Віталь Цыганкоў: Падзеі ў Курскай вобласьці – прыкметны паварот у вайне
Ці захопяць украінцы Курскую АЭС? Аналізуе журналіст Віталь Цыганкоў.
Віталь Цыганкоў: «Тое, што зараз адбываецца ў Курскай вобласьці – гэта не асобная вылазка ўкраінскіх войскаў дзеля інфармацыйнага піяру і стварэньня адпаведнай псіхалагічнай атмасфэры. Гэта значна больш сур’ёзна.
Там не дывэрсійная група, там, як паведамляецца, найлепшыя (элітныя) украінскія брыгады. Яны ўжо занялі прынамсі 11 (на цяперашнюю гадзіну) населеных пунктаў, праніклі на тэрыторыю Расеі на 15 км, і прасоўваюцца далей. Як выглядае на дадзены момант, яны не зьбіраюцца «пашумець» і вяртацца на тэрыторыю Украіны — наадварот, туды перакідваюцца падмацаваньні і сродкі Супрацьпаветранай абароны.
Некалькі паказальных і проста цікавых фактаў.
1.Райцэнтар Суджа, з якога ўжо эвакуююць насельніцтва, і які, магчыма, у найбліжэйшыя дні могуць захапіць украінцы – як паведамляюць украінскія гісторыкі, “З 29 листопада по 27 грудня 1918 року Суджа була столицею радянської України”.
2. Вёска Свердлікава (ці ўжо занятая ўкраінцамі, ці каля таго) – гэта газавая мытня, праз гэтую станцыю праходзіць адзіны працуючы маршрут, па якім ідзе газ, што паступае з Расеі ў Эўропу.
3. Некаторыя расейскія шавіністычныя паблікі пішуць, што мэта ўкраінцаў – не адцягваньне ўвагі з іншых участкаў фронту, а захоп Курскай АЭС. Да яе кіламетраў 60.
4. І так, вішэнька на торце – у наступе на Курскую вобласьць сапраўды ўдзельнічаюць (як сьцьвярджаюць і расейскія, і ўкраінскія крыніцы) часткі украінскага апэратыўнага камандаваньня “Поўнач”, якія раней размяшчаліся на мяжы Украіны з Беларусьсю.
Падзеі ў Курскай вобласьці – прыкметны паварот у вайне, і заўважнае падвышэньне ставак з боку Кіева».
Баі ў Курскай вобласці працягваюцца другі дзень. Украінскія войскі 6 жніўня ўвайшлі ў рэгіён і замацаваліся ў прымежнай зоне. Пуцін назваў прарыў УСУ «маштабнай правакацыяй».
У ходзе баявых дзеянняў і ўкраінскі, і расійскі бакі панеслі страты ў тэхніцы. Паведамлялася, што некалькі вайскоўцаў РФ, у тым ліку тэрміновай службы, маглі трапіць у палон. З пачатку баёў прымежныя населеныя пункты знаходзяцца пад абстрэлам.
Як піша выданне «Медуза», спасылаючыся на сна праваенны тэлеграм-канал «Рыбар», блізкі да Мінабароны РФ, УСУ захапілі газавымяральную станцыю «Суджа», па якой ажыццяўляецца транзіт газу ў Еўропу праз Украіну. Афіцыйна інфармацыя аб захопе станцыі не пацверджана.