895-ты дзень вайны: УСУ, калі верыць заяве Мінабароны РФ, прарывалі мяжу ў Курскай вобласці
РФ нанесла чарговы ўдар па Харкаву, 8 чалавек пацярпелі, сярод іх дзіця. Мінабароны РФ заявіла, што УСУ з 8 раніцы сіламі да 300 чалавек пры падтрымцы 11 танкаў і 22 браніраваных машын нібыта атакавалі расійскія пазіцыі ў Курскай вобласці. Войскі прыкрыцця мяжы РФ разам з пагранічнымі войскамі адбівалі атакі, у раён сутыкнення накіраваліся рэзервы, дадалі ў Мінабароны РФ. Украінскі бок гэта не каментуе.
«Іскандэр» трапіў у цэнтр Харкава
Сёння, 6 жніўня, каля 10-й гадзіны расіяне нанеслі ўдар па цэнтральным раёне Харкава. Мэр горада Ігар Церахаў адзначый, што праціўнік нанёс удар па шчыльнай жылой забудове, з-за чаго пачаўся пажар.
У выніку трапляння ракеты тыпу «Іскандэр» у Шаўчэнкаўскі раён ужо вядома пра восем пацярпелых, сярод іх дзіця, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram кіраўніка Харкаўскай АВА Алега Сінягубава.
Як адзначае Сінягубаў, медыкі аказалі дапамогу як мінімум пяці пацярпелым мірным жыхарам. Дзве жанчыны шпіталізаваныя, астатнім дапамога аказаная амбулаторна.
«Пашкоджаныя паліклініка, аўтамабілі і іншыя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры. На месцы працуюць праваахоўнікі, якія фіксуюць чарговае злачынства акупантаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Паліцыя паведаміла, што ў выніку абстрэлу пацярпелі восем мірных жыхароў: шэсць жанчын, мужчына і васьмімесячнае дзіця.
- Расія абстрэльвае Харкаў
Раней паведамлялася, што пасля поўначы 6 жніўня ў Харкаве прагрымела серыя выбухаў з-за расійскіх абстрэлаў. Мэр Ігар Церахаў заявіў тады, што ў горад можа быць «прылёт» і пазней.
Расіяне цягам дня сёння, 6 жніўня, неаднаразова атакавалі Херсон з беспілотнікаў. У выніку нападаў расійскіх дронаў загінуў жыхар Берыслава, параненыя двое жыхароў Станіслава і адзін жыхар Белазёркі.
Варта адзначыць, што горад і вобласць сістэматычна церпяць ад расійскіх абстрэлаў з розных відаў зброі.
«Важныя гісторыі» знайшлі ў спісах ваеннапалонных больш за 60 салдат, якіх Мінабароны Расіі абвясціла загінулымі
А сваякам, якія атрымлівалі «парэшткі» сваіх блізкіх, не рэкамендавалі адкрываць труны
У сакавіку 2024 года ў спісах расійскіх ваеннапалонных, прызначаных для абмену, аказаліся імёны 64 чалавек, якіх Мінабароны Расіі да гэтага абвясціла загінулымі або зніклымі без вестак, высветлілі «Важныя гісторыі».
Многіх з салдат, як піша выданне, сваякі ўжо паспелі «пахаваць»: Мінабароны дасылае сваякам закрытыя цынкавыя труны, якія не рэкамендуе адкрываць, а экспертызу ДНК не дае.
У якасці прыкладу журналісты прыводзяць гісторыю расійскага вайскоўца Алега Фарніева, старшага лейтэнанта. Яго бацька вясной 2023 года распавядаў, што сын, штурман верталёта, паводле даных Мінабароны РФ, загінуў падчас баявога вылету ў самым пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай. Праз некалькі месяцаў сваякам перадалі парэшткі, а сам вайсковец быў пасмяротна ўзнагароджаны Ордэнам Мужнасці.
У лютым 2024 года імя Фарніева выявілі ў спісе ваеннапалонных, апублікаваным украінскім праектам «Хачу жыць».
Жонка Фарніева, як стала вядома «Важным гісторыям», адразу ж звярнулася па тлумачэнні ў Мінабароны. Паводле яе слоў, падчас пахавання труну адкрываць забаранілі, а вынікі экспертызы ДНК сваякам не паказалі. У Міністэрстве адказалі, што Фарніеў «з годнасцю і гонарам выканаў свой воінскі абавязак» і «пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі».
Яшчэ аднаго расійскага вайскоўца, які лічыўся загінулым, ягоная жонка Вольга пазнала на відэа з палоннымі, апублікаваным восенню 2023 года. Пра тое, што муж загінуў, Вользе паведамілі ў пачатку мая 2023 года. Труну адкрываць ёй, па яе словах, «не тое каб забаранілі, але не рэкамендавалі», паабяцаўшы, што ў труне будзе акенца, якога ў выніку не аказалася. Вынікаў экспертызы ДНК ёй таксама не далі.
