Санкцыі «прарвала» толькі ў тэлевізары. Што насамрэч Беларусі можа даць ШАС?
Рэжым спадзяецца праз Шанхайскую арганізацыю бяспекі прапхнуць свой калій, але ці гатовыя будуць удзельніцы ШАС абмяркоўваць эканамічныя пытанні?
![Лукашэнка і ШАС. Ілюстрацыйнае фота: kremlin.ru Лукашэнка і ШАС. Ілюстрацыйнае фота: kremlin.ru](/img/v1/images/ko3qutal6c440qlpkfi1tkibaoroas3n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720167619&w=528)
Лукашэнка і ШАС. Ілюстрацыйнае фота: kremlin.ru
Беларусь стала дзясятай па ліку паўнапраўнай удзельніцай Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — адпаведныя дакументы былі падпісаныя 4 ліпеня ў Астане.
Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская асудзіла гэтае рашэнне і падкрэсліла, што ўваходжанне ў ШАС выгаднае толькі рэжыму, а не народу. Прапаганда ж ужо назвала гэта «гістарычным момантам».
А сам Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць «паслядоўна рэалізоўваць антысанкцыйныя падыходы», а таксама пра намер «разбурыць сцены аднапалярнага свету» і «накарміць людзей».
Акрамя цалкам відавочнага жадання прасунуць беларускі калій пад маркай барацьбы з «глабальным голадам», што рэальна дасць Беларусі ўступленне ў ШАС, ці выйгрыш гэта для рэжыму Лукашэнкі?
— Трэба прыгадаць, што такое Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, для чаго яна была створана — і толькі з гэтага можна зразумець, якія магчымасці адкрываюцца для кожнай краіны, — зазначае ў каментары «Филину» доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — А стваралася яна перш за ўсё для абмеркавання пытанняў бяспекі ў Сярэдняй Азіі — але з удзелам Расіі і Кітая. То-бок, пытанні бяспекі, звязаныя з тэрарыстычнымі пагрозамі, унутранымі канфліктамі, міграцыяй, там былі асноўнымі.
Глядзіце таксама
![Беларусь цяпер у ШАС Беларусь стала сябрам ШАС: Лукашэнка спадзяецца, што насыплюць трохі грошыкаў](/img/v1/images/szas_astana.png?f=c&h=360&o=0&u=1720081699&w=660)
Паступова колькасць краін, якія ўдзельнічаюць у ШАС, крыху пашырылася: былі далучаныя Індыя, Пакістан, Іран. Зноў жа, новых чальцоў перадусім хвалявала бяспека — і ў рэгіёне, пра які мы гаворым, пытанняў на гэты конт сапраўды хапае і ёсць неабходнасці развіваць нейкія інфраструктурныя праекты, таму што вельмі слабая камунікацыя.
Як мы бачым, набор пытанняў, праблем і выклікаў, якія стаяць перад Беларуссю, зусім іншы, чым ставяць перад сабой дзейныя чальцы і агулам арганізацыя.
Сімвалічна, гаворыць палітолаг, акцэнт беларускіх уладаў на ўваходжанні ў ШАС зразумелы: можна ў рыторыцы «шматпалярнага свету» і альтэрнатывы Захаду дэманстраваць, што Беларусь далучылася да яшчэ адной міжнароднай — прытым не заходняй — структуры. І гэта дае магчымасць для развіцця кантактаў з іншымі краінамі, бо апошнім часам у знешняй палітыцы РБ не так шмат поспехаў.
— Але, мабыць, гэта і ёсць максімум, — дадае Андрэй Казакевіч, — прынамсі, з таго, што я бачу на дадзены момант.
ШАС — пляцоўка, дзе можна будзе больш часта сустракацца, падтрымліваць нефармальную камунікацыю і абмяркоўваць пэўныя пытанні і з Кітаем, і з Індыяй, і з Пакістанам, узмацняць адносіны з усімі краінамі рэгіёна — асабліва з тымі, з кім існуе не так шмат рэгулярных фарматаў сустрэч.
Але з пункту гледжання функцыяналу самой арганізацыі, яна не так шмат можа даць Беларусі.
— То-бок, як сказаў свежапрызначаны міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, палітыка-дыпламатычны трэк атрымаецца развіваць. Ці чакаць эканамічных прарываў?
— Калі ў афіцыйных колах гавораць пра эканамічнае супрацоўніцтва і гандаль — нельга сказаць, што гэтыя пытанні там зусім не ўздымаюцца, але ў асноўным ШАС не пра гэта. Яна не займаецца ні змяненнем тарыфаў, ні забеспячэннем вольнага гандлю паміж краінамі. Зрэшты, можа закранацца харчовая бяспека, і ў гэтым кантэксце могуць прымаць нейкія рашэнні.
Таксама могуць вырашацца пытанні міграцыі, пытанні, звязаныя з санкцыямі — прынамсі, на гэта націскае Беларусь. Але падаецца вельмі малаверагодным, што чальцы ШАС сур’ёзна будуць гэта абмяркоўваць.
Глядзіце таксама
![ШАС: Чым Кітай можа дапамагчы Лукашэнку? Лукашэнка — ШАС: Чым тут можа дапамагчы Кітай?](/img/v1/images/scjahi_czlenau_szas.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Індыя не хоча ўмешвацца, відавочна балансуе паміж Захадам, з якім важна захаваць адносіныі, і інтарэсамі іншых краін. Таму прасоўваць адкрыта антызаходнюю палітыку яна ніколі не будзе, у лепшым выпадку проста дазволіць рэалізоўваць нейкія схемы праз сваю тэрыторыю, але не возьмецца абараняць інтарэсы Расіі і Беларусі, ці, скажам, Ірана. Тое самае можна сказаць пра Пакістан, у значнай ступені — пра Кітай.
Сярэдняя Азія вельмі занепакоеная тым, што супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю можа прывесці да санкцый, таму многія кампаніі сталі значна больш асцярожнымі ў адносінах з імі. Не думаю, што далучэнне да ШАС зможа нейкім чынам на гэтую сітуацыю паўплываць.
Калі кажуць пра росквіт і прарыў — значную частку краін, якія ўваходзяць у ШАС, нельга назваць паспяховымі з пункту гледжання і эканомікі, і чалавечага развіцця. Таджыкістан, Пакістан, Кыргызстан — вельмі праблемныя краіны, і іх далучэнне да гэтага клубу ніякім чынам не прывяло да росквіту.
Глядзіце таксама
![Навошта Кітаю Беларусь і Лукашэнка? «У Кітая ёсць падставы падтрымліваць Лукашэнку, але няма прычын сур'ёзна ўкладвацца ў краіну»](/img/v1/images/_pekin___kitaj___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Так што дамаўляцца пра пэўныя візіты, кантакты, праекты на пляцоўцы ШАС можна, але гэта хутчэй пабочны эфект ад удзелу ў арганізацыі, а з пункту гледжання самой місіі і ідэі, карыснага для Беларусі функцыяналу не бачна.
— На вашу думку, ці можа быць уваходжанне ў ШАС для Беларусі спробай крыху зменшыць залежнасць ад Расіі за кошт збліжэння з Кітаем?
— Так, канешне. Гаворка не толькі пра Кітай — гэта ўвогуле размыванне аднаго вектару, які быў амаль цалкам расійскім. Таму гэты крок можна разглядаць у больш шырокім кантэксце — як дыверсіфікацыю знешняй палітыкі. Мяркую, такое памкненне таксама закладзена.