Урад Польшчы звольніў кіраўніцтва вядучых СМІ
Новы польскі ўрад адправіў у адстаўку кіраўніцтва дзяржаўных СМІ, адзін канал спыніў вяшчанне. Улады Польшчы маюць намер аднавіць «легітымнасць і бесстароннасць» грамадска-прававых медыякампаній, якія яны абвінавачваюць у распаўсюдзе партыйнай прапаганды былой кіруючай партыі.
Новы праеўрапейскі ўрад Польшчы звольніