Хто і чаму незаконна вывозіць беларускіх дзяцей у Крым?
Ніякай бяспекі цяпер ніхто нікому ў Крыму гарантаваць не можа, і дзецям у «Артэку» таксама. У Крыме здараюцца прылёты, і ўсе гэта ведаюць. І што такога ў «Артэку» робяць з дзецьмі, якія пасля змены ў лагеры прызнаюцца ў любові да Расіі, мараць паступіць у расійскую ВНУ і пачынаюць называць украінцаў нацыстамі, высветліў «Белсат».
![Артэк, 28 ліпеня. У сацсетках "Русский Дом в Минске" паведамляецца, што гэта — "марское свята "Артэк" — акваторыя дружбы" Мерапрыемства прысвечана Дню Ваенна-Марскога флоту Расіі. Фота Расійскага дому ў Мінску» Артэк, 28 ліпеня. У сацсетках "Русский Дом в Минске" паведамляецца, што гэта — "марское свята "Артэк" — акваторыя дружбы" Мерапрыемства прысвечана Дню Ваенна-Марскога флоту Расіі. Фота Расійскага дому ў Мінску»](/img/v1/images/artek.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1723107682&w=528)
Артэк, 28 ліпеня. У сацсетках "Русский Дом в Минске" паведамляецца, што гэта — "марское свята "Артэк" — акваторыя дружбы" Мерапрыемства прысвечана Дню Ваенна-Марскога флоту Расіі. Фота Расійскага дому ў Мінску»
Поўнамаштабная вайна ва Украіне доўжыцца больш за два гады, і ўвесь гэты час з тэрыторыі Беларусі ў акупаваны Расеяй Крым у якасці ўзнагароды за супрацу з Расеяй вывозяць беларускіх дзяцей. Да непаўналетніх пытанняў няма, але хто тыя бацькі беларускіх школьнікаў, якія ідуць на парушэнне закону і гатовыя паступіцца бяспекай свайго дзіцяці?
На месцы знішчаных беларускіх НДА на першы план у Беларусі цяпер выйшлі пракрамлёўскія некамерцыйныя арганізацыі. Адна з самых вядомых – «Расейскі дом», а дакладней дамы. У Беларусі іх тры: «Расейскі дом у Гомлі», «Расейскі дом у Менску» і «Расейскі дом у Берасці» – усе былі адкрытыя як філіялы «Рассупрацоўніцтва».
На тэрыторыі Беларусі «Расейскі дом» у асноўным працуе з моладдзю і прасоўвае інтарэсы РФ: «займаецца фармаваннем пазітыўнага вобразу Расеі» праз правядзенне конкурсаў, канферэнцыяў, навучальных курсаў, выставаў і секцыяў паводле інтарэсаў. Пра рэальную дзейнасць і мэты «Расейскіх дамоў» можна меркаваць паводле інфармацыі ў іх сацсетках.
Беларускіх школьнікаў і студэнтаў актыўна вывозяць у Расею на навучанне і экскурсіі, прапаноўваюць квоты для паступлення ў расейскія ВНУ, зазываюць у Расею на алімпіяды, форумы, у бізнес-школы… З моладдзю працуюць прарасейскія гісторыкі, арганізоўваюцца сустрэчы з чыноўнікамі, якія ў тым ліку прапагандуюць дэманізацыю Украіны. Да прыкладу, ладзяць кінапаказы антыўкраінскага фільму «Ополчёночка» пра вайну на Данбасе, праводзяць конкурсы для «прасоўвання і ўмацавання расейскай мовы». Мяркуючы паводле колькасці праграмаў, грошай на прапаганду расейскіх інтарэсаў у Беларусі вылучаецца дастаткова.