Пазней у ПВК «Вагнера», дзе служыў яе муж (ён пайшоў туды добраахвотна), Вольга даведалася, што ён лічыўся не загінулым, а зніклым без вестак. «Мне сказалі, што тых, хто прапаў без вестак, „закрывалі“ [афармлялі] як загінулых. Каб кампанія магла выканаць свае [грашовыя] абавязацельствы перад сем'ямі», — патлумачыла Вольга журналістам.
Цяпер Вольга спрабуе правесці эксгумацыю, паколькі ўпэўненая, што ў труне не яе муж, але яго бацькі выступаюць супраць. Па словах суразмоўніцы «Важных гісторый», яе выпадак — «не разавая сітуацыя», і журналісты ведаюць пра іншыя аналагічныя выпадкі. Так, вядома як мінімум пра шэсць вайскоўцаў, сваякі якіх, што правялі пахаванне ў закрытых трунах, пазней выяўлялі сваіх блізкіх на фота ці відэа з ваеннапалоннымі.
Па словах юрыста па ваенных справах, меркаванне якога прыводзіць выданне, зусім забараніць адкрываць труну Мінабароны Расіі не можа. Аднак калі сваякі на гэта ўсё ж не адважыліся, то дамагчыся эксгумацыі потым практычна немагчыма — у прыватнасці, з-за рызыкі распачацця справы па артыкулах аб здзеку з целаў памерлых або аб пашкоджанні воінскіх пахаванняў, тлумачыць юрыст.
Навіны вайны
- Уладзімір Зяленскі паведаміў, што правёў пасяджэнне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага.
Там было прынятае рашэнне накіраваць дадатковае фінансаванне на ракетную праграму. «Ракет уласнай вытворчасці будзе больш», — анансаваў украінскі прэзідэнт.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі сітуацыю на фронце, асабліва падрабязна — Пакроўскі, Тарэцкі і Харкаўскі кірункі. Сырскі дакладваў па відэасувязі з месца падзей. «Яшчэ адзін даклад міністра абароны Рустэма Умерава — аб насычэнні зброяй і тэхнікай дадатковых брыгад. Актыўна працуем з партнёрамі», — распавёў Зяленскі.
- Украіна не змагла знішчыць дзясяткі расійскіх Су-34 праз забарону ЗША на ўдары па тэрыторыі РФ, піша Forbes.
Выданне высветліла, што ў пачатку лета Расія размясціла дзясяткі знішчальнікаў-бамбавікоў Су-34 на авіябазе Мальшава. Паколькі гэтая база добра абароненая, Украіна прасіла ў ЗША дазволу ўдарыць па ёй ракетамі ATACMS, якія складана перахапіць. Аднак Вашынгтон адмовіў праз боязь эскалацыі вайны.
Расія тым часам перамясціла большасць самалётаў далей ад мяжы з Украінай, што зрабіла іх недасягальнымі для ATACMS.
Наяўнасць знішчальнікаў F-16 не мяняе пазіцыю ЗША датычна удараў па тэрыторыі Расіі, заявіў спікер Дзярждэпартамента Мэцью Мілер: «Мой адказ не змяніўся, а менавіта: мы працягваем глядзець на патрэбы ўкраінскіх вайскоўцаў, ацэньваем сітуацыю з бяспекай і спрабуем рэагаваць на іх патрэбы. І гэта працэс, які адбываецца з самага пачатку і да сённяшняга дня. Такім чынам мы прымаем адпаведныя рашэнні па зброі, якую мы прадстаўляем Украіне, а таксама па абмежаваннях, калі такія ёсць, якія мы накладваем на выкарыстанне гэтай зброі».
- ФСБ заявіла пра «ўзброеную правакацыю» на ўчастку дзяржаўнай мяжы РФ у Курскай вобласці.
У ФСБ сцвярджаюць, што абстрэлам падвергліся памежныя населеныя пункты, а памежнікамі сумесна з пасадамі падраздзяленнямі УС Расіі «прынятыя меры па адбіцці ўзброенай агрэсіі».
Кіраўнік Украінскага Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка заявіў, што расійскія ваенкоры хлусяць аб кантраляванай сітуацыі ў Курскай вобласці, у той час як напраўду «Расія не кантралюе мяжу».
- Ноччу Расія атакавала чатырма балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23 па Кіеўскай вобласці, двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59 і 16 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, паведамілі ў паветраных сілах УСУ.
Збіць атрымалася дзве балістычныя ракеты Іскандэр-М/KN-23, дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 і 15 ударных БПЛА ў Кіеўскай, Херсонскай, Мікалаеўскай і Хмяльніцкай абласцях.
У Кіеўскай вобласці падчас начной атакі абломкамі пашкоджаны шматкватэрны дом, дзве АЗС і офісны цэнтр, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Руслан Краўчанка.
- Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 6 жніўня:
асабовага складу — каля 585 140 (+1050 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8421 (+4), баявых браніраваных машын — 16 294 (+8), артылерыйскіх сістэм — 16 384 (+39), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 13 158 (+36), крылатых ракет — 2420 (+6), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 22 148 (+54), спецыяльнай тэхнікі — 2738 (+1).
Паводле korrespondent.net, www.rbc.ua, meduza.io