы для самай маштабнай пераарыентацыі беларускага гандлю на ўсход за ўсе гады незалежнасці.

Скептыкі скажуць, што санкцыі пачнуць сур'ёзна кусацца пасля заканчэння тэрміну дзеючых кантрактаў на пастаўку і транзіт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Паводле ацэнак экспертаў, больш за 80% калійнага экспарту праз Літву не трапляюць пад дзеянне санкцый з-за важных выключэнняў у наменклатуры забароненых угнаенняў. Усё гэта так, але важна глядзець на сітуацыю ў дынаміцы.

Па-першае, будучы ўжо прынятымі, санкцыі ўступяць у сілу не па жаданні Еўрасаюза, а практычна непазбежна. Цяпер Мінску трэба не проста выпусціць некалькіх палітвязняў у спадзеве, што Еўрасаюз вырашыць пагандлявацца, а зрабіць нешта такое, што прымусіць 27 сябраў ЕС зноў сабрацца і аднагалосна адменіць сваё чэрвеньскае рашэнне. Гэта куды больш сур'ёзная планка, і нішто не паказвае на гатоўнасць Лукашэнкі так саступаць.

Па-другое, пакуль усё рухаецца ў зваротным кірунку. Замест дээскалацыі Мінск выбраў прапускаць (падвозіць?) у Літву больш за тысячу мігрантаў, пагражаць тым жа самым Польшчы, высылаць амбасадара ЕС і працягваць рэпрэсіі. У сітуацыі, калі менавіта ад тэрміну дзеяння кантрактаў з літоўскімі партнёрамі залежыць калійны транзіт, такія крокі, асабліва міграцыйны ціск, могуць толькі паскорыць уключэнне санкцый і пашырэнне іх спектру.

Для Беларусі гэта будзе значыць, што прадаваць нафтапрадукты, якія раней ішлі ў Еўрасаюз, прыйдзецца ў Расію па зніжаных цэнах або праз расійскія парты пад выглядам чужога паліва. З каліем сітуацыя яшчэ складаней. Наладзіць яго перавалку ў новым месцы — пытанне доўгіх месяцаў і інвестыцый у інфраструктуру, а ў Расіі ў Мінска ёсць уплывовы канкурэнт «Уралкалій», які будзе відавочна ўсімі сіламі тармазіць дапамогу беларусам.

У выніку пасля доўгіх пакут і разрыву гандлёвых сувязей з суседзямі, Мінск акажацца ў сітуацыі, калі Расія будзе не толькі манапольным пастаўшчыком сыравіны, але і рынкам збыту для галоўных беларускіх экспартных тавараў і гаспадаром транзітных калідораў, якія засталіся ў Мінска.

З маста паміж Усходам і Захадам, шляха з варагаў у грэкі і, прабач Госпадзе, донара рэгіянальнай стабільнасці Беларусь паступова ператвараецца ў 9-мільённы Крым — тэрыторыю, абкладзеную санкцыямі і небяспечную для інвестараў, якая можа гандляваць толькі з Расіяй ці праз яе і куды лётаюць самалёты толькі з Усходу. На самой справе, а навошта ляцець у Крым, калі можна яго пабудаваць у сябе дома?