Белы дом пра Курск: Памятаеце, што РФ атакуе Украіну з гэтага рэгіёну
Прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер заявіла аб тым, што ўкраінскае камандаванне не паведамляла ЗША аб планах вылазкі ў Курскую вобласць і яе мэтах. А Белы дом падтрымлівае дзеянні Украіны па спыненні расійскіх нападаў у рамках «здаровага сэнсу»
Прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер пацвердзіла, што ЗША загадзя не ведалі пра аперацыю ў Курскай вобласці, але адміністрацыя звяжацца з Украінай, каб даведацца дэталі і мэты прарыву. Пра гэта чыноўніца заявіла падчас брыфінгу ў Белым доме ў сераду, 7 жніўня.
Жан-П'ер адмовілася каментаваць, ці выкарыстала Украіна для гэтай атакі амерыканскую зброю, але нагадала, што палітыка ЗША ў забароне нанясення ўдараў за межамі Украіны і РФ застаецца нязменнай.
Пры гэтым Жан-П'ер падкрэсліла, што Украіна мае права абараняцца ад Расіі і дадала, што ЗША працягнуць падтрымліваць Украіну ў яе намаганнях абараніцца ад расійскай агрэсіі.
«Трэба памятаць, што ў гэтым рэгіёне (Курскай вобласці. — Рэд.) знаходзяцца расійскія войскі. Яны там, з гэтага рэгіёну атакуюць Украіну. Пра гэта нельга забываць», — кажа прэс-сакратар Белага дома.
Яна запэўніла, што ЗША працягнуць падтрымліваць Украіну, пакуль яна абараняецца ад расійскай агрэсіі.
«Мы будзем працягваць гэта рабіць. І яны (украінцы. — Рэд.) будуць прымаць меры ў рамках здаровага сэнсу, каб абараніць сябе ад гэтых нападаў», — заявіла прэс-сакратар Белага дома.
Нагадаем, раней у гэтым годзе адміністрацыя Байдэна дазволіла Украіне выкарыстоўваць заходнюю зброю для паразы выключна ваенных мэтаў на абмежаванай частцы прызнанай тэрыторыі Расіі.
Гэта не першая рэакцыя з Вашынгтона на падзеі ў Курскай вобласці за апошні дзень. Раней прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер заявіў, што Украіна не паведамляла ЗША загадзя аб аперацыі ў Курскай вобласці, але Вашынгтон знаходзіцца ў кантакце з Кіевам адносна гэтых падзей.
Прэс-сакратар Дзярждэпартамента Мэцью Мілер таксама пракаментаваў словы Уладзіміра Пуціна пра «маштабную правакацыю».
«Я бачыў заявы ад расійскага ўрада. Тое, што яны называюць гэта правакацыяй, гэта яны хапілі лішняга, улічваючы, што Расія парушыла тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны», — сказаў Мілер.
Дарадца Белага дома ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Кірбі, каментуючы журналістам падзеі ў Курскай вобласці, таксама падкрэсліў, што ўкраінцы павінны «казаць аб сваіх аперацыях», а ЗША не заахвочваюць удары ўнутры Расіі.
Украінскі апазіцыйны дэпутат Ганчарэнка: «Мы спрабуем вярнуць ініцыятыву»
Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны ад апазіцыйнай партыі «Еўрапейская салідарнасць» Аляксей Ганчарэнка даў інтэрв'ю праграме Newshour Сусветнай службы ВВС аб баях у Курскай вобласці. Ён нагадвае, што яго словы не з’яўляюцца пазіцыяй кіраўніцтва Украіны, якое пра тое, што адбываецца пад Курскам, ніяк не выказваецца ўжо другі дзень.
«З ваеннага пункту гледжання мы спрабуем вярнуць ініцыятыву. Таксама Расіі цяпер трэба адпраўляць войскі ў гэты рэгіён, што, як можна спадзявацца, паменшыць іх атакі на ўсходнюю Украіну», — сказаў Ганчарэнка ВВС.
Таксама, на думку палітыка, рэйд у Курскай вобласці — гэта яшчэ і сігнал для заходніх саюзнікаў Украіны: «Мы паказваем свету, што свету не варта баяцца эскалацыі або рэакцыі Пуціна. Рэакцыі няма. Упершыню з Другой сусветнай вайны расійская тэрыторыя акупаваная, а Пуцін не ўзяўся за ядзерную зброю».
Паводле www.holosameryky.com, ВВС