Туск збіраецца легалізаваць аборты. Што кажуць у кааліцыі?
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра гатоўнасць рэфармаваць заканадаўства аб абортах. Але прызнаў, што ў кіруючай кааліцыі па гэтым пытанні раскол.

Дональд Туск. Фота: EPA - ELTA
Прэм'ер-міністр Польшчы анансуе праект легальных абортаў да 12-га тыдня цяжарнасці.
— Як вы ведаеце, аборты — адна з тэм, на якую ў нас у кааліцыі розныя погляды. Каб ні ў каго не было сумневаў, я прапанаваў, што, паколькі ўрадавага праекта быць не можа, мы гатовыя ў бліжэйшыя гадзіны падаць праект аб бяспечных і легальных абортах да 12-га тыдня, паведаміў Дональд Туск падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі.
Прэм'ер Туск таксама адзначыў, што ўчора адбыліся сацыяльныя кансультацыі з жаночымі арганізацыямі. Яго вяла дэпутат Моніка Роза.
У кіруючай кааліцыі ёсць раскол у пытанні абортаў. Кіраўнік Мінабароны краіны Уладзіслаў Касіняк-Камыш на мінулым тыдні на пытанне, ці будзе ён галасаваць за праект, які прадугледжвае магчымасць перапынення цяжарнасці да 12-га тыдня цяжарнасці, адказаў, што PSL і Trzecia Droga ішлі на выбары «з іншай праграмай». Ён падкрэсліў, што ідэя яго групы для павышэння бяспекі жанчын заключаецца ў вяртанні да правілаў да рашэння Канстытуцыйнага суда і абвяшчэнні рэферэндуму аб правілах перапынення цяжарнасці.
Глядзіце таксама

Падобным чынам выказаўся і маршалак польскага сейма Шымон Галоўня: першы крок, які можна зрабіць у справе рэгулявання абортаў — гэта вяртанне да статус-кво да рашэння Канстытуцыйнага суда. Рэферэндум павінен быць пазней, сказаў ён у інтэрв'ю.
Глядзіце таксама

У сваю чаргу, Lewica доўгі час выступала за лібералізацыю заканадаўства аб абортах:
— Кожная трэцяя жанчына ў Польшчы рабіла ў сваім жыцьці аборт. Гэта частка нашага жыцця. Як і цяжарнасць і роды, доступ да абортаў з'яўляецца часткай сістэмы аховы здароўя. Дзяржава абавязана забяспечыць гэтую дапамогу ўсім грамадзянам, у тым ліку жанчынам, — сказала міністарка роўнасці Катажына Котула летась на з'ездзе.
У лістападзе 2023 года ў Сейм былі ўнесены два праекты Lewicy адносна лібералізацыі правілаў абортаў.
Згодна з дзейным заканадаўствам, аборт дазволены ў двух выпадках: пры цяжарнасці ў выніку забароненых дзеянняў і ў выпадку пагрозы жыццю або здароўю жанчыны.