Дзень волі. Тыбецкі варыянт

 Роўна 65 гадоў таму, 10 сакавіка 1959 года, у Тыбеце пачалося антыкітайскае паўстанне. Дата да гэтага часу адначасова мабілізуе тыбетцаў на супраціў і выклікае страх у Пекіне.

17 сакавіка 1959 года: тысячы тыбецкіх жанчын атачаюць галоўную рэзідэнцыю Далай-ламы, у знак пратэсту супраць кітайскага праўлення і рэпрэсій у Лхасе, Тыбет. Праз некалькі гадзін успыхнулі баявыя дзеянні, і Далай-лама быў вымушаны бегчы ў бяспечнае месца ў Індыю. Фота: By Associated Press, en.wikipedia.org

17 сакавіка 1959 года: тысячы тыбецкіх жанчын атачаюць галоўную рэзідэнцыю Далай-ламы, у знак пратэсту супраць кітайскага праўлення і рэпрэсій у Лхасе, Тыбет. Праз некалькі гадзін успыхнулі баявыя дзеянні, і Далай-лама быў вымушаны бегчы ў бяспечнае месца ў Індыю. Фота: By Associated Press, en.wikipedia.org

Уверцюрай да падзей, аб якіх пойдзе размова ніжэй, стала кітайская экспансія ў Тыбет пасля перамогі камуністаў у вайне супраць Гаміньдан. У 1951-м паміж урадам Кітая і дэлегацыяй урада Тыбета было падпісана «Пагадненне з 17 пунктаў», паводле якога рэгіён уключаўся ў склад Кітая з захаваннем мясцовага ўрада.

Аўтаномія Тыбета не значыла, што ў рэгіёне не будуць праводзіцца сацыялістычныя рэформы. Неўзабаве яны сапраўды пачаліся, у тым ліку пераразмеркаванне зямлі, што чакана выклікала ўзброенае супраціўленне ў шэрагу правінцый. У адказ Пекін увёў у рэгіён войска. Да 1959-га напады партызан і рэпрэсіі ў адказ з боку Народна-вызваленчай арміі Кітая (НВАК) сталі звычайнай практыкай.

Няздольнасць кітайскага войска аператыўна здушыць герылллю падштурхнула генералаў НВАК да цікавай тэорыі. Няўдачы ў барацьбе з партызанамі яны тлумачылі тым, што паўстанцам таемна дапамагаюць манахі. У выніку кітайцы неўзабаве пачалі бамбаванне кляштараў і хапун іх насельнікаў.

А паколькі Тыбет быў клерыкальнай дзяржавай і на чале манахаў знаходзіўся Далай-лама (яму, дарэчы, тады ледзь стукнула 19 гадоў), пайшлі чуткі, што гэта толькі пачатак. Маўляў, у Пекіне задумаліся над тым, каб дэманстратыўна разбамбіць і ягоны палац. Нібыта гэта дапаможа запалохаць партызанскае падполле. Таксама казалі пра жаданне кітайцаў інтэрнаваць духоўнага лідара тыбетцаў.

14-ы Далай-лама ў 1956. Фота Kinsey Brothers, commons.wikimedia.or

14-ы Далай-лама ў 1956. Фота Kinsey Brothers, commons.wikimedia.or

Чуткі наконт магчымага арышту Далай-ламы і сталі глебай для падзей, якія пачаліся 9 сакавіка 1959 года. У гэты дзень некалькі тысяч тыбетцаў акружылі палац Далай-ламы, каб не даць яму пайсці і стаць вязнем камуністаў.

На наступны день мірны мітынг ператварыўся ў сапраўднае гвалтоўнае паўстанне. Цікава, што спачатку гвалт быў накіраваны супраць тыбецкіх чыноўнікаў, якія, як лічылася, дрэнна абаранялі Далай-ламу.

