Дональд Туск і беларуская справа: паўтары месяцы ва ўладзе выклікаюць пытаньні

Летась ледзьве ня ўсе аналітыкі напярэдадні чарговых выбараў у польскі парлямэнт прагназавалі, што ў выпадку, калі шырокая кааліцыя на чале з партыяй Туска прыйдзе да ўлады, польская палітыка ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі стане яшчэ больш радыкальнай. А тыя, хто змагаецца з рэжымам, адчуюць новы подых магчымасьцяў. На сёньня маем прынамсі тры аспекты, якія прымушаюць задумацца.

Дональд Туск

Дональд Туск

Як вядома, Дональд Туск, падтрыманы шырокай кааліцыяй, прыняў прысягу ў якасьці новага прэм’ер-міністра Польшчы 13 сьнежня 2023 года. Гэта ўжо другі заход палітыка на адказную пасаду, першы раз ён быў на чале ўраду з 2007 па 2014 год.

Пракуроры і Алесь Бяляцкі

На днях стала вядома, што на высокія пасады ў польскую Генэральную пракуратуру вяртаюцца пракуроры Ганна Адамяк і Кшыштаф Каршніцкі. Імёны мала што скажуць звычайнаму беларусу сёньня, але 13 гадоў таму яны грымелі на поўную.

Пракурорскі дуэт быў вядомы ў часы папярэдняга ўраду Дональда Туска. У 2011 годзе яны дапамаглі беларускім спецслужбам арыштаваць кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага.

«Генэральны пракурор зрабіў першы крок да аднаўленьня годнасьці пракурораў былой Генэральнай пракуратуры, якія ў 2016 годзе былі паніжаныя Зьбігневам Зёбра на ніжэйшыя пасады», – паведамілі ў польскім Міністэрстве юстыцыі.

А тады, у чэрвені 2011 года Польшча аказала прававую дапамогу Беларусі, у выніку чаго Алесь Бяляцкі быў арыштаваны. Тады польская пракуратура перадала Беларусі даныя аб руху грошай на рахунку Бяляцкага, дзе зьбіраліся грошы на праваабарончую дзейнасьць.

У скандале фігуравала пракурор Ганна Адамяк. Менавіта яна, як рэферэнт справы, разгледзела заяву беларускага рэжыму і – нягледзячы на ​​адмоўнае заключэньне пракуратуры ў Варшаве – скіравала яе да рэалізацыі. Пракурор Адамяк таксама праігнараваў рэкамэндацыю тагачаснага генэральнага пракурора Серэмета, паводле якой да заяваў зь Беларусі трэба ставіцца асабліва асьцярожна, бо яны могуць стаць пасткай для мясцовых апазыцыянэраў.

Глядзіце таксама

У выніку Алесь Бяляцкі тады быў асуджаны да 4,5 года пазбаўленьня волі нібыта за нявыплату падаткаў. Тагачасны генэральны пракурор Польшчы Серэмет пракаментаваў тады:

«Я як генпракурор хачу сказаць, што расчараваны стаўленьнем некаторых падпарадкаваных мне пракурораў, таму што выкананьне гэтага патрабаваньня ў тым выглядзе, у якім яно было зроблена, азначае ігнараваньне канкрэтных даручэньняў і загадаў, якія я даў 14 студзеня 2011 года, пасьля сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў».

Тады генпракурор прыняў рашэньне прыцягнуць Адамяк да дысцыплінарнай адказнасьці і перавесьці яе ў іншае ведамства.

Туск зноў прэм’ер, а міністар юстыцыі, які вырашыў аддзячыць згаданым пракурорам – Адам Боднар, які таксама ішоў на выбары ад кааліцыі Туска «Грамадзянская кааліцыя» (раней больш вядомая па назве галоўнай партыі – «Грамадзянская плятформа»).

Алесь Бяляцкі, ужо нобэлеўскі ляўрэат, які зноў сядзіць за кратамі, напэўна, горка ўсьміхнецца, калі даведаецца пра новы ўзьлёт кар’ераў пракурораў Туска.

Візавая падтрымка

Згадзіцеся, атрымаць запаветную візу, каб уратаваць свабоду (і жыцьцё, як бачым па ўжо шматлікіх выпадках сьмерці палітвязьняў за кратамі) зьяўляецца і зьяўлялася марай для беларусаў пасьля жудаснай хвалі рэпрэсіяў на радзіме.

Польскі ўрад стварыў шырокую праграму падтрымкі. Дзякуючы гуманітарным і іншым відам візаў дзясяткі тысячаў нашых суграмадзянаў змаглі прачынацца без жаху і чаканьня, што па іх прыйдуць праз гадзіну. Адной з візавых праграмаў была так званая «працоўная» Poland.Business Harbour.

На днях гэтая праграма скончыла сваё існаваньне.

Як вынікае з апісаньня, праграма Poland.Business Harbour дапамагала спецыялістам ІТ-сферы, стартапам, а таксама цэлым кампаніям пераехаць у Польшчу. Праграма была створаная ў верасьні 2020 года для IT-спецыялістаў і IT-кампаній з Беларусі, а затым была распаўсюджаная таксама на Грузію, Расея, Украіну, Малдова і Армэнію. Каардынатары праграмы — Міністэрства разьвіцьця, Польскае агенцыя інвэстыцый і гандлю, Канцылярыя старшыні ўрада, Міністэрства замежных справаў і некаторыя іншыя.

