Радаслаў Сікорскі: «Нязручнасці — цана за жыццё ў дыктатуры»
Беларусы — грамадзяне рэжыму, які парушае правілы міжнароднага суіснавання. Радаслаў Сікорскі згадаў, як быў палітычным уцекачом у Вялікабрытаніі, калі генерал Ярузельскі ўвёў ваеннае становішча ў Польшчы, і 8 гадоў не мог прыехаць у сваю родную краіну і не бачыў сваю сям’ю. Інтэрв'ю «Люстэрка» з міністрам замежных справаў Польшчы — пра візы, мяжу і абмен шпіёнаў на палітвязняў.
Інтэрв'ю з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім «Люстэрка» дабівалася восем месяцаў — першы запыт мы даслалі яшчэ ў снежні 2023 года, адразу пасля яго прызначэння. Усё атрымалася толькі ў канцы ліпеня 2024-га. Сікорскі добра знаёмы з Беларуссю — яшчэ ў 2010 годзе ён прыязджаў у Мінск, сустракаўся з Лукашэнкам і спрабаваў пераканаць яго правесці сумленныя выбары. Палітык адказаў на пытанні журналістаў пра візы, перасячэнне мяжы, падштурхоўванне беларусаў на Усход, магчымасць абмену беларускіх шпіёнаў на палітвязняў і праблемы тэлеканала «Белсат».
«Дата адкрыцця памежных пераходаў залежыць ад тэрміну зняволення Пачобута»
— У канцы траўня прэм’ер Дональд Туск наведаў польска-беларускую мяжу і заявіў пра неабходнасць «ізаляваць рэжым» і пры гэтым «адкрыцца для людзей». Але трапіць з Беларусі ў Польшчу і назад дагэтуль можна толькі праз адзін памежны пераход. Ці ёсць планы ў польскіх уладаў адкрыць астатнія пункты пропуску?
— У першую чаргу адзначу, што мы (кааліцыя, што кіруе ў Польшчы. — Заўв. рэд.) не закрывалі дадатковых пунктаў пропуску. Нагадаю, што пераход у Баброўніках быў закрыты папярэднім урадам у адказ на несправядлівыя арышт і прысуд Андрэю Пачобуту, які, на жаль, дагэтуль застаецца ў турме.
Што да неабходнасці раздзяляць рэжым і грамадства, то мы робім гэта нязменна. Новы ўрад Польшчы зусім нядаўна на просьбу беларускай апазіцыі паклапаціўся пра тое, каб санкцыі Еўрапейскага саюза хаця б у дачыненні да ўвозу прыватных аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй інтэрпрэтаваліся такім чынам, што беларусам дазваляецца заязджаць на іх у Польшчу і Еўрапейскі саюз, у той час як расійскія грамадзяне такой прывілеі не маюць.
— У новага польскага ўрада ўмовы адкрыцця пункта пропуску ў Баброўніках застаюцца такімі ж, як былі ў старога?
— Дата адкрыцця памежных пераходаў залежыць ад тэрміну зняволення Андрэя Пачобута.
«Для танга патрэбныя двое»
— У студзені гэтага года вы заяўлялі пра намер навесці парадак з выдачай польскіх візаў, у прыватнасці, змяніць электронную сістэму рэгістрацыі на падачу заяваў. У сакавіку польскія візавыя цэнтры ў Беларусі зрабілі новаўвядзенне — цяпер падчас рэгістрацыі чалавек мусіць зрабіць фота з пашпартам. Але ў выніку пасярэднікі рынак не пакінулі, іх паслугі каштуюць каля 200 еўра…
— Пра якіх пасярэднікаў гаворка? Існуе злачынная практыка гандлю месцамі ў чарзе, а гэта патрабуе змяненняў у электроннай сістэме, укараненне якіх сапраўды займае фрустравальна шмат часу. Калі месца ў чарзе будзе персаналізаванае, яго будзе немагчыма прадаць. Мы працуем над гэтым, але пакуль не ўкаранілі.
Мы ўносім іншыя змяненні ў візавыя працэдуры ў цэлым. Мы скасавалі праграму Poland. Business Harbour, якая першапачаткова прызначалася для IT-спецыялістаў, але была толькі шчылінай для атрымання візаў. Мы разабраліся з пытаннем гуманітарных візаў. Літаральна нядаўна я падпісаў новыя правілы пра візы для студэнтаў. Мы таксама паднялі цэны на візы ў Польшчу, бо яны былі аднымі з самых танных у Шэнгенскай зоне.
Я шкадую, што паміж Польшчай і Беларуссю не можа дзейнічаць пагадненне пра малы памежны рух. Калі ў Беларусі не было палітычных зняволеных, калі Беларусь была сябрам Усходняга партнёрства, калі здавалася, што рэжым шукае спосабы паразумецца з Еўрапейскім саюзам, мы не проста заключылі такое пагадненне, яно было цалкам ратыфікаванае польскім бокам (у 2010 годзе. — Заўв. рэд.), пасля прайшло праз беларускі парламент і ў апошні момант не было ратыфікаванае Лукашэнкам. Таму, калі ласка, звярніце ўвагу, што з нашага боку ёсць адкрытасць. Для танга патрэбныя двое.
Лукашэнка падпісаў пагадненне пра малы памежны рух 1 снежня 2010 года, але польскаму боку пра гэта не паведамілі. Як у чэрвені 2011 года расказваў TUT.BY прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы Аляксей Зелянко, гэта адбылося «з тэхнічных прычын» — усё нібыта праз недахоп спецыяльных друкарак для раздрукоўкі карт-пропускаў для памежнага руху.
Для завяршэння працэдуры і пачатку працы пагаднення бакі мусілі абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі, чаго так і не адбылося.
— Але чаму пасярэднікі ўсё яшчэ працуюць, нягледзячы на ўскладненне працэдуры запісу на падачу заяўвы для атрымання візы?
— Пра якіх пасярэднікаў вы кажаце?
— Пра тых, якім можна заплаціць і трапіць у польскія консульствы ці візавыя цэнтры ў Беларусі. Іх нескладана адшукаць у інтэрнэце.
— Вы маеце на ўвазе тых, хто гандлюе месцамі ў чэргах, ці легальныя фірмы, якія дапамагаюць аформіць візавую заяўку?
— Пра першых.
— Гэта чыста крымінальнае злачынства. Мы не ведаем, дзейнасць гэта беларускіх спецслужбаў ці крымінальных элементаў. Але я з Варшавы беларускіх злачынцаў на месца не пастаўлю. Мы спадзяёмся, што новая IT-сістэма зменшыць маштабы гэтай з’явы.
— То-бок Польшча не наўмысна абмяжоўвае беларусаў у атрыманні візаў, а змагаецца з тымі, хто гандлюе месцамі ў чэргах у консульствы і візавыя цэнтры?
— З такой праблемай мы сутыкнуліся па ўсім свеце, не толькі ў Беларусі.
«Гэта адна з тых цэн, якую беларусы плацяць за жыццё ва ўмовах дыктатуры»
— Здаецца, у краінаў Захаду ёсць кансэнсус: будучыня народа Беларусі — у Еўропе. Але краіны-суседкі, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, адгароджваюцца ад беларусаў нібыта купалам: Літва і Латвія забаранілі заязджаць на аўтамабілях на беларускіх нумарах, Польшча, на шчасце, пакуль гэтага не зрабіла, аднак забараніла ўвозіць і вывозіць мноства тавараў…
— Але не ўсе. Ёсць санкцыі, ідзе вайна.
— …не ўсе, але мы былі вымушаныя зрабіць вялікі матэрыял са спісам тавараў, якія нельга правозіць, бо гэта вельмі важна для грамадзян Беларусі. Калі нельга паехаць у Польшчу, то беларусы едуць у Расію.
— На жаль, яны грамадзяне рэжыму, які парушае правілы міжнароднага суіснавання. Нагадаю, што Беларусь злоўжывае сістэмай Інтэрпала. І яшчэ нагадаю, чаму былі ўведзеныя некаторыя еўрапейскія санкцыі — таму што Беларусь дэ-факта захапіла еўрапейскі самалёт і змусіла яго, выкарыстоўваючы хітрасць, прызямліцца ў Мінску для таго, каб арыштаваць апазіцыянера. Гэта зрабілі беларускія ўлады.
І мне вельмі шкада, што частка нязручнасцяў ад дзеянняў беларускіх уладаў, на жаль, кладзецца на грамадзян Беларусі. Гэта адна з тых цэн, якую беларусы плацяць за жыццё ва ўмовах дыктатуры.
— Вам не здаецца, што вынікам усяго гэтага стане тое, што беларусы будуць вымушаныя цывілізацыйна зноў арыентавацца на Усход, а не на Захад?
— Гэта ўжо ваш выбар. Калі ў Беларусі не было палітычных зняволеных, Еўропа адкрылася для вашай краіны.
