Аперацыя «Пераемнік»: тыбецкі варыянт

Група заканадаўцаў ЗША наведала тыбецкага лідара Далай-ламу ў Індыі, каб, у тым ліку, абмеркаваць тэму выбараў яго пераемніка.

Далай-лама. Фота: cropped from photo by Luca Galuzzi (Lucag). commons.wikimedia.org

Далай-лама. Фота: cropped from photo by Luca Galuzzi (Lucag). commons.wikimedia.org

Праблема пошуку пераемніка для дзеючага кіраўніка краіны або партыі вельмі актуальная для многіх палітычных сістэм. Але ў Тыбеце, дзе кіраўніком адміністрацыі з'яўляецца духоўны лідар, усё яшчэ больш складана. 

Нагадаем, тыбетцы лічаць Далай-ламу жывым увасабленнем Буды, які не памірае, а пераўвасабляецца ў іншага чалавека. З 1391 года Далай-лама пераўвасабляўся 13 разоў. Калі памірае адзін Далай-лама, пачынаюцца пошукі наступнага. 

Але, магчыма, хутка гэты алгарытм будзе парушаны. Кітай заяўляе, што мае права зацвердзіць пераемніка цяперашняга Далай-ламы. Увага акцэнтуецца на тым, што інстытут Далай-ламы склаўся ў часы імперскага Кітая, калі імператары пацвярджалі і зацвярджалі статус тыбецкага лідара. Урад Кітайскай Народнай Рэспублікі — агульнапрызнаны пераемнік імперскага Кітая, — працягваючы гэтую традыцыю, настойвае на тым, што толькі ён мае права ідэнтыфікаваць, хто ёсць наступны Далай-лама.

Важна адзначыць, што Кітай ужо праводзіў «выбары» лідараў тыбецкіх будыстаў. У 1995 годзе ён прызначыў свайго ўласнага Панчэн-ламу — другога па рангу ламу пасля Далай-ламы ў школе тыбецкага будызму. Прычым раней Далай-лама прызначыў будучым Панчэн-ламам іншага чалавека — шасцігадовага хлопчыка Німья. Гэтую праблему кітайскія чыноўнікі вырашылі вельмі проста. Таго хлопчыка проста скралі і інтэрнавалі, што дазваляла некаторым СМІ называць дзіця самым маладым палітычным вязнем на планеце.

Праўда, у 2020-м прадстаўнік МЗС КНР даў скупыя каментары наконт знікнення і лёсу Німья. Чыноўнік паведаміў, што ўжо 31-гадовы мужчына скончыў каледж, уладкаваўся на працу, і ні ён, ні яго сям'я не хацелі, каб іх патрывожылі ў «цяперашнім нармальным жыцці».


Глядзіце таксама

Тыбецкую палітыку Пекіна аспрэчвае тыбецкая эміграцыя, якая сфармавалася вакол цяперашняга Далай-ламы пасля яго ўцёкаў у Індыю з Тыбета ў 1958 годзе. Тыбетцы ў выгнанні асцерагаюцца, што Кітай паспрабуе прызначыць пераемнікам асобу, якая будзе дапамагаць Пекіну ўзмацняць кантроль над рэгіёнам. Зрэшты, мігранты таксама адыходзяць ад канону. У прыватнасці, цяперашні Далай-лама заявіў, што яго пераемнік, хутчэй за ўсё, будзе знойдзены не ў Тыбеце, а ў Індыі.

Цяпер у гэтую спрэчку наконт працэдуры абрання пераемніка, падобна, умяшаліся амерыканцы. Прыкладна тыдзень таму група заканадаўцаў ЗША наведала Далай-ламу ў яго рэзідэнцыі ў Індыі. Па ходзе былі зроблены гучныя заявы. У прыватнасці, адзін з чальцоў дэлегацыі Майкл Макол, старшыня міжнароднага камітэта Палаты прадстаўнікоў Кангрэса, публічна выступіў супраць таго, каб Кітай уплываў на выбар пераемніка Далай-ламы. «Пекін спрабуе ўмяшацца ў выбар пераемніка Далай-ламы. Мы не дазволім гэтаму здарыцца», — сказаў ён.

Таксама важна адзначыць прысутнасць у складзе дэлегацыі экс-спікеркі Нэнсі Пэлосі. У Пекіне гэтая фігура выклікае вялізнае раздражненне. Усе памятаюць пра яе паездку ў 2022 годзе на Тайвань у статусе спікеркі Палаты прадстаўнікоў. Візіт такой высокапастаўленай чыноўніцы расцэньваўся як дэманстратыўны выклік на адрас КНР.

У гэтым кантэксце негатыўная рэакцыя Пекіна на паездку амерыканскай дэлегацыі была прадказальнай.


Глядзіце таксама

Адным словам, не выключана, што пасля смерці цяперашні Далай-лама «пераўвасобіцца» адразу ў двух людзей. Хоць не выключаны самы нечаканы сюжэт. Неяк Далай-лама заявіў, што, магчыма, ён вырашыць не перараджацца. Такое рашэнне падарве легітымнасць любога памазанага Кітаем пераемніка. А для Кітая Далай-лама, які адданы Камуністычнай партыі Кітая, значна больш карысны, чым адсутнасць Далай-ламы наогул.

Такі ход нельга выключаць, паколькі ў 2011 годзе Далай-лама саступіў сваю палітычную ролю кіраўніка тыбецкага руху ўраду ў выгнанні. Гэты ўрад прызначаецца парламентам, што абіраецца кожныя пяць гадоў тыбецкімі бежанцамі, якія жывуць у Індыі і іншых краінах.

Зрэшты, калі рашэнне аб неперараджэнні і будзе прынята, то, напэўна, у той момант, калі здароўе Далай-ламы сапраўды сур’ёзна пагоршыцца. Пакуль 88-гадовы манах, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, быццам знаходзіцца ў адносна добрым стане. Хіба што ў яго ёсць нейкія праблемы з нагамі, але лекары кажуць, што гэтая справа папраўная.