897-ы дзень вайны: УСУ праводзяць у Курскай вобласці самую буйную аперацыю на тэрыторыі РФ
Украіна ўвесь гэты час афіцыйна не каментавала сітуацыю ў Курскай вобласці. У той жа час у Дзярждэпартаменце ЗША заявілі, што Кіеў не папярэджваў Вашынгтон аб намерах пачаць аперацыю на тэрыторыі РФ. Афіцыйны ж прадстаўнік Еўрасаюза заявіў, што Украіна мае права на самаабарону, якое ўключае і нанясенне удараў па тэрыторыі ворага.
Зона баявых дзеянняў у Курскай вобласці пашырылася
да 430 квадратных кіламетраў, пішуць расійскія тэлеграм-каналы. Таксама
расійскія паблікі падкрэсліваюць, што УСУ за суткі прарвалі абарончыя
ўмацаванні ў Курскай вобласці, на якія было выдаткавана 15 мільярдаў рублёў.
Bloomberg звяртае ўвагу, што гэта першы выпадак пасля Другой сусветнай вайны, калі войска іншай краіны ўварвалася ў Расію.
Украіна ўзяла пад свой кантроль АЗС «Газпром» пад Суджай — WP
Трэці дзень ідуць баі ў Курскай вобласці. Расіяне сцвярджаюць, што ўкраінскія войскі занялі некалькі прымежных вёсак і частку гораду Суджа.
Нягледзячы на ўсе заявы расіян, афіцыйна пацвердзіць інфармацыю аб захопе тэрыторыяў Украінай пакуль не ўдалося. Адзначаецца, што гэта можа быць найбуйнейшая наземная аперацыя на тэрыторыі Расіі, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Washington Post.
Цікава таксама, што Украіна нядаўна атрымала дазвол ЗША наносіць удары па расійскіх войсках у некаторых пунктах на мяжы. Афіцыйны прадстаўнік ЗША, які пажадаў застацца ананімным, сказаў, што Вашынгтон спрабуе звязацца з украінскімі вайскоўцамі, каб даведацца больш пра аперацыю і яе мэты.
У той жа час Уладзімір Зяленскі ў каментары Washington Post заявіў, што Вашынгтон пакуль не крытыкаваў Украіну за трансгранічны напад. Пра гэта паведаміў дарадца прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Паводле яго слоў, цяпер Украіна кантралюе газавымяральную станцыю на адлегласці каля пяці міль (каля 8 кіламетраў. — Рэд.) ад мяжы з Расіяй.
На фоне гэтых заяваў Расія ўзмацніла ахову вакол Курскай АЭС.
Учора ў каментары РБК-Украіна «Аператар ГТС Украіны» пацвердзіў, што транспарціроўка газу ў Еўропу адбываецца ў звычайным рэжыме. Бо станцыя з'яўляецца ключавым аб'ектам пастаўкі расійскага газу ў Еўропу праз Украіну і адзіным пунктам, праз які расійскі газ трапляе ва Украіну для яго транспарціроўкі ў краіны Еўропы. Сама станцыя знаходзіцца ў 7 кіламетрах ад горада Суджа.
Баі ў Курскай вобласці
Нагадаем, раніцай у аўторак, 6 жніўня, пачала распаўсюджвацца інфармацыя аб пачатку баёў у Курскай вобласці, якія працягваюцца ўжо трэці дзень. Расіяне традыцыйна абвінавацілі ўсю Украіну і пачалі эвакуацыю мясцовых жыхароў з шэрагу населеных пунктаў.
Больш чым праз суткі Уладзімір Пуцін адрэагаваў на падзеі ў Курскай вобласці. Ён склікаў нараду з вайсковым камандаваннем, а пасля ў рэгіёне было абвешчана надзвычайнае становішча. Сёння расійскія ўлады вырашылі выплаціць па 10 тысяч рублёў (116 долараў) тым жыхарам Курскай вобласці, якія пакінулі небяспечныя раёны вобласці.
Расійскія памежнікі здаюцца ў палон на КПП «Суджа»: Кадры з Курскай вобласці
Украінскі батальён «Нахцігаль» апублікаваў відэа, на якім, як сцвярджаецца, расійскія памежнікі здаюцца ў палон УСУ на КПП «Суджа» ў Курскай вобласці. Запіс зроблены 6 жніўня. Дакладная колькасць тых, хто здаўся ў палон, невядомая — у тэлеграм-каналах прыводзяцца ацэнкі ад 20 да 50 чалавек.
Расійскія ўлады афіцыйна масавую здачу памежнікаў у палон не каментавалі.
Зяленскі: украінская армія ўмее здзіўляць, поле бою гэта дэманструе
Украінскія абаронцы ўмеюць здзіўляць і дабівацца вынікаў. Доказам гэтаму з'яўляюцца іх дзеянні на полі бою.
Пра гэта падчас прэзентацыі дадатку «Армія+» заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, паведамляе прэс-служба Офіса прэзідэнта Украіны.
«Усе бачаць, што ўкраінскае войска ўмее здзіўляць. І ўмее дабівацца вынікаў. Гэта дэманструе поле бою, дзе нашы воіны не толькі супрацьстаялі пераважнай сіле акупантаў, але і знішчалі іх, калі гэта трэба, каб абараніць Украіну — нашу дзяржаву і незалежнасць», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён дадаў, што такія поспехі Узброеных Сіл спрыяюць мужнасці вайскоўцаў і натуральнаму імкненню ўкраінцаў знайсці найлепшы варыянт дзеянняў.
Брусель: Украіна мае права біць па ворагу ўсюды
Палітыка Брусэля ў дачыненні да Кіева ад гэтага не мяняецца, піша dw.com
У рамках свайго законнага права на самаабарону Украіна мае права наносіць удары па ворагу «ўсюды, дзе палічыць патрэбным, — як на сваёй тэрыторыі, так і на тэрыторыі ворага», заявіў афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы Еўрапейскага Саюза Петэр Стана ў чацвер, 8 жніўня, на брыфінгу ў Бруселі.
Паводле яго, пазіцыя ЕС палягае ў тым, што Украіна падвяргаецца незаконнай агрэсіі і таму вядзе законную абарончую вайну.
«На падставе міжнароднага права Украіна мае права на самаабарону, і гэта права на самаабарону ўключае ў сябе таксама нанясенне удараў па ворагу на яго тэрыторыі», — адзначыў Стана, калі адказваў на пытанне аб баявых дзеяннях УСУ ў Курскай вобласці.
Ён таксама падкрэсліў, што афіцыйная стратэгія Еўрасаюза ў дачыненні да Украіны не змянілася пасля таго, як Кіеў памяняў сваю стратэгію на поле бою, перайшоўшы на тэрыторыю РФ.
Навіны вайны
- Наймітаў ПВК Вагнер перакідваюць у Курскую вобласць для супраціву УСУ, паведамляюць расійскія ваенкоры.
- Інтэрнэт-рэсурсы Курскай вобласці падвергліся масіраванай DDos-атацы, многія сэрвісы часова недаступныя, паведамілі ўлады рэгіёну.
- Спецпрадстаўнік урада КНР па справах Еўразіі Лі Хуэй мяркуе, што гатоўнасць Расіі і Украіны да перамоваў расце.
Ён у чарговы раз падкрэсліў, што «міжнароднай супольнасці варта стварыць умовы і аказаць садзейнічанне аднаўленню прамога дыялогу і перамоваў паміж бакамі».
- Украінскія разведчыкі з брыгады імя князя Уладзіміра Манамаха паведамілі, што вярнулі сцяг Украіны на школу ў Нью-Ёрку Данецкай вобласці і знішчылі расійскі сцяг, які акупанты ўсталявалі на даху школы-інтэрната №38.
- РФ нанесла ўдар КАБамі па населеным пункце Магрыца Юнакоўскай абшчыны Сумскай вобласці — загінулі два чалавекі, сярод іх шасцігадовае дзіця.
Акрамя таго, на гэты момант вядома аб двух параненых жыхарах іншых населеных пунктаў Сумскага раёна. Адметна, што такой колькасці ўдараў КАБамі за дзень у вобласці яшчэ не было: расіяне скінулі 56 кіраваных авіябомбаў на населеныя пункты Шосткінскага, Канатопскага, Сумскага і Ахтырскага раёнаў.
- Войскі РФ ударылі артылерыяй па тэрыторыі бальніцы ў Нікапалі Днепрапятроўскай вобласці, адзін чалавек загінуў, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.
-
Пад Нікапалем
Днепрапятроўскай вобласці сёння раніцай расейцы нанеслі прыцэльны ўдар БПЛА па
тэрыторыі падраздзялення ДСНС. У выніку ўдару выбітыя вокны пажарнага дэпо і
пашкоджана тэхніка ратавальнікаў, асабовы склад пажарна-выратавальнага
падраздзялення не пацярпеў, паведамілі ў ДСНС.
РФ раніцай абстраляла з артылерыі прыватны сектар у Канстанцінаўцы Данецкай вобласці, загінулі два чалавекі, паведаміў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін. - Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што ўкраінскія сілы вярнулі частку згубленых пазіцый у раёне горада Часаў Яр Данецкай вобласці.
У прыватнасці, УСУ прасунуліся праз меліярацыйны канал Северскі Данец — Данбас і адбілі пазіцыі ў батанічным заказніку Ступкі Галубоўскія-2. Баі працягваюцца ва ўсходніх мікрараёнах Новы і Кастрычніцкі горада Часаў Яр.
- Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 8 жніўня:
асабовага складу — каля 587 510 (+1140 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8431 (+2), баявых браніраваных машын — 16 332 (+9), артылерыйскіх сістэм — 16 487 (+36), РСЗА —142 (+4), сродкаў СПА —914 (+4), самалётаў — 366 (+1), верталётаў — 327 (+1), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 13 293 (+81), крылатых ракет — 2424 (+3), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 22 285 (+59), спецыяльнай тэхнікі — 2767 (+8).
Украіна заклікае Мексіку арыштаваць Пуціна, калі ён прыедзе на інаўгурацыю новага прэзідэнта краіны. Адпаведную заяву апублікавала Пасольства Украіны ў Мексіцы. Мексіка прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда, які выдаў ордэр на арышт Пуціна. Кіраўніка Крамля ўжо запрасілі на інаўгурацыю.