Па меры распаўсюджвання пратэстаў Далай-лама публічна паведаміў пратэстоўцам, што застанецца ў палацы. Але натоўпу гэтага ўжо было недастаткова. Вуліца пачала патрабаваць рэстаўрацыі незалежнасці Тыбета. Адначасова паўстанцы размеркавалі свае атрады па стратэгічных пазіцыях у Лхасе і атакавалі кітайскіх вайскоўцаў і органы ўлады ў горадзе.

Глядзіце таксама

У адказ кітайцы ўжылі ў тым ліку артылерыю. Пара снарадаў заляцела і ў палац Далай-ламы. Гэта спалохала яго насельнікаў. Параіўшыся з дзяржаўным аракулам і канстатуючы, што сітуацыя стала занадта нестабільнай, Далай-лама і яго набліжаныя вырашылі збегчы з Лхасы. Уначы Далай-лама таемна пакінуў палац і рушыў у бок індыйскай мяжы разам са сваёй сям'ёй і невялікай колькасцю чыноўнікаў.

У ноч на 20 сакавіка кітайская армія пачала артабстрэл палаца, а да 30 сакавіка Лхаса перайшла пад поўны кантроль кітайцаў. Пасля гэтага пачалася масіраваная ваенная аперацыя супраць паўстанцаў у іншых раёнах цэнтральнага і паўднёвага Тыбета. У выніку партызанская вайна працягвалася там яшчэ больш за 20 гадоў. Паводле сакрэтнага дакладу кітайскага штаба, захопленага тыбецкімі партызанамі, з сакавіка па кастрычнік 1959 года ў Лхасе і наваколлях было забіта 87 тысяч тыбетцаў. Яшчэ 25 тысяч было арыштавана.

У барацьбе з паўстанцамі кітайскія ўлады знішчалі духавенства і тыбецкія манастыры. За наступныя 30 гадоў у краіне было знішчана 6254 манастыры, многія былі закрытыя або пераўтвораныя ў музеі.

Глядзіце таксама

Малавядомы факт. Урад антыкамуністычнай Кітайскай Рэспублікі пад кіраўніцтвам Чан Кай Шы, які да гэтага часу з дапамогай Вашынгтона размясціўся на Тайвані, меў сваю пазіцыю адносна падзей у Тыбеце. Гаміньдан не пагадзіўся з урадам ЗША наконт таго, што Тыбет павінен стаць незалежным. Кітайская рэспубліка сцвярджала, што Тыбет з'яўляецца часткай яе тэрыторыі.

Між тым, 29 сакавіка 1959 года ў мястэчку Масуры ў Індыі быў створаны ўрад Тыбета ў выгнанні на чале з Далай-ламай. Арганізацыя паставіла перад сабой задачу «рэабілітацыі тыбецкіх бежанцаў і аднаўленне свабоды і шчасця ў Тыбеце».

Спачатку здавалася, што тыбецкая міграцыя паўторыць лёс шматлікіх урадаў у дыяспары, якія асуджаныя дзесяцігоддзямі займацца тыражаваннем гнеўных рэзалюцый у чаканні нейкіх шанцаў вярнуцца на радзіму. Аднак у 80-я мінулага стагоддзя адбыўся дзіўны казус. Дзякуючы цікавасці да ўсходніх рэлігійных практык тэма незалежнасці Тыбета атрымала вялікую папулярнасць у свеце. Сёння тыбецкая палітычная эміграцыя -- адзін з самых удалых праектаў у гэтай галіне.

Глядзіце таксама

І, безумоўна, тыбетцы за мяжой памятаюць дату 10 сакавіка 1959 года, якая абвешчана Днём нацыянальнай жалобы тыбецкага народа. Памятаюць яе і ў Тыбеце, нягледзячы на цэнзуру і палітычны пераслед. Менавіта ў гэты дзень адбыліся масавыя беспарадкі ў Тыбеце ў 2008 годзе. Паколькі хваляванні, прымеркаваныя да гэтай даты, паўтараюцца штогод, як правіла 10 сакавіка ўлады КНР закрываюць Тыбет для замежных турыстаў.