Амністыя як гістарычная няўмольнасць
Мы багата разоў казалі: хто б не прыйшоў на змену Лукашэнку, нават калі гэта будзе «Лукашэнка 2.0», ён павінен будзе прымаць рашэнне пра дэмакратызацыю і вызваленне палітвязняў. І цяпер відавочна: рэжым прыціснула настолькі, што ён вымушаны абвяшчаць нейкую «амністыю» і хваліцца «гуманізмам», не чакаючы змены асобы правадыра.
Зараз будзе багата інсінуацый. З аднаго боку, улады і прапагандысты будуць казаць пра «гуманізм». Але насамрэч, ніякага гуманізму тут няма. Які можа быць гуманізм у тых варунках, калі людзей пасадзілі ні за што, давялі іх стан здароўя да крытычнага, а цяпер адпускаюць? Пры гэтым адпускаюць з невядомай фармулёўкай і невядомымі абмежаваннямі. Пры гэтым, адпускаючы адных, працягваюць катаваць іншых, як Паліну Шарэнду-Панасюк, якую запусцілі па «коле» 411-га артыкулу.
Нагадаем для тых, хто не ведаў пра палітвязняў і рэпрэсіі да 2020-га: 411 артыкул КК Беларусі называцца «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», і па ім чалавека можна асуджаць на год ці два зняволення бясконцую колькасць разоў. А «непадпарадкаваннем» у калоніі можа быць незашпілены гузік альбо «не так прышытая» бірка. Карацей, абвясціць «непадпарадкаваннем» можна ўсё, што заўгодна, і на гэтай падставе трымаць чалавека ў турме бясконца.
Таму праваабаронцы выступалі за скасаванне гэтага артыкула.
Ну і, канешне, ні пра які «гуманізм» не можа ісці гаворка, калі штодня набіраюць новых палітвязняў, новых «закладнікаў». У той час, калі з’явілася інфармацыя пра амністыю і вызваленне па ёй чатырох палітвязняў, праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек. Ці ёсць тут «гуманізм»?
Канешне, шмат хто будзе звязваць вызваленне часткі палітвязняў і гэтую «недаамністыю» з прыходам назад ва ўладу Наталлі Пяткевіч. Маўляў, гэта яна, пабыўшы ў ЗША і ведаючы тамашнія «расклады» пачала сваю дзейнасць з акту «гуманізму». А значыць, яна будзе архітэктарам новай адлігі, і гэтак далей, далей, далей…
На жаль, гэтая версія таксама не мае пад сабою асаблівага грунту. Пяткевіч прыйшла ва ўладу зноў толькі пару тыдняў таму. Законапраект пра амністыю рыхтавалі не менш як за тры месяцы — задоўга да з’яўлення Пяткевіч. І вось гэта азначае шмат што.
Найперш, сто разоў згаданае «санкцыі не працуюць». І законапраект аб амністыі, і чарговы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі распрацоўваліся адначасова. І ў тым, што гэты пакет санкцый быў уведзены раней за амністыю, вінаватае найперш нашае Міністэрства замежных спраў. Якое настолькі звыкла, што ў нас няма замежных спраў, што нават не паспрабавала звязацца з еўрапейскімі калегамі і папярэдзіць іх пра амністыю: маўляў, не спяшайцеся, не ўводзьце санкцыі, у нас тут будзе падзея…
Па-другое, уключэнне ў амністыю хоць якіх «палітычных» — гэта шчаўчок па носе «сілавікам». Прычым, не агулам «сілавікам», а перш за ўсё КДБ і ГУБАЗІКу — вайскоўцы пад гэты «шчаўчок» не трапілі. Імаверна, ва ўладзе большае колькасць тых, хто асэнсоўвае: бясконцыя рэпрэсіі загналі краіну ў тупік. Сёлетняя амністыя можа быць умоўнай спробай сілаў фракцыі «голубаў», якіх імаверна, становіцца больш. Настолькі, што іх вага ў меркаванні па амністыі перавесіла вагу МУС і КДБ.