Глядзіце таксама
!["Пабедабесіе" небяспечнае для дзяцей «Пабедабесіе» ў садках: Наколькі гэта небяспечна для дзіцячай псіхікі](/img/v1/images/img_3167_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1716479283&w=660)
Як мінімум 35 беларускіх школьнікаў цяпер у Крыме, куды здараюцца прылёты
![Беларускія школьнікі ў «Артэку». Фота: сайт «Расейскага дому ў Менску» Беларускія школьнікі ў «Артэку». Фота: сайт «Расейскага дому ў Менску»](/img/v1/images/artek_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1723108292&w=528)
Беларускія школьнікі ў «Артэку». Фота: сайт «Расейскага дому ў Менску»
Адзін з топавых праектаў «Расейскага дому» для беларускіх школьнікаў – «Большая Перемена». Конкурс уваходзіць у лінейку платформы «Россия – страна возможностей». З 2022 года конкурс зрабіўся міжнародным, і да ўдзелу ў ім актыўна пачалі прыцягваць беларускіх школьнікаў. Генеральным партнёрам конкурсу выступае «Рассупрацоўніцтва». Ужо трэцяе лета запар беларускіх пераможцаў «Большой Перемены» «ўзнагароджваюць» паездкай у «Артэк», які месціцца на тэрыторыі акупаванага Расеяй Крыму. Вязуць, натуральна, праз тэрыторыю РФ.
Апошні раз пра тое, што беларускія школьнікі адправіліся ў «незабыўнае падарожжа ў «Артэк», «Расейскі дом» адсправаздачыўся ў ліпені. Гэтым разам у Крым падлеткаў адпраўляў цэнтральны офіс «Рассупрацоўніцтва» ў Менску. 35 беларускіх школьнікаў адправілі ў лагер як фіналістаў завочнага этапу Усерасейскага конкурсу «Большая Перемена». Каб атрымаць пуцёўку, ім трэба было змантажаваць відэа або распрацаваць сацыяльна значны праект. Усё гэта ў рамках праграмы «Рассупрацоўніцтва» «Здравствуй, Россия!».
А неўзабаве і на сайце самога «Артэку» з'явіліся водгукі, у тым ліку беларускіх дзяцей. Дзівіць тое, што ў абыход усіх этычных нормаў арганізатары не хаваюць нават прозвішчаў дзяцей, якіх, выходзіць, незаконна вывезлі ў Крым.
![Скрын з сацсетак «Расейскага дому ў Менску» Скрын з сацсетак «Расейскага дому ў Менску»](/img/v1/images/artek_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1723108368&w=528)
Скрын з сацсетак «Расейскага дому ў Менску»
Нагадаем, згодна з нормамі міжнароднага права, паўвостраў Крым лічыцца неадʼемнай часткай Украіны. Паводле ўкраінскага заканадаўства, нелегальнае наведванне Крыму (праз РФ) пераследуецца паводле закону. Парушальнікам забараняецца ўезд ва Украіну на тэрмін да трох гадоў.
«Мяне перапаўняюць эмоцыі! Пачынаючы з кастрычніка 2023 года я дамагаўся гэтай мэты, і вось я стаўся пераможцам. Я пазнаёміўся з аднадумцамі, здабыў новых сяброў, атрымаў новы досвед і веды. Хочацца выказаць вялікую падзяку ўсім, хто дапамагаў мне і верыў у мяне!» – працытавалі на сайце «Артэку» словы непаўналетняга Аляксея Х. з Менску 22 ліпеня. Сама ж змена ў лагеры стартавала 18 ліпеня.
Аказалася, што ў той жа дзень улады акупаванага Крыму заявілі пра самую масіраваную атаку з боку ЗСУ. Гэта здарылася ў ноч на 18 ліпеня: былі зафіксаваныя адразу 33 беспілотнікі, паралельна ішла атака з выкарыстаннем безэкіпажных катараў. А перад гэтым, 25 чэрвеня, на пляж у Севастопалі ў акупаваным Крыме ўпалі абломкі ракеты, у выніку чаго чатыры асобы загінулі, больш за 150 атрымалі раненні.
«Вучаць ненавідзець Украіну і любіць Расею»
Усяго, як паведамляецца, гэтым разам у Крым адвезлі больш за 900 школьнікаў з краінаў, у якіх працуе «Рассупрацоўніцтва». Няўжо бацькоў, якія адпраўляюць сваіх дзяцей у «Артэк», наогул нічога не бянтэжыць?
