«Свята ўсё ж, каго хаваем?». Карнавальныя касцюмы для маленькіх акупанцікаў
Нядаўна мы распавядалі пра трэндавыя цацкі для расійскіх дзяцей — канструктары з носьбітамі ядзернай зброі, лагапедычныя настольныя гульні, прысвечаныя расійскай арміі, і іншыя цацкі, каб стаць прафесійным акупантам з юных гадоў. Паглядзім, якія святочныя касцюмы можна знайсці на папулярных у Беларусі маркетплэйсах.
Нельга не адзначыць, што выкарыстанне адзення ў выглядзе формы Чырвонай арміі, НКУС, Узброеных сіл РФ, міліцыі, паліцыі, АМАПу і іншых вайсковых ды сілавых структур стала даволі папулярным не толькі на фоне падтрымкі «герояў СВА», якія апошнім часам сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі, але і за некалькі дзесяцігоддзяў да ўварвання ва Украіну. Адпаведныя фота дзяцей у адзенні мінулых ці будучых акупантаў штогод распаўсюджваліся па сеціве, што прыцягвала ўвагу замежных медыя. Форму на расійскіх малышоў апраналі не толькі падчас знакавых дат накшталт 23 лютага і 9 траўня, але і на Новы год, дні народзінаў ці тэматычныя святы — у процівагу чалавекам-павукам і «англасаксаўскай» д’ябальшчыне.
Цяпер ваенная прапаганда ў краіне-аграсарке калі і не працуе на поўную моц, то дакладна працуе годна, што пацвярджаецца павелічэннем попыту і нарастаннем колькасці пазіцый падобных тавараў.
Адкрываем самыя папулярныя ў Беларусі расійскія маркетплэйсы і пераходзім у раздзел «дзіцячыя тавары». Нагадаем, усё гэта можна замовіць і набыць у пункце выдачы ў любым горадзе Беларусі.
У актуальным топе пошуку знаходзіцца поўны камплект абмундзіравання войскаў марской пяхоты УС РФ для дзяцей. У апісанні адзначаецца, што тавар з'яўляецца вельмі добрай рэплікай парадна-выхадной формы марской пяхоты. Касцюм змяшчае берэт, куртку з трыкалорам, чатырма зорачкамі і двума якарамі, цяльняшку, рамень, штаны, пашытыя нібыта з тых жа матэрыялаў, што і ў сапраўдных вайскоўцаў.
«Вельмі шыкоўны камплект адзення, які знойдзецца не ў кожнай краме. Дзякую … (назва маркетплэйса) за тое, што змагла набыць менавіта тут з бясплатнай дастаўкай. Брала для святкавання 9 траўня. Усе былі ў захапленні», — піша пакупнік(ца) ў каментарах. Ёсць і фота распакаванага касцюма на маленькім дзіцяці разам з каротка апісанымі станоўчымі якасцямі тавару: «прыгожы».
Адзначым, што ўсе пакупкі дадзенай пазіцыі зроблены праз год пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Следуем па палаце далей — «касцюм карнавальны Пугаўка Спецназ».
У апісанні адзначаецца, што форма актуальная да розных святаў як ваеннай тэматыкі, так і іншых (Новы год, касцюміраваны дзень народзінаў), пра што мы і пісалі ў самым пачатку. Рост, для якога падыходзіць касцюм — каля 146 см, звычайна гэта дзіцяці да 11 гадоў. Разам з адзеннем у камплекце ідзе бронекамізэлька, граната, чорная бандана.
«Такі касцюм сапраўды спадабаецца тату і дзядулю, асабліва калі яны былі на ваеннай службе. Выдатны варыянт касцюма для пастаноўкі нумароў і падрыхтоўкі віншаванняў да дня Абаронцы Айчыны 23 лютага».
Замовіць такі камплект у Мінску можна за 188,47 BYN.
Яшчэ адзін карнавальны касцюм «Бока Спецназ», але ўжо без атрыбутаў для штурму кватэр «экстрэмістаў» і «замежных агентаў», можна набыць ажно ў чатыры разы танней. У камплекце ідзе берэт з трыкалорчыкам і рамень з жоўтай пластыкавай спражкай. Найбольш падыходзячы ўзрост — 6 гадоў.
Сапраўдны скарб — каталог касцюмаў ад вытворцы «Чароўная карнавалія». У наяўнасці маецца форма дэсантнікаў, танкістаў, лётчыкаў і, самае цікавае, служачых ваенна-марскіх сіл. Гэта капітан, марак, марачок, марачка і пехацінец-марпех. У камплекце капітана сімвалічна адсутнічаюць штаны, пра што вытворца папераджвае на фота тавару вялікімі літарамі. Прыкладна такой жа стыль мае рэальны расійскі капітан пасля ранішняй атакі надводных дронаў, бо з штанамі трымацца на вадзе цяжка!
Водгукаў на гэтую серыю касцюмаў — 196, рэйтынг — 4,6 з 5.0. Зваротная сувязь бацькоў-прыхільнікаў акупантаў вельмі вагаецца: ад дрэннай якасці і жудаснага паху да хіба не найлепшага адзення ў жыцці іх малыша.
«Дзецям настолькі спадабалася, што гатовы спаць у іх! Дзякуй вытворцу за такі цудоўны касцюм марака! Брава, мы ў захапленні, раім усім!».
«Стужкі як на пахавальным вянку. Няўжо вытворца не можа зрабіць касцюм марака "парадны"? Свята ўсё ж. Каго хаваем?».
«Касцюм добры! Унук у захапленні — здымае толькі, калі спаць трэба!».
Практычна да ўсіх водгукаў прымацаваныя фота і відэа дзяцей з мерапрыемстваў у дзіцячых садках, школах, на святах. Ацэнкі з іншых краін, акрамя Расіі, адсутнічаюць. Так выглядае плён працуючай ваеннай прапаганды.
Фота пакупнікоў касцюмаў
У асноўным усе касцюмы прадаюцца без шэўронаў, што прапісана ў апісанні, але нам усё ж такі ўдалося знайсці форму з сімволікай «Z», якую можна замовіць у Беларусі.
Фотаздымкаў дзяцей пад гэтым таварам — 633, водгукаў — рэкордныя 5794. І гэта толькі адна пазіцыя на адным маркетплэйсе.
Фота дзяцей пакупнікоў у «Z»-форме