Зарубіў праграму міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі. Ён ужо быў міністрам і пры першым заходзе ва ўладу Туска. Сам Сікорскі таксама ўваходзіць у яго партыю «Грамадзянская плятформа». У афіцыйнай заяве значыцца, што гэтая праграма не будзе дзейнічаць «да прыняцьця рашэньняў, якія гарантуюць належную праверку кампаній і замежнікаў, якія зьяўляюцца яе бэнэфіцыярамі».

Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

На думку новага Міністэрства замежных справаў, Праграма Poland.Business Harbour не апраўдала надзеяў. Гаворка нібы вядзецца аб тым, што шматлікія ўладальнікі такога кшталту візы атрымлівалі яе не дзеля працы ў Польшчы, каб сплачваць падаткі ў польскі бюджэт, а дзеля турыстычных паездак.

Беларусы, чые дакумэнты пайшлі ў візавыя цэнтры, але не пасьпелі дайсьці да польскіх консульстваў, атрымалі паведамленьні з просьбай забраць іх. На сёньняшні дзень можна спрабаваць падаваць дакумэнты на польскую візу на агульных падставах.

Няпэўнасьць будучыні «Белсату»

Праз тыдзень пасьля атрыманьня ўлады, Дональд Туск зрабіў рашучы і цікавы крок. 19 сьнежня ён замяніў кіраўніцтва ўсіх польскіх спэцслужбаў, а 20 сьнежня – грамадзкага тэлебачаньня. Грамадзкая тэлекампанія TVP разглядалася прыхільнікамі «кааліцыі кааліцый» як рупар кіроўнай раней партыі «Права і Справядлівасьць». Яе называлі «блізьнюком лукашэнкаўскага тэлебачаньня» і рознымі іншымі параўнаньнямі. Чаму гэтае пытаньне істотнае для беларусаў?

Палякі так ці інакш разьбяруцца са сваімі нутранымі справамі. Усё ж галасы на выбарах там лічаць, і праз некалькі гадоў (калі кіроўная кааліцыя не разваліцца да таго часу) парлямэнт будуць абіраць зноў. А вось беларусы прызвычаіліся да існаваньня амаль свайго тэлеканалу – «Белсат».

Справа ў тым, што гэта структурная адзінка агульнага грамадзкага тэлебачаньня TVP.

Глядзіце таксама

Раніцай 20 сьнежня міністар культуры Барталемей Сянкевіч адправіў у адстаўку кіраўнікоў TVP, Польскага радыё і польскага агенцтва прэсы. У міністэрстве патлумачылі гэта «рэалізацыяй правоў уласнасьці ад імя Дзяржкаммаёмасьці, якому належаць 100% акцый» дзяржаўных медыякампаній.

«Міністар прызначыў новыя назіральныя рады названых кампаній, якія ў сваю чаргу прызначылі новыя праўленьні», — гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.

Міністар Сянкевіч уваходзіць у партыю Туска «Грамадзянская плятформа».

Але ў будынкі гэтых СМІ новапрызначаных чыноўнікаў не пусьцілі і выклікалі паліцыю. А некаторыя дэпутаты ад ужо апазыцыйнай прэм’еру «ПіС» пачалі дэжурства ў штаб-кватэры TVP у Варшаве.

Ад прыхільнікаў Туска зьяўляюцца радасныя паведамленьні кшталту таго, што цэнзура на грамадзкім тэлебачаньні нарэшце пераможаная. Што прынясе гэты крок прэм’ера, які ўжо вывеў на вуліцы Варшавы незадаволеных (ад 35 тысячаў па вэрсіі «Грамадзянскай Кааліцыі», да 200 тысячаў па вэрсіі «Права і Справядлівасьці») пакажа час. Спадзяемся, што не тым, што зноў назавуць прапагандай і рупарам ужо новай партыі ва ўладзе.

Антыўрадавы мітынг у цэнтры Варшавы пасля навінаў аб ліквідацыі TVP

Антыўрадавы мітынг у цэнтры Варшавы пасля навінаў аб ліквідацыі TVP

Польская газэта Rzeczpospolita паведаміла, што кааліцыйны ўрад не плянуе шырокай чысткі пэрсаналу TVP.

Як піша польскае выданьне Business Insider, цяперашняя ліквідацыя TVP, здаецца, спыніла працэсы, якія ішлі больш за год і былі скіраваныя на пашырэньне адасобленасьці і незалежнасьці «Белсату» ў структурах TVP, да чаго так даўно імкнулася кіраўніцтва тэлеканала. Усе гэтыя працэсы пакуль замарожаныя, і перад «Белсатам» існуе сур’ёзная нявызначанасьць адносна далейшага лёсу і працягу стратэгіі разьвіцьця.

Агнешка Рамашэўска, кіраўніца «Белсату», у нядаўнім каментары паведаміла, што ёй пакуль не ўдалося сустрэцца з ліквідатарам Telewizja Polska.

«Сустрэчы двойчы адмянялі, таму пакуль нічога не вядома. Галоўная пагроза ў тым, што дні праходзяць, а ў нас няма падпісаных кантрактаў на студзень. Людзі працуюць і могуць не атрымаць грошай. Я напісала пра гэта ліквідатару і атрымала адказ, што з гэтым будуць нешта рабіць. Але што – пакуль ня ведаю», – сказала Агнешка Рамашэўска.

Яна дадала, што неафіцыйна стала вядома, што міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі размаўляў на гэтую тэму са Сьвятланай Ціханоўскай. Аднак эфэкт ад гэтых перамоваў яна ня ведае: «Я толькі патаемна спадзяюся, што ўсе гэтыя вэрхалы не пашкодзяць "Белсату"».

Мы таксама.

Што прынясуць беларусам наступныя месяцы кіраваньня Дональда Туска і яго міністраў – убачым у наступных серыях.