Дарэчы, знайсці старонкі бацькоў беларускіх «артэкаўцаў» было нескладана. На сайце «Расейскага дому ў Гомлі» напісаныя і прозвішчы дзяцей, і нават школы, у якіх яны вучацца. Да прыкладу, вядома, што цяпер у «Артэку» прысутнічаюць дзеці з салігорскай школы № 11. А ў ліку фіналістак расейскага конкурсу – дзве школьніцы з Гомля. Іхнае фота разам з дыпломамі [а ў іх упісаныя прозвішчы. – Заўв. рэд.] урачыста размясцілі ў тэлеграм-канале «Русский дом в Гомеле». На пытанні аб тым, ці не баяцца бацькі за бяспеку сваіх дзяцей і што думаюць аб парушэнні міжнароднага заканадаўства, ніхто з іх не адказаў, хоць паведамленні прачыталі.
![Скрын з тэлеграм-каналу «Русский дом в Гомеле» Скрын з тэлеграм-каналу «Русский дом в Гомеле»](/img/v1/images/ruski_dom.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1723108431&w=528)
Скрын з тэлеграм-каналу «Русский дом в Гомеле»
З гэтымі ж пытаннямі мы паспрабавалі дагрукацца і ў сам «Расейскі дом», але там нас праігнаравалі. Удалося пагаварыць з мамай навучэнца той самай салігорскай школы № 11. Праўда, пазіцыя ў яе зусім іншая.
«Дзеці ні ў чым не вінаватыя. Іх лёгка апрацаваць, чым, уласна, школа і займаецца, – распавядае Лілія [імя жанчыны змененае. – Заўв. рэд.]. – Калі дзяцей агітуюць на гэтыя праграмы, ім распавядаюць, што яны будучыня краіны, што ў іх будзе магчымасць вучыцца ў найлепшых ВНУ, зрабіцца элітай. Там жа праводзяць антыўкраінскую прапаганду: кажуць, што гэта нацысты, якія хочуць нас знішчыць. Усе спадзяванні на тое, што ў дзяцей разумныя бацькі і ўдома яны з імі пагавораць. Бацькі гэтых дзяцей-пераможцаў таксама замбаваныя. Зразумела гэта стала на бацькоўскім сходзе ў канцы года. Іх перакананні: «Расея нас ратуе», «Крым – законная тэрыторыя Расеі», «удзел у расейскай праграме – светлая будучыня для дзіцяці». А калі кажаш ім пра тое, што прылёты ёсць і ў Крыме, і што толькі летась мост у Крыме, праз які дзеці вяртаюцца дадому, узрывалі некалькі разоў, яны пачынаюць ледзь не пагражаць міліцыяй. Спрачацца і пераконваць бессэнсоўна».
«Лагер ператварыўся ў цэнтр апрацоўвання дзяцей»
Дарэчы, пра тое, якім чынам гарантуецца бяспека дзяцей, якіх адправілі ў «Артэк», у сацсетках «Расейскага дому» няма ні слова. Там наогул ні слова пра вайну. Магчыма, хоць неяк пераканаць бацькоў дапамогуць словы былой працаўніцы «Артэку», з якой нам удалося пагутарыць.
![Удзельнікі праграмы «Здравствуй, Россия!» у «Артэку». Фота: сайт «Расейскага дому ў Менску» Удзельнікі праграмы «Здравствуй, Россия!» у «Артэку». Фота: сайт «Расейскага дому ў Менску»](/img/v1/images/artek_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1723108259&w=528)
Удзельнікі праграмы «Здравствуй, Россия!» у «Артэку». Фота: сайт «Расейскага дому ў Менску»
Жанчына звольнілася з лагеру адразу пасля пачатку ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну, але вельмі добра дасведчаная аб тым, што адбываецца ў лагеры цяпер.
«Калі раней «Артэк» сапраўды быў крутым і працаваць там было прэстыжна, то пасля 2014 года працаўнікоў з галавой на плячах там заставалася ўсё меней, – распавядае Алеся. – Свядомыя моўчкі рабілі сваю справу, хавалі сваю пазіцыю, тады яшчэ не прымушалі актыўна выказваць падтрыманне Расеі. Усё рэзка змянілася пасля пачатку вайны. Усіх працаўнікоў праверылі на вернасць. А нязгодных проста прыбралі. З таго часу кантралююцца нават сацсеткі працаўнікоў «Артэку» – кожнага на аватарку абавязалі паставіць сцяг Расеі. Кажуць нават, што трэба пісаць у статусах».
