Сяргей Навумчык: Бізнес, ніякай гуманнасці
Цяперашняе вызваленне палітвязняў – ніякая не міласэрнасць. Палітык і журналіст Сяргей Навумчык разважае пра матывы, якімі кіравалася ўлада, што выпусціла на волю асобных палітвязняў.
Разумею тых, хто не ўспрыняў словы праваабаронцы і прадстаўніцы Аб'яднанага кабінэту Вольгі Гарбуновай пра вызваленьне палітвязьняў як пра праяву «імкненьня да міласэрнасьці» (якая там міласэрнасьць у рэжыму?).
Але разумею і саму Вольгу.
Перакананы, Гарбунова ня горш за ўсіх нас усьведамляе неадпаведнасьць сваёй фразы рэаліям, але гэта сказана сьвядома, у спадзяваньні вырваць з катавальняў хаця б яшчэ некалькі чалавек, ды хоць бы аднаго. Гэта, бясспрэчна, высакароднае памкненьне.
І з кім-небудзь такія словы ад прыкметнай апанэнткі – спрацавалі.
Прыгадаем, як у пачатку 80-х, калі акадэмік Сахараў абвясьціў у Горкім бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем выпусьціць на Захад сваю нявестку, сусьветныя лідэры зьвярталіся да Брэжнева з заклікам уратаваць жыцьцё акадэміка, прыводзілі прагматычныя аргумэнты – безвынікова. Але калі акадэмік Капіца напісаў Брэжневу асабісты ліст з просьбай аб усяго толькі міласэрнасьці – генсек даў загад, і КГБісты, сьцяўшы зубы, былі вымушаныя яго выканаць.
З Лукашэнкам такое не праходзіць. У канцы 90-х я напісаў адкрыты ліст да Лдукашэнкі з заклікам вызваліць Паўла Севярынца і яшчэ некалькіх «маладафронтаўцаў»; пазьней з заклікам да міласэрнасьці адносна ўжо іншых палітвязьняў зьвяртаўся да яго яшчэ адзін былы калега па Вярхоўным Савеце, Лявонці Зданевіч. Здаецца, пісалі і іншыя колішнія дэпутаты, якія ў свой час былі з Лукашэнкам на «ты».
Ніякага выніку гэта ня мела. Акрамя хіба што, прачытаўшы нашыя лісты, ён задаволена ўсьміхнуўся: «А, прыйшлося ўсё ж прасіць ненавіснага вам Сашу!».
Прызнаюся, што і мы асабліва не разьлічвалі на міласэрнасьць, проста хацелі скарыстаць мізэрны шанец, калі б ён быў.
Той, хто, як я, ведае Лукашэнку амаль 35 гадоў, пацьвердзіць: у гэтага чалавека няма ні спагады, ні міласэрнасьці. Часам думаеш, што Лукашэнка – гэта канцэнтрацыя зла, дʼябал, скінуты на зямлю.
Скажу болей: значная частка дзеяньняў Лукашэнкам робіцца не на падставе нейкіх палітычных ці іншых прагматычных разьлікаў, а менавіта ў якасьці замяшчэньня псыхічных комплексаў, як рэалізацыя чалавечых (дакладней антычалавечых) якасьцяў, найперш нейкай бясконцай помсьлівасьці.
Здавалася б, ты пасадзіў тых, хто выступіў супраць цябе на 20, на 15, на 10 гадоў – ну што яшчэ болей? А вось ёсьць: трэба яшчэ, каб цягам усіх гэтых гадоў іх катавалі, каб зьнішчалі здароўе, каб зьдзекаваліся. І ня толькі над імі, але і над іх роднымі.
Пра катаваньні і зьдзекі ў турмах няспынна пішуць незалежныя журналісты, Лукашэнка мае рэгулярны рэліз незалежнай прэсы, любы іншы на ягоным месцы сказаў бы – «Хопіць!».
Не, яму – ня ня хопіць. Яму трэба, каб гэта цягнулася бясконца, каб пакутаваў (пажадана фізычна, а калі немагчыма – дык псыхалягічна) кожны, хто пасьмеў хоць на сэкунду ўсумніцца ў ягоным бязьмежным праве бязьмежна валодаць усімі.
Мяне толькі ўражвае, што некаторыя выказваюць зьдзіўленьне тым, што робіцца. Паслухайце, ён яшчэ ў 1995 годзе адкрыта заявіў, што ягоны эталон – гэта «нямецкі парадак пры Гітлеру». Калі і зьдзіўляцца, дык таму, што пакуль няма газавых камэраў (у крэматорыі апанэнтаў Лукашэнкі, калі верыць паказаньням былых спэцназаўцаў, ужо спальвалі).
Цяперашняе вызваленьне палітвязьняў – ніякая не міласэрнасьць; міласэрнасьцю быў бы выхад на свабоду ўсіх больш як двухсот палітвязьняў, стан здароўя якіх прызнаны несумяшчальным з пазбаўленьнем волі.
У падставе вызваленьня ляжыць выключна прагматычны разьлік. І, я думаю, не разьлік на «замірэньне» з Захадам (Пуцін яму башку адарве за такое), а загад з Пэкіну: закрыцьцё Польшчай межаў пагражае транзыту з Кітаю ў ЭЗ.
Бізнэс, ніякай гуманнасьці.