Мы цэнім мужнасць беларусаў, якія змагаліся за сумленныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Але, на жаль, сістэма адносін паміж краінамі павінная ўлічваць тое, што робіць беларуская дзяржава.
Ведаеце, нічога новага. Я быў палітычным уцекачом у Вялікабрытаніі, калі генерал Ярузельскі ўвёў ваеннае становішча ў Польшчы, і я не мог прыехаць у сваю родную краіну. Я не бачыў сваю сям’ю восем гадоў. То-бок я плаціў высокую цану за тое, што маёй краінай кіруе дыктатар. На жаль, так гэта і працуе.
«Перамовы — гэта занадта гучна сказана»
— У Польшчы ёсць спіс арыштаваных беларускіх шпіёнаў, якіх яна гатовая абмяняць на палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі?
— Наколькі я разумею, некаторыя беларускія палітычныя зняволеныя — у недастатковай колькасці — выходзяць на волю. Мы гэта цэнім.
— Колькі разоў вы ўжо спрабавалі праводзіць перамовы з беларускімі ўладамі наконт вызвалення Андрэя Пачобута?
— Перамовы — гэта занадта гучна сказана. Беларускі бок проста ведае, што ў сілу культурнай салідарнасці справа беларускага грамадзяніна, але паляка па культуры і ідэнтычнасці Андрэя Пачобута нам асабліва блізкая і што мы лічым абвінавачанні ў яго адрас цалкам выдуманымі.
— Акрамя Пачобута ў беларускіх турмах знаходзіцца амаль 1400 палітычных зняволеных. Сярод іх, напрыклад, штатная супрацоўніца Польскага тэлебачання Ірына Слаўнікава, журналісты тэлеканала «Белсат», палітыкі і іншыя людзі, якія пратэставалі супраць дыктатуры. Польшча змагаецца за іх гэтак жа, як і за Андрэя Пачобута, ці для вас толькі ён у прыярытэце?
— Змагаемся разам з усім Еўрапейскім саюзам. Лукашэнка ведае, што без спынення рэпрэсій не будзе вяртання да гульні з Захадам, у якую ён спрытна гуляў дзесяцігоддзямі.
«Ён не працуе, няма сігналу? У чым заключаецца смерць?»
— Былая дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская сцвярджае, нібыта тое, што адбываецца цяпер з каналам, азначае знішчэнне польскага медыйнага праекта, скіраванага на Усход…
— У якім сэнсе знішчэнне? Урэшце, ён жа далей вяшчае. За польскія грамадскія грошы.
8 сакавіка 2024 года стала вядома пра планы польскага МЗС скараціць фінансаванне «Белсата» і аб’яднаць яго з іншымі іншамоўнымі рэдакцыямі Польскага тэлебачання. Ужо 12 сакавіка дырэктарку тэлеканала Агнешку Рамашэўскую звольнілі, а ў пачатку ліпеня 2024 года ў пракуратуру скіравалі заяву пра магчымыя фінансавыя парушэнні ў працы «Белсата». Выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі гэтыя абвінавачанні адмаўляе. З 1 жніўня 2024 года перасталі працаваць сайты «Белсата» і звязаных з ім праектаў, рэдакцыя патлумачыла гэта наступствамі скіраванай у пракуратуру заявы.
— Мяркуючы з яе словаў, рашэнні МЗС Польшчы і Польскага тэлебачання прывядуць да смерці «Белсата».
— Але ў якім сэнсе да смерці? Ён не працуе, няма сігналу? У чым заключаецца смерць?
— Я цытую тое, што ў сацыяльных сетках і інтэрв'ю кажа былая дырэктарка. Яна сцвярджае, што «Белсат» паступова проста перастане існаваць.
— Я разумею, што пані дырэктарка заседзелася на сваёй пасадзе 18 гадоў. Але яе бачанне — не адзіна магчымае.
Польшчы патрэбны інструмент уплыву за мяжой, як гэта робяць іншыя краіны, як BBC, «Голас Амерыкі», Deutsche Welle. Мы ўпарадкуем сістэму — у структуры Польскага тэлебачання будуць існаваць рэдакцыі на ўкраінскай, беларускай, рускай, нямецкай і англійскай мовах.
Вяшчанне пашырыцца, а беларуская рэдакцыя будзе пабудаваная на ядры тэлеканала «Белсат». Працягне сваё існаванне брэнд «Белсата» і яго місія, то-бок перадача беларускай грамадскасці непадцэнзурнай інфармацыі пра Беларусь, Еўропу і свет.