Глядзіце таксама
![Карнавальныя касцюмы войскаў РФ, якія можна набыць у Беларусі «Свята ўсё ж, каго хаваем?». Карнавальныя касцюмы для маленькіх акупанцікаў](/img/v1/images/vokladka_104.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1718608654&w=660)
Яшчэ ў ліпені мінулага года Вялікая Брытанія ўключыла Міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк» у Крыме ў санкцыйны спіс. Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце брытанскага ўраду.
Згодна з заяваю брытанцаў, «Артэк» «удзельнічаў у дэстабілізацыі Украіны ці пагражаў або падрываў тэрытарыяльную цэласць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны».
Вось яшчэ адна цытата з таго ж дакументу:
«Шматлікія дэпартаваныя дзеці перасяляюцца ў сетку лагераў перавыхавання ў незаконна анексаваным Крыме і на мацерыковай частцы Расеі, дзе яны атрымліваюць арыентаванае на Расею акадэмічнае, культурнае, патрыятычнае і вайсковае выхаванне».
Паводле суразмоўніцы, тое, што адбываецца ў «Артэку» сёння, літаральна шакуе. Маўляў, ад сапраўднай папулярызацыі міру і дружбы народаў нічога не засталося. Лагер ператварыўся ў цэнтр апрацоўвання дзяцей. На лінейках выступаюць людзі са зброяй, да прыкладу, супрацоўнікі Расгвардыі; з дзецьмі праводзяць урокі ідэалогіі, на якіх вучаць ненавідзець Украіну і быць удзячнымі расейскім жаўнерам «за вызваленне». Хлопчыкаў і дзяўчатак вучаць страляць са зброі, спяваць «патрыятычныя» песні. І калі раней большасць дзяцей у лагеры была з Украіны, то цяпер туды наўмысна прывозяць дзяцей з розных краінаў, якія бяруць удзел у праграмах «Рассупрацоўніцтва». Гэта прапагандысцкая машына.
Глядзіце таксама
![Дзецям з Украіны ў РФ мяняюць імёны і аддаюць іх на ўсынаўленне Дзецям з Украіны ў РФ мяняюць імёны і аддаюць іх на ўсынаўленне](/img/v1/images/dzeci_6.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1718260585&w=660)
«На жаль, некаторыя ўкраінцы на вуду «Артэку» таксама павяліся. У прыватнасці, ведаю некалькі гісторыяў з Херсону. Там бацькоў пераканалі, што дзяцей павязуць ад вайны на аздараўленне. Абяцалі на два тыдні. А калі прыйшоў час вяртаць дзяцей, сувязь з завучам школы, якая была адказная за аздараўленне, проста знікла, – распавядае суразмоўніца. – Дзеці тэлефанавалі і казалі, што ім раяць не вяртацца дадому. Кажуць, што там небяспечна і трэба заставацца ў Расеі. Некаторых дзяцей перавялі ў іншыя лагеры, і там яны «падвіслі» на паўгода. Выбрацца ў Крым у іх бацькоў магчымасці проста не было. Гэта быў сапраўдны жах».
Са словаў Алесі, у яе ёсць звесткі, што спачатку ў лагеры да ўкраінскіх дзяцей ставіліся добра, а потым пачалі прымушаць рабіць тое, чаго яны не хацелі. Да прыкладу, прымушалі прыбіраць марское ўзбярэжжа перад прыездам іншых дзяцей. На лінейках прымушалі спяваць гімн Расеі, а калі прыязджала кіраўніцтва з Масквы, папярэджвалі, каб дзеці надзявалі самае прыгожае адзенне і разам з астатнімі дзецьмі з іншых краінаў спявалі патрыятычныя расейскія песні і казалі, што да іх добра ставяцца.
«Што тычыцца бяспекі, то ніякай бяспекі цяпер наогул ніхто нікому гарантаваць не можа. У Крыме здараюцца прылёты, і ўсе гэта ведаюць», – упэўненая суразмоўніца.
Глядзіце таксама
![Расійскія цацкі, прысвечаныя «спецаперацыі», якія можна набыць у Беларусі «Дастаўляем цішыню ў любы пункт свету». Маленькія падарункі для маленькіх тэрарысцікаў](/img/v1/images/_armejski_rebus__pra_rasijskih_akupantau.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1717500363&w=660)
Надзея Вольная, «Белсат»