Nestle скараціла рэкламу на беларускім тэлебачанні. Раней гэтага патрабавала грамадскасць
Швейцарская кампанія Nestlé абвясціла аб «значным» скарачэнні рэкламнага бюджэту на тэлебачанні ў Беларусі. Ці зроблена гэта пад ціскам грамадскасці або так супала? — задаецца пытаннем telegref.by.
У сувязі з размяшчэннем рэкламы Nestlé на дзяржаўным
тэлебачанні Беларусі да генеральнага дырэктара Nestlé Ульфа Марка Шнайдера і
старшыні Савета дырэктараў Nestlé Поля Бюльке раней звярнулася з адкрытым
лістом нямецка-швейцарская няўрадавая арганізацыя Libereco. Яна заклікала
кампанію рушыць услед прыкладу Nivea і Škoda, якія адмовіліся ад падтрымкі
правядзення чэмпіянату свету па хакеі з шайбай у Беларусі.
У лісце, да падпісання якога далучыліся 52 няўрадавыя
арганізацыі з 18 краін, у тым ліку «Рэпарцёры без межаў», Libereco заклікала
неадкладна спыніць размяшчэнне рэкламы Nestlé ва ўсіх «кантраляваных дзяржавай»
беларускіх СМІ. Актывісты расцанілі размяшчэнне рэкламы ў гэтых арганізацыях як «прамое фінансаванне дзяржаўнай прапаганды».
Дарэчы, пачалося ўсё яшчэ раней, з адкрытага ліста Паўла
Латушкі. Ён выступіў «за поўнае спыненне супрацоўніцтва Nestle з
прапагандыстамі».
У выніку кампанія ў каментары нямецкай медыягрупе RND
паведаміла аб «значным» скарачэнні сваёй рэкламы на тэлебачанні
Беларусі. Аб якіх сумах ідзе гаворка, ў Nestlé не ўдакладнілі. Адзначаецца, што
скарачэнне выдаткаў адбылося «ў рамках рэгулярнага аналізу». Атрымліваецца,
што бюджэты скарацілі не па патрабаванні падпісантаў ліста? Цалкам можа быць:
спажывецкі попыт у Беларусі падае, як і рознічныя продажы (за май гэтага
года ўсяго 98,1% у параўнанні з маем мінулага года).
«Мы вельмі ўважліва сочым за падзеямі ў Беларусі. Наша
мэта застаецца — забяспечыць мясцовае насельніцтва Беларусі бяспечнымі, пажыўнымі
і даступнымі прадуктамі харчавання. У прынцыпе, у краінах, у якіх мы працуем,
мы не пазіцыянуем сябе ў адпаведнасці з палітычнымі патрабаваннямі і
прытрымліваемся ўсіх прыдатных законаў і санкцый», — удакладнілі ў кампаніі на
запыт RND сваю пазіцыю.
Такім чынам, кампанія ніякіх палітычных заяваў не рабіла.
Nestlé S. A. — швейцарская транснацыянальная карпарацыя, найбуйнейшы ў свеце вытворца прадуктаў харчавання. Nestlé вырабляе растваральную каву, мінеральную ваду, шакалад, марозіва, булёны, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне, корм для хатніх жывёл, фармацэўтычную прадукцыю і касметыку. Асноўныя гандлёвыя маркі — KitKat, Maggi, Nescafe, Nesquik, Nestea.