Купалаўцы ў пошуку сваёй пляцоўкі. Праглядаюць памяшканні, два варыянты не падыйшлі
Адно не падышло з тэхнічных прычын, другое трэба адаптаваць для сцэны. Канчатковага рашэньня аб сталым месцы для выступаў пакуль не прынялі. Падрабязнасьці распавядае «Свабода».
Большасьць «Купаўлаўцаў» трапіла ў Польшчу перад самым пачаткам вайны ва Ўкраіне. Частка трупы тады апынулася на праекце «Дзядоў» у Любліне. Адтуль акторы зьбіраліся ехаць у Львоў, дзе трупе прапанавалі спрыяльныя для працы ўмовы, а прадусарка дамовілася на арэнду сцэны.
А частка трупы вярталася зь Нямеччыны, дзе паказвала спэктакль «Страх». Пра пачатак вайны даведаліся ў аэрапорце. Усе пляны парушыліся, і паўтара дзясятка артыстаў засталіся ў Польшчы.
«Вольныя Купалаўцы» шукалі магчымасьці працаваць на чужых сцэнах. Пляцоўкі ім давалі вядомыя польскія тэатры. Узгадаем некалькі пасьпяховых праектаў «Купалаўцаў».
Пяць спэктакляў за год — без уласнай сцэны
18–19 чэрвеня 2022 году на сцэне Люблінскага тэатру імя Юльюша Астэрвы адбылася прэм’ера спэктакля купалаўцаў «Гусі-людзі-лебедзі», пастаўленага па адной з частак раману «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Рэжысэр — Аляксандар Гарцуеў. Пазьней спэктакль паказвалі ва Ўроцлаве, Беластоку, Варшаве.
8–9 кастрычніка 2022 году на сцэне Тэатру Польскага ў Варшаве адбылася прэм’ера спэктакля «Рамантыка» паводле «Балядаў і рамансаў» Адама Міцкевіча. Рэжысэр-пастаноўшчык — Мікалай Пінігін.
Крыху пазьней паставілі «Сфагнум» па Віктару Марціновічу. 22 сьнежня 2023 году прэм’ера прайшла ў Варшаве на сцэне Przodownik @Teatr Dramatyczny.
Увесну 2023 году ў Любліне «Купалаўцы» працавалі над спэктаклем па п’есе Сяргея Кавалёва «Юдыф». Ставіў яго рэжысэр Павал Пасіні, які раней з «Купалаўцамі» рабіў «Дзяды» Міцкевіча. Прэм’ера «Юдыфі» адбылася 14 ліпеня 2023 году на сцэне варшаўскага Teatr WAM.
12 жніўня 2023 году на сцэне тэатру TR Warszawa прайшла прэм’ера спэктакля «Плошча Перамогі» па Бахарэвічу. Рэжысэр — Аляксандар Гарцуеў.
Ставіць спэктаклі, ня маючы свайго памяшканьня, сваёй сцэны — надзвычай складана. Да таго ж некаторыя спэктаклі акторы адыгралі ўсяго раз, максымум тры-чатыры.
«Хацелася б мець сталую пляцоўку. Граць хаця б па 2–3 спэктаклі на месяц. Каб спэктакль жыў, яго часьцей трэба выконваць. Бо калі праз пэўны час яго аднаўляць, гэта як пачынаць яго наноў ставіць», — разважаў актор Алег Гарбуз.
Два памяшканьні адкінулі, шукаюць далей
Былы дырэктар Купалаўскага тэатру, прадстаўнік НАУ Павал Латушка расказаў, што ў сьнежні і студзені адбыліся перамовы з прадстаўнікамі польскай улады.
«На гэтых сустрэчах абмяркоўвалася ў тым ліку стварэньне сталай пляцоўкі ў Варшаве для беларускіх тэатральных дзеячоў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь і сёньня знаходзяцца ў Польшчы. Мы бачым канцэпт як пляцоўку для ўсіх тэатральных калектываў, што знаходзяцца ў Польшчы і, у прыватнасьці, у Варшаве», — расказаў Латушка.
Ён таксама паведаміў пра асобную сустрэчу пры ўдзеле «Купалаўцаў» з дырэктарам Бюро культуры варшаўскай мэрыі Артурам Юзьвікам. Бюро культуры прызначыла адказнага супрацоўніка, каб шукаць памяшканьне для беларускіх актораў.
«Разам з гэтым супрацоўнікам ужо прагледзелі два памяшканьні. Першае, на жаль, не адпавядае тэхнічным патрабаваньням, а па другім зараз ідзе працэс абмеркаваньня магчымасьці адпаведнай адаптацыі памяшканьня для тэатральнай сцэны. Пошукі пляцоўкі працягваюцца», — запэўніў спадар Латушка.
8 студзеня прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка,сустрэліся з прэзыдэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім.
«Мы атрымалі падчас гэтай сустрэчы дакладны мэсэдж пра тое, што неабходна вызначыць стратэгічныя кірункі, па якіх горад у далейшым мог бы аказаць падтрымку прадстаўнікам беларускай нацыянальнай культуры, што знаходзяцца ў Польшчы. Адным з такіх кірункаў, на нашу думку, безумоўна, павінна стаць стварэньне тэатральнай пляцоўкі для беларускіх тэатраў у Варшаве.
Таксама падтрымку ідэі стварэньня такой пляцоўкі з
мэтай захаваньня беларускай культуры і рэлякацыі ў будучым у новую
дэмакратычную Беларусь выказала маршалак Сэнату Польшчы Малгажата
Кідава-Блоньска», — кажа Павал Латушка.