Ну і, канешне, не варта не заўважаць выбары 2025 года. Напэўна, ва ўладзе імкнуцца паспрабаваць правярнуць фінт вушамі 2015-га: калі пасля разгрому апазіцыі ў 2010-2011 гадах былі праведзеныя адносна «свабодныя» выбары (прынамсі, амаль нікога пасля іх не пасадзілі), і за гэта з Лукашэнкі знялі «санкцыі 2010 года».
Але гэтым разам правярнуць такі «гуманітарны фінт» будзе складана. Бо ў 2011-м ЕС і ЗША ўводзілі санкцыі менавіта за парушэнне правоў чалавека, фальсіфікацыю выбараў і палітычныя рэпрэсіі. Адносна мірныя «выбары» 2015 года і адсутнасць палітвязняў дазволілі ўладзе казаць, што сітуацыя ў гэтай галіне «нармалізавалася».
Цяпер жа ЕС і ЗША ўводзілі санкцыі не толькі і не столькі за палітычныя рэпрэсіі, колькі за іншыя дзеянні: за прымусовую пасадку самалёта Ryanair, за стварэнне і падтрымку мігранцкага крызісу на межах з ЕС, за саўдзел у вайне з Украінай… І рэпрэсіі — толькі адзін са складнікаў гэтых санкцый. Таму ціск, у тым ліку санкцыйны, застанецца, нават нягледзячы на «амністыю» і тое, як пройдуць прэзідэнцкія выбары 2025 года.
Да таго ж перад выбарамі 2015 года ў краіне не засталося палітвязняў: апошнімі ў жніўні 2015 года (выбары былі ў кастрычніку) былі выпушчаныя па памілаванні Лукашэнкі Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Юрый Рубцоў, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч.
Ці вызваляць усіх да выбараў-2025? Гэта вельмі сумнеўна. І з-за колькасці палітвязняў, і з-за іх вялізных тэрмінаў па 15-20 гадоў. Асабліва гэта тычыцца «рэйкавых партызанаў». Іх, напэўна, можна толькі абмяняць, як абмянялі затрыманых па справе падрыву расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах.
Ёсць яшчэ адно цікавае супадзенне: «лібералізацыя» ў выглядзе Пяткевіч і амністыі адбываецца адначасна са згадкамі пра тое, што Лукашэнка не выканаў пагадненне з Пуціным па транзіце ўлады, і што Расія ад гэтых пагадненняў не адмаўляецца.
У той жа час Беларусь уступіла ў ШАС. Удзельнікі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) на саміце ў Астане 4 ліпеня падпісалі дакумент, згодна з якім Беларусь стала паўнапраўным удзельнікам арганізацыі.
Па сутнасці, для Беларусі ШАС — гэта яшчэ адна пляцоўка, дзе Лукашэнка можа сустрэцца з Пуціным і Сі Цзіньпінам. Больш яна для краіны ні да чаго не прыдатная.
Але калі разглядаць згаданыя падзеі агулам, то можа скласціся ўражанне, што Лукашэнка зноў вырашыў пашукаць сабе іншага гаспадара. Ён хоча ўскочыць альбо ў перамовы з Захадам, альбо ў «парасончык» ШАС у спадзяванні, што таварыш Сі абароніць яго ад спадара Пуціна. Карацей, падаецца, што Лукашэнка імкліва шукае шчыліну, у якую можна прасачыцца з-пад уплыву Расіі. Нягледзячы на тое, што справа гэтая здаецца марнай.
Тым не менш: чаму б не паспрабаваць?
Але галоўная выснова з падзеі тыдня — усё ж гістарычная наканаванасць амністыі. Ні ў каго няма сумневу, што «гуманнасць» і «Лукашэнка» — словы з розных моваў. Амністыя, хутчэй за ўсё, крок для Лукашэнкі змушаны. І тут пытанне не толькі ў тым, ШТО яго змусіла гэта зрабіць. Пытанне ў жыццяздольнасці таталітарнай сістэмы ў прынцыпе.
На 30 гадоў аўтарытарызму Лукашэнкі хапіла, а вось ператварэння ў поўны таталітарызм сістэма не вытрымлівае. Яна вымушаная змякчацца пад ціскам: знешнім ці ўнутраным. Проста таму, што час дыктатуры сыходзіць.