Прымус да гуманізму: добрым словам і пераканаўчымі аргументамі!
Гэта толькі першы раз займацца гуманізмам цяжка — а потым чалавек да ўсяго прывыкае, можа нават яшчэ спадабаецца, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Не ведаю, хто прымусіў таго-сяго да гуманізму, але дай Бог таму чалавеку здароўя. І новыя аргументы.
Таму што, як паказала практыка, добрым словам і пераканаўчымі аргументамі можна прымусіць да гуманізму каго заўгодна.
Галоўнае, я лічу, да кожнага чалавека падабраць правільны аргумент. І потым ужо не спыняцца. Таму што гэта толькі першы раз займацца гуманізмам цяжка. А потым нічога. Чалавек да ўсяго прывыкае. Можа камусьці нават яшчэ і спадабаецца.
Вось што камусьці дакладна не спадабаецца, дык гэта калі Польшча закрые яму межы. Гэта значыць, спачатку гэта не спадабаецца, вядома, таварышу Сі. Але потым, калі гэта ўжо не спадабаецца, сёй-той таксама будзе не рады.
Пасля таго, як польскі прэзідэнт намякнуў у Кітаі, што кітайскі транзіт можа моцна пацярпець з-за мігрантаў, колькасць мігрантаў, якія штурмуюць польскую мяжу з беларускага боку, скарацілася да 50 чалавек у дзень. А раней, бывала, штурмавалі і па трыста чалавек у дзень.
Як заўсёды, хтосьці вырашыў, што ён тут самы хітры. Усе вакол дурні, а ён хітры. І можна ўсіх падмануць і адкараскацца малой крывёю. Паказаць працэс паступовай нармалізацыі прыгранічнай абстаноўкі, а потым вярнуць усё як было раней.
Але аказалася, што не такія яны дурні, як сёй-той думаў. Ці ён не такі хітры, як яму здаецца. Таму што палякам не патрэбны працэс паступовай нармалізацыі памежнай абстаноўкі. Палякам трэба, каб іх межы перасталі закідваць мігрантамі.
Але беларускія ўлады тонкія намёкі (калі ім кажуць: прыбярыце вашых мігрантаў, а то мы закрыем межы), як аказалася, не разумеюць. Таму польскія ўлады вырашылі звярнуцца да больш пераканаўчых аргументаў. З пачатку гэтага тыдня Польшча пачала ўзмоцненыя праверкі грузаў, якія перасякаюць польскую мяжу па чыгунцы.
Ну, таму што адразу закрыць мяжу так, каб нікога, акрамя беларускіх уладаў, не пакрыўдзіць, Польшча не можа. А ўвесці на мяжы ўзмоцненыя праверкі грузаў можа. І гэта такі намёк, які, у адрозненне ад вербальных інтэрвенцый, цяжка ігнараваць. З узмоцненымі праверкамі грузаў груз з Кітая да Еўропы па чыгунцы можа ехаць не тры-пяць дзён, а хоць усе дваццаць. Таму што ўзмоцненыя праверкі ў любы момант можна яшчэ больш узмацніць. Было б жаданне.
Праверкі на аўтамабільных пераходах ўзмацнілі да таго, што фуры стаяць там у чарзе тыднямі. А калі кітайскія грузы будуць стаяць у чарзе на мяжы тыднямі, то ў беларускім чыгуначным транзіце не застанецца ніякага сэнсу. Яго не трэба будзе нават зачыняць. Сам зачыніцца.
Праўда, не факт, што сёй-той можа спыніць мігрантаў, нават калі вельмі гэтага захоча. Таму што я ўжо не ўпэўнены ў тым, што сёй-той у стане кантраляваць свае межы і сваіх мігрантаў.