Ці з'явіцца на мяжы ЕС з Беларуссю еўрапейскі «жалезны купал» за 2,5 мільярда еўра?
Польшча і краіны Балтыі заклікаюць пабудаваць абарончую лінію ўздоўж мяжы ЕС з Расіяй і Беларуссю.
Польшча, Літва, Латвія і Эстонія заклікалі Еўрасаюз пабудаваць лінію абароны ўздоўж мяжы блока з Расіяй і Беларуссю, каб абараніць ЕС ад вайсковых пагроз і іншых шкодных дзеянняў з боку Масквы, паведамляе ВВС са спасылкай на Reuters.
«Будаўніцтва сістэмы абароннай інфраструктуры ўздоўж знешняй мяжы ЕС з Расіяй і Беларуссю вырашыць вострую і тэрміновую неабходнасць засцерагчы ЕС ад вайсковых і гібрыдных пагроз», — гаворыцца ў лісце лідараў гэтых краін, з якім азнаёмілася агенцтва.
Прапанова будзе абмяркоўвацца на саміце ЕС, які адкрываецца ў Бруселі сёння, 27 чэрвеня.
Пад гібрыднымі пагрозамі маецца на ўвазе спалучэнне ваенных і неваенных, а таксама схаваных і адкрытых сродкаў, у тым ліку дэзінфармацыю, кібератакі, эканамічны ціск і перапраўку мігрантаў праз межы блока.
Некаторыя еўрапейскія дыпламаты ацанілі кошт будаўніцтва такой абарончай лініі ўздоўж 700-кіламетровай мяжы з Расіяй і Беларуссю прыкладна ў 2,5 млрд еўра (2,67 млрд долараў).
Заклік да стварэння лініі наземнай абароны на ўсходняй мяжы Еўрасаюза з'явіўся ў дадатак да ініцыятывы Грэцыі і Польшчы для стварэння сістэмы супрацьпаветранай абароны на ўзор ізраільскага «жалезнага купала», якая каардынавала б разрозненыя сістэмы СПА краін ЕС, піша Reuters.
Нагадаем, як пісаў НЧ, учора, 26 чэрвеня, польскі віцэ-прэм’ер — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, заявіў ў Сейме, што на мяжы Польшчы і Беларусі — не мігранты, якія хочуць атрымаць прытулак у Еўрасаюзе, а “орды бандытаў”. Тады кіраўнік польскага ваеннага ведамства прадставіў у парламенце праект паправак да законаў, якія рэгулююць дзеянні арміі, паліцыі і памежнай службы ў выпадку пагрозы дзяржаўнай бяспецы.
Паводле слоў Касіняка-Камыша, нелегалы “нападаюць на мяжу і спрабуюць атакаваць <…> польскіх жаўнераў і афіцэраў”, яны “падрыхтаваныя і навучаныя гэтаму”.
“Гэта вышэйшы ўзровень гібрыднай вайны, накіраванай супраць Рэспублікі Польшча, вышэйшы ўзровень гэтай вайны, накіраванай сёння супраць бяспекі польскай дзяржавы”, — сказаў ён.
Анджэй Дуда, прэзідэнт Польшчы, пасля перамоваў са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, якія адбыліся ў Кітаі, таксама згадаў беларускую гібрыдную атаку на мяжы і заявіў, што яна кепска адбіваецца на гандлёвым абмене з Кітаем і перашкаджае рэалізацыі праграмы «Адзін пояс, адзін шлях».
Анджэй Дуда, сярод іншага, размаўляў з Сі Цзіньпінем пра міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю ды згадаў забойства польскага жаўнера: «Я гаварыў пра гэта ў кантэксце двухбаковых адносін, якія маем з Кітаем, той палітыкі, якую мы разам рэалізуем гадамі, у прыватнасці з пачатку майго прэзідэнцтва, з 2015 году, гэта рэалізацыя ідэі «Адзін пояс, адзін шлях», у якой Польшча мела быць партнёрам Кітая, такім вакном для Кітая ў Еўропу, не толькі ў нашу частку Еўропы, Цэнтральную Еўропу, але і ў цэлы Еўрасаюз. Таму што ў наш бок ідуць прамыя чыгуначныя лініі з Чэнду, адзін з гэтых чыгуначных шляхоў ідзе праз Украіну, і ён не дзейнічае праз вайну, а другі ідзе праз Беларусь. Вядома, беларуская гібрыдная атака на нашу мяжу, на жаль, моцна ўплывае на магчымасці гандлёвага абмену і перашкаджае ідэі «Адзін пояс, адзін шлях». Я падзяліўся гэтымі фактамі са спадаром старшынёй Сі Цзіньпінам».