«Свабодная, незалежная Беларусь — адзін са слупоў бяспекі Польшчы»
Маршалак польскага сейма Шымон Галоўня падвёў вынікі перамоў са Святланай Ціханоўскай 9 студзеня ў Варшаве.
![Святлана Ціханоўская і Шымон Галоўня. Скрыншот: відэатрансляцыя прэс-канферэнцыі (pozirk.online) Святлана Ціханоўская і Шымон Галоўня. Скрыншот: відэатрансляцыя прэс-канферэнцыі (pozirk.online)](/img/v1/images/sejm_1128_9.01.2023.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлана Ціханоўская і Шымон Галоўня. Скрыншот: відэатрансляцыя прэс-канферэнцыі (pozirk.online)
«Свабодная, незалежная Беларусь, якая самастойна кіруецца і самавызначаецца, — гэта адзін са слупоў бяспекі Польшчы», — заявіў маршалак польскага сейма Шымон Галоўня на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з беларускім дэмлідарам Святланай Ціханоўскай 9 студзеня ў Варшаве.
«Мы мусім думаць пра Беларусь як пра нашага партнёра, і пра ўсіх, хто ў Беларусі бяспрыкладна гераічна супрацьстаіць злу, як пра саюзнікаў у справе пабудовы бяспекі ў гэтай частцы Еўропы», — дадаў ён.
Паводле слоў Галоўні, маюцца ідэі канкрэтных дзеянняў у сферы культуры, парламенцкай дыпламатыі, ва ўзаемадзеянні сейма з Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі, які ён назваў пераходным урадам.
Ціханоўская, адзначыў палітык, на сустрэчы звярнула ўвагу на тое, што дэмакратычнай Беларусі патрабуецца голас і падтрымка Польшчы на міжнароднай арэне, асабліва там, дзе ён «не чутны».
Глядзіце таксама
![Святлана Ціханоўская сустрэлася з Радаславам Сікорскім Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Польшчы выдачу віз беларусам](/img/v1/images/photo_2024_01_08_23_04_12.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Усведамляючы, што сёння ў Беларусі адбываецца, памятаючы пра [палітвязня] Анджэя Пачобута, памятаючы пра гэтыя ўсе жудасныя сітуацыі, якія маюць там месца, хачу запэўніць пані прэзідэнта і ўсіх членаў дэлегацыі, што свабодная Беларусь у інтарэсах свабоднай Польшчы, у сэрцы свабоднай Польшчы. І што Польшча зробіць усё, каб Беларусь была свабоднай краінай свабодных людзей (яны ўжо вольныя, у сэрцы вольныя — ніхто гэта не ставіць пад пытанне), прайшла гэтую дарогу праз той кашмар, які зараз перажывае, і каб мы маглі разам будаваць нашу будучыню на светлым баку гэтага гістарычнага павароту», — сказаў на заканчэнне ён.
Глядзіце таксама
![Гісторыя Анджэя Пачобута Журналіст года ў Польшчы, «тэрарыст» на радзіме. Анджэю Пачобуту — 50](/img/v1/images/had_1142_1_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ціханоўская наведвае Варшаву 8–10 студзеня.
Крыніца: Позірк