Лукашэнка — ШАС: Чым тут можа дапамагчы Кітай?
Улады Беларусі спадзяюцца, што калі яны стануць паўнапраўным чальцом Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), Мінск пашырыць экспарт у краіны-ўдзельніцы арганізацыі і атрымае дадатковыя гарантыі бяспекі. Ці так гэта — высвятляла «Нямецкая хваля».
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб далучэнні Беларусі да 22 міжнародных дагавораў у межах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Закон, прыняты ў працэсе атрымання статусу дзяржавы-чальца гэтай арганізацыі, у чацвер, 13 ліпеня, быў размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пакуль шлях на захад Мінску закрыты, беларускія ўлады спрабуюць прыадчыніць дзверы на ўсход — прынамсі, пра гэта заявілі апытаныя «DW» эксперты.
І хоць уступленне ў ШАС выглядае як дыпламатычная перамога РБ, па іх ацэнках, Лукашэнку не варта разлічваць на прадастаўленне эканамічнай дапамогі ў рамках арганізацыі і закупкі зброі па льготнай цане ў яе ўдзельнікаў.
Лукашэнка дамогся прызнання
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва была заснавана 15 чэрвеня 2001 года лідарамі Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Яе папярэднікам з'яўлялася «Шанхайская пяцёрка», створаная пасля падпісання пагадненняў аб умацаванні даверу ў ваеннай галіне і аб узаемным скарачэнні ВС у раёне межаў.
Неўзабаве дзейнасць ШАС атрымала і эканамічнае вымярэнне, цяпер у арганізацыю акрамя дзяржаў-заснавальнікаў уваходзяць яшчэ Індыя, Іран і Пакістан. Чакаецца, што ў пачатку 2024 года Беларусь, у якой пакуль статус назіральніка, стане яе паўнапраўным чальцом.
Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра новых ідэй Павел Мацукевіч у сувязі з гэтым адзначае, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва — зручная пляцоўка для Аляксандра Лукашэнкі, дзе ўсе дзяржавы прызнаюць яго легітымнасць, пакуль на Захадзе яго не лічаць абраным прэзідэнтам.
«На палях ШАС Лукашэнка адчувае сябе роўным сярод сусветных лідараў, паколькі сябрамі арганізацыі з'яўляюцца чатыры дзяржавы, якія валодаюць ядзернай зброяй, — адзначыў суразмоўца ў каментары «Нямецкай хвалі».— Прызнанне на такім узроўні — гэта спроба паказаць, што Беларусь усё яшчэ суверэнная дзяржава, і Лукашэнка па-ранейшаму спрабуе захаваць шматвектарнасць. Балансаваць паміж Расіяй і Захадам ён больш не можа, таму спрабуе здабыць новую апору — перш за ўсё ў асобе КНР».
Палітолаг Роза Турарбекава нагадвае, што ўсходні вектар — не новы ў палітыцы Мінска, і пакуль не бачыць вялікага прарыву ў гэтым кірунку: «З ідэалагічнага пункту гледжання гэта выглядае як перамога рэжыму — прызнанне Лукашэнкі на міжнародным узроўні. Але пакуль асноўныя страты з-за (заходніх. — Рэд.) санкцый кампенсуюцца на расійскім рынку». Між тым доля ў беларускім экспарце тавараў, якія адпраўляюцца ў Кітай, расце: 4,7% было ў 2022 годзе, годам раней — 2,2%. Але вынік узаемнага гандлю не на карысць Мінска — адмоўнае сальда ў 2022-м было каля 1,5 мільярдаў долараў.
Ці зможа Беларусь прарвацца на новыя рынкі?
Беларускія ўлады, калі вырашылі ўступіць у ШАС, акрамя палітычных мэт, відавочна, чакаюць росту свайго экспарту ў іншыя краіны Азіі, якія ўваходзяць у гэтую арганізацыю. Ужо цяпер 70% беларускага тавараабароту прыпадае на дзяржавы-чальцы ШАС. А лідзіруюць сярод гандлёвых партнёраў Мінска Расія і Кітай.
«У ШАС вялікі эканамічны патэнцыял, адна з заяўленых мэт арганізацыі — стварэнне зоны свабоднага гандлю, — працягвае Мацукевіч. — Краіны, якія ўваходзяць у арганізацыю, могуць купіць усё, што вырабляе Беларусь. У прыярытэце — калійныя ўгнаенні, сельгаспрадукцыя. Уступленне ў ШАС можа вырашыць і лагістычныя праблемы, напрыклад, доступ праз Іран да гандлю з краінамі Афрыкі».
Пры гэтым Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва не дае эканамічнай дапамогі, нагадвае Турарбекава. Нядаўна прэзідэнт Казахстана раскрытыкаваў ШАС, панаракаўшы, што за 20 гадоў існавання ёй не ўдалося рэалізаваць ніводнага буйнога эканамічнага праекта. У арганізацыі, дадае палітолаг, няма механізмаў фінансавага суправаджэння праектнай дзейнасці, свайго інвестыцыйнага фонду.
«ШАС варта разглядаць як пляцоўку, куды Лукашэнка зможа прыехаць, каб абмеркаваць свае інтарэсы. Гэта значна прасцей, чым арганізаваць асабісты візіт у Кітай або Індыю, — тлумачыць Турарбекава ў гутарцы з «DW». — Само па сабе сяброўства не забяспечыць Беларусі ні крэдытаў, ні росту экспарту. Па кожнай пазіцыі трэба будзе дамаўляцца асобна з кожнай краінай».
Ці атрымае Лукашэнка зброю ад Кітая?
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва не з'яўляецца і ваенным альянсам, хоць прадстаўнікі яе краін-удзельніц рэгулярна ўдзельнічаюць у сумесных антытэрарыстычных вучэннях. З 2024 года да іх далучыцца і Беларусь.
Што тычыцца паставак узбраенняў, то чальцы ШАС, на думку Розы Турарбекавай, будуць кіравацца сваімі бізнес-інтарэсамі: «Бясплатна ніхто не дапаможа Беларусі. Нават АДКБ, як мы бачым па Арменіі, не спяшаецца на дапамогу. У вайсковай галіне Лукашэнка па-ранейшаму можа разлічваць толькі на Расію». Аднак Мінск, паводле ацэнак назіральнікаў, здольны выкарыстоўваць досвед Кітая ў сферы інфармацыйнай бяспекі, стварэння так званых «разумных гарадоў» і лічбавага кантролю над грамадзянамі.
«Кітай ужо з'яўляецца асноўным пастаўшчыком абсталявання і тэхналогій для Беларусі пасля ўвядзення санкцый, — падкрэслівае Павел Мацукевіч. — Супрацоўніцтва ў гэтым кірунку будзе працягнута. Мяркую, рэжым не адмовіцца пераняць досвед у тым, як сачыць за грамадзянамі».