Краіна можа спаць спакойна, а вось нашы суседзі — не. Што адбываецца на беларускіх межах
Як ні дзіўна, колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы з ЕС з боку Беларусі скарацілася ледзь не ўдвая. Што падзейнічала: смерць польскага памежніка ці «пуга» ад Кітая?
Апошнія некалькі тыдняў тэма крызісу на межах краін ЕС і Беларусі выйшла на новы ўзровень. Падставай для гэтага стала смерць польскага вайскоўца, які перашкаджаў спробам нелегальных мігрантаў прабрацца на тэрыторыю Польшчы з беларускага боку. Гэтая падзея перавяла ўспрыманне крызісу на межах у новую якасць.
Намёкі на гіпатэтычную магчымасць адкрыць яшчэ хаця б адзін памежны пераход з Беларуссю былі згорнутыя, на беларуска-польскай мяжы запрацавала буферная зона, узніклі планы па пабудове абарончай лініі ўздоўж 700-кіламетровай мяжы з Беларуссю і РФ.
Ды і агулам польскія ўлады пайшлі на абвастрэнне сітуацыі, што міжволі выклікае асацыяцыі з восенню 2021 года, піша Генадзь Коршунаў для «Цэнтра новых ідэй». Было зроблена дзве заявы: прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда паехаў у Кітай размаўляць з тамтэйшым калегам адносна рызык еўрапейска-кітайскага транзіту; кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі эскалаваў працэс, заявіўшы, што Польшча разглядае магчымасці поўнай блакіроўкі беларускіх межаў. Кітай на гэта адгукнуўся заявай аб тым, што разлічвае на развязанне канфлікту «шляхам кансультацый».
Беларускі бок у асобе дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча запэўніў, што, насуперак шматразовым прызнанням Аляксандра Лукашэнкі, улады Беларусі не падштурхоўваюць мігрантаў. І што наогул «мір і перамовы — гэта наша ўсё!». На беларускай тэрыторыі нават сталі мігрантаў затрымліваць (раз, два) і судзіць арганізатараў нелегальнай міграцыі.
Асобна варта сказаць пра ўкраінскі кірунак. Тут таксама ўсё вельмі хутка, цікава і контрверсіўна. У чэрвені на поўдні Беларусі пачалася раптоўная праверка боегатоўнасці розных ССА і ракетчыкаў з «Паланэзамі», якая суправаджалася размовамі наконт магчымасці нанясення ядзернага ўдару ў выпадку пагроз беларускаму суверэнітэту. Украіна ўзмацніла прыкрыццё мяжы і актывізавала ўзвядзенне дадатковых інжынерных збудаванняў на сваёй поўначы.
Разам з тым, адбыўся ўкраінска-расійскі абмен палоннымі, у рамках якога беларускі рэжым выпусціў 5 палітвязняў — грамадзян Украіны, што было поўнай нечаканасцю.
І ўсё гэта адбываецца на фоне вельмі спецыфічнай дынамікі міграцыйных нападаў з боку Беларусі на краіны ЕС.
Маецца на ўвазе наступнае: калі май сапраўды быў месяцам вялікіх нападаў (яго значэнні былі максімальнымі для апошніх двух з паловай гадоў), то чэрвеньскія значэнні ўпалі амаль у два разы (з больш чым 7500 да крыху больш за 4000).
Гранічна выразная тэндэнцыя на зніжэнне колькасці спроб незаконна перасячы межы ЕС пайшла з сярэдзіны траўня. Цяпер мы маем 7 тыдняў запар зніжэнне колькасці нападаў на межы.
Якую-небудзь адназначную выснову з такой дынамікі зрабіць складана. Акрамя, мабыць, аднаго досыць відавочнага: рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае мігрантаў як гібрыдную зброю супраць ЕС. І вырашаць гэтую праблему варта, пачынаючы з Аляксандра Лукашэнкі.
Нагадаем, ад пачатку года суседнія краіны ЕС спынілі 22,1 тыс. спроб нелегальнага перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — 19,3 тыс.
Міграцыйны крызіс, які цягнецца з вясны 2021 года, Варшава, Рыга і Вільня называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, на вайскоўца напаў мігрант, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі.
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы распачала дзеянне буферная зона. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спроб парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.
Напрыканцы траўня польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў, што Польшча разглядае магчымасць адкрыць яшчэ адзін памежны пераход, але літаральна праз некалькі дзён гэтыя заявы былі ануляваныя праз смерць польскага памежніка ў выніку нападу мігранта з беларускага боку.