Беларусь стала сябрам ШАС: Лукашэнка спадзяецца, што насыплюць трохі грошыкаў

Беларусь, якая раней мела ў ШАС статус назіральніка, цяпер з’яўляецца паўнапраўным сябрам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. 

szas_astana.png

Удзельнікі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) на саміце ў Астане 4 ліпеня падпісалі дакумент, згодна з якім Беларусь стала паўнапраўным удзельнікам арганізацыі. 

Пра гэта, як паведамляе Tengrinews, абвясціў прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў.

«Беларусь выканала неабходныя працэдуры на шляху да паўнапраўнага сяброўства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва», — заявіў Такаеў.

Беларусь, якая раней мела ў ШАС статус назіральніка, стала дзясятым удзельнікам арганізацыі.

Саміт ШАС праходзіць у Астане 3–4 ліпеня, нагадвае meduza.io.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва — міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе. Да далучэння Беларусі ў арганізацыю ўваходзілі дзевяць краін — Расія, Кітай, Індыя, Іран, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Пакістан і Узбекістан. 

Акрамя таго, дзве краіны — Афганістан і Манголія — маюць статус назіральнікаў. Таксама ў ШАС 14 краін-партнёраў па дыялогу.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, якая першапачаткова складалася з шасці краін, актыўна пашыраецца, пачынаючы з 2017 года. 

Тады да ШАС далучыліся Індыя і Пакістан. У 2021 годзе сябрам Арганізацыі стаў Іран. Навуковы супрацоўнік Берлінскага цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі Цімур Умараў лічыць, што з кожным новым пашырэннем ШАС «усё больш губляе ў эфектыўнасці і ператвараецца ў размоўны клуб».

Палітолаг Ігар Тышкевіч у сваім тэлеграм-канале адзначыў, што афіцыйны Мінск зноў вернуць у кітайскую ініцыятыву «Пояс і шлях»:

Лукашэнка і Сі 

Сустрэча была нечакана (як і візіт) анансаваная і ўжо адбылася. Як заўсёды, кітайскія крыніцы (нават Сіньхуа) расстаўляюць розныя акцэнты ў сваёй рускамоўнай, англамоўнай і кітайскай версіях. 

Па выніках з выступу Сі 

«Не так даўно я прапанаваў Кітаю восем дзеянняў па падтрымцы якаснага сумеснага будаўніцтва» Пояса і шляху» і запрашаю Беларусь працягваць актыўна ўдзельнічаць у ім і атрымліваць больш адчувальныя магчымасці для развіцця». Гэта значыць, афіцыйны Мінск вернуць у ініцыятыву «Пояс і шлях». 

«Кітай гатовы працаваць з Беларуссю над умацаваннем каардынацыі і супрацоўніцтва ў рамках шматбаковых механізмаў, такіх, як арганізацыя Аб'яднаных Нацый і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва», — ШАС будзе, а БРІКС пакуль пад пытаннем.

А так жа цікавыя пасажы наконт прамысловай кааперацыі, лагістыкі (што азначае неабходнасць Мінску выходзіць з грызні з суседзямі) і... кадравы абмен. Апошняе асабліва цікава. 

Адказ Лукашэнкі (у выкладзе «кітайскай» стужкі Сіньхуа) цалкам складаецца з агульных прыгожых фраз накшталт «стратэгічнай каардынацыі», «падтрымцы», «справа міру і прагрэсу». Адным словам, беларускі кіраўнік чакае, што скажуць, і спадзяецца, што насыплюць трохі грошыкаў. 

Рускамоўнае «Сіньхуа» было кароткім: сустрэліся. Англамоўныя рэсурсы такія ж лаканічныя.