Амбасадары краін ЕС узгаднілі новыя санкцыі супраць Беларусі

Бельгія, якая старшынюе ў ЕС, паведаміла, што ў сераду амбасадары Еўрасаюза ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Беларусі. У тым ліку яны закліканыя закрыць прабелы, пры дапамозе якіх Расія абыходзіла еўрапейскія санкцыі, уведзеныя праз агрэсію супраць Украіны.

Будынак Еўракамісіі ў Брусэлі. Фота: Lukasz Kobus/European Commission

Будынак Еўракамісіі ў Брусэлі. Фота: Lukasz Kobus/European Commission

Амбасадары краін Еўрапейскага сяюза ўзгаднілі ў Бруселі ў сераду, 26 чэрвеня, новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Пытанне было тэрмінова вынесенае на парадак дня, паколькі гэта пасяджэнне пастаянных прадстаўнікоў пад кіраўніцтвам Бельгіі, якая старшынюе ў Радзе ЕС, — апошняе. З 1 ліпеня Еўрасаюз па ратацыі ўзначаліць Венгрыя, піша Нямецкая хваля. 

«За апошнія месяцы стала відавочна, што асноўны абыход санкцый (супраць Расіі. — Рэд.) адбываецца праз Беларусь, — звярнула ўвагу журналістаў DW дыпламатычная крыніца ў Бруселі. — Калі мы вялі перамовы аб 14-м пакеце, мы засяродзіліся толькі на Расіі, але застаецца шчыліна, якую неабходна закрыць».

Глядзіце таксама

Паводле слоў дыпламата, у апошнія дні Еўракамісія распрацоўвала пакет санкцый у дачыненні да Беларусі, каб прывесці яго ў адпаведнасць з абмежавальнымі мерамі, прынятымі супраць Расіі.

«Мы разумеем, што гэта вельмі кароткі тэрмін, бо звычайна на гэта патрабуецца некалькі тыдняў. Але, па зразумелых прычынах, пераважная большасць дзяржаў-сябраў палічылі, што мы павінны паспрабаваць паспець да 30 чэрвеня».

Увядзенне новых санкцый у дачыненні да Беларусі актыўна прасоўвае Бельгія. Штрафныя меры, прынятыя на ўзроўні паслоў, могуць зацвердзіць ужо 27-28 чэрвеня на саміце ЕС у Бруселі.

Новыя санкцыі ЕС супраць Беларусі датычацца тавараў двайнога прызначэння

Reuters паведамляе са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў, што новыя санкцыі ЕС супраць Беларусі тычацца тавараў падвойнага прызначэння, такіх, як чыпы для вытворчасці бытавой электронікі.

Паводле інфармацыі агенцтва, санкцыі таксама ўведзеныя супраць вырабаў ваеннага прызначэння і высокатэхналагічных тавараў.

ЕС пачаў уводзіць санкцыі супраць Беларусі яшчэ да расійскага ўварвання. Яны былі звязаныя з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткім здушэннем масавых пратэстаў, якія ўспыхнулі пасля галасавання.

Глядзіце таксама

Са студзеня гэтага года Еўрасаюз працаваў над дадаткам санкцыйных захадаў з тым, каб яны адпавядалі абмежаванням, уведзеным пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, адзначае Reuters.

У дачыненні ж да РФ цяпер дзейнічаюць 14 пакетаў санкцый Еўрасаюза. Апошні з іх быў прыняты 24 чэрвеня.  А новы пакет санкцый супраць Беларусі, які можа быць прыняты днямі, закліканы закрыць прабелы, пры дапамозе якіх Расія абыходзіла еўрапейскія санкцыі, уведзеныя праз агрэсію супраць Украіны.

Як кажуць суразмоўцы агенцтва Reuters, з ухваленага дакумента аб санкцыях супраць Беларусі выключылі палажэнне, якое дазваляла экспартаваць праз Еўропу беларускі калій і іншыя сельскагаспадарчыя тавары ў выпадку рэзкіх скачкоў коштаў.

Паводле  www.dw.com, ВВС