Гарачае беларускае лета. Ці чакаць чарговай успышкі міграцыйнага крызісу?
Апошнія падзеі на беларуска-польскай мяжы паказваюць на тое, што Лукашэнку не вельмі і патрэбнае пацяпленне адносінаў з Захадам. Ці азначае гэта, што спробы штурму мяжы мігрантамі павялічацца?
Абагульняючы інфармацыю з розных крыніц, Генадзь Коршунаў для «Цэнтра новых ідэй» разважае пра апошнія месяцы і перспектывы мігранцкага крызісу на межах Беларусі і краін ЕС.
«Нас чакаюць некалькі гарачых месяцаў» — 4 тыдні таму прыкладна такімі словамі я заканчваў свой мінулы матэрыял пра беларуска-еўрапейскі мігранцкі крызіс.
Сапраўды, вясна 2024 года стала самым гарачым перыядам на межах Беларусі з краінамі ЕС, пачынаючы з восені 2021 года, а май — самым напружаным месяцам з часу спроб тысячных штурмаў памежнага пераходу ў Кузніцы. Эскалацыю працэсу мы назіралі і па чэргах на межах, якія з красавіка гэтага года выраслі да маштабаў сутачных чаканняў.
Пра нагнятанне сітуацыі на межах — а менавіта на беларуска-польскай — гаворыць і той факт, што з амаль 1200 выпадкаў папераджальных стрэлаў, учыненых сёлета, больш за 770 (практычна 2/3) прыпадаюць менавіта на травень.
У пошуках прычын такога росту можна было б сказаць пра спробы ўздзейнічаць мігрантамі на еўрапейскую супольнасць напярэдадні выбараў у Еўрапарламент або перад правядзеннем Еўракубка па футболе. Альбо ж гэта можа трактавацца як своеасаблівая падтрымка з боку рэжыму Лукашэнкі расійскіх войскаў ва Украіне.
Можна было б згадаць пра ўзрастанне інтэнсіўнасці міграцыйных плыняў па «беларускім калідоры» ў сувязі з закрыццём Фінляндыяй сваёй мяжы з Расіяй. Тым больш, што нямецкія службы неаднаразова заяўлялі і пра наяўнасць крымінальных сетак, якія забяспечваюць функцыянаванне такога калідора, і пра большую шчыльнасць міграцыйных патокаў у гэтым калідоры.
Яшчэ можна было б паразважаць пра працяг тэндэнцыі веапанізацыі мігранцкіх патокаў, пра выкарыстанне апошніх як гібрыднай зброі аўтарытарнымі рэжымамі супраць «калектыўнага Захаду». Тым больш, што менавіта так гэта ўспрымаюць палітыкі нашых краін-суседак. Ды і іх вайскоўцы, мабыць, ужо шчыльна ўбудавалі ўзброеных мігрантаў у сваё бачанне пагроз з усходу: Літва запланавала ўзброіць сваіх памежнікаў кулямётамі, Латвія пачала будаваць на мяжы з Беларуссю лінію абароны, амаль дзве траціны палякаў падтрымалі ідэю аб стварэнні сістэмы ўмацаванняў на мяжы з Беларуссю, ну і агулам Польшча і краіны Балтыі задумаліся пра «сцяну дронаў» на сваіх усходніх межах. Зразумела, што гэта задумваецца і рэалізоўваецца не толькі ў рамках процідзеяння незаконнай міграцыі, але так інтэнсіўна стымулюецца, думаецца, менавіта ёй.
Але тут мала чаго новага. Што сапраўды было незвычайнага, дык гэта тое, што Польшча, нягледзячы на ўсе асаблівасці бягучага перыяду, вуснамі розных персон стала гаварыць пра магчымасць некаторых паслабленняў на мяжы, а менавіта — пра адкрыццё памежных пераходаў, ну, ці хаця б аднаго. Так, яшчэ напрыканцы красавіка прадстаўнікі польскага памежнага бізнэсу звярнуліся да дэпутатаў Сейма з такім патрабаваннем. Крыху пазней экс-намеснік міністра абароны Польшчы выказаў упэўненасць у тым, што Мінск больш не будзе правакаваць канфлікты, а віцэ-спікер Сената Мацей Жыўна падтрымаў ідэю зноў адкрыць хоць бы адзін пераход з Беларуссю.
Забаўна, што прыкладна паралельна з гэтым з Беларусі стала з'яўляцца сціплая інфармацыя пра тое, што сілавікамі і проста добрапрыстойнымі грамадзянамі (праўда, у мінулым таксама сілавікамі) сталі затрымлівацца групы нелегальных мігрантаў.
Ну і вішанькай на гэтым уяўным торціку стала абяцанне прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска вывучыць магчымасць такі адкрыць адзін памежны пераход. Пра гэтыя словы Туска мы даведаліся 24 траўня.
А літаральна праз некалькі дзён нясмелыя намёкі на магчымасці дээскалацыі сітуацыі на мяжы адышлі ў нябыт. Навучаныя і падганяемыя беларускімі сілавікамі, мігранты фактычна перайшлі да мэтанакіраваных нападаў на польскіх памежнікаў і вайскоўцаў (складана як-небудзь інакш трактаваць выкарыстанне прымітыўных коп'яў — доўгіх палак з прыматанымі да іх нажамі). Напрыканцы траўня і на пачатку чэрвеня ў выніку дзеянняў нелегальных мігрантаў на беларуска-польскай мяжы некалькі польскіх салдат атрымалі раненні. 6 чэрвеня адзін з іх памёр.
Як рэакцыя на гэтыя падзеі і на агульнае абвастрэнне сітуацыі — на мяжу з Беларуссю былі накіраваныя 250 паліцэйскіх з прэвентыўных падраздзяленняў, а таксама супрацоўнікі дарожнай паліцыі, кінолагі і контртэрарыстычныя падраздзяленні. І вадамёты. Акрамя таго, уводзіцца забароненая зона на беларуска-польскай мяжы, пакуль на 90 дзён.
Гледзячы на ўсё гэта, усё больш пераконваешся ў думцы, што Лукашэнку не патрэбнае пацяпленне адносінаў са сваімі заходнімі суседзямі.
Або яму такую опцыю проста адключылі?
Так, яшчэ адно. Трымаем у галаве факт, які прайшоў амаль незаўважаным нашымі медыя: 7 чэрвеня з Дамаска ў Мінск прыляцеў самалёт той сірыйскай авіякампаніі, якая ў 2021 годзе служыла перавозчыкам мігрантаў з арабскіх краін у Беларусь. Ці стануць такія палёты рэгулярнымі, пакуль не ясна.
Увогуле, прагноз, выказаны месяц таму, застаецца ў сіле: нас чакаюць некалькі гарачых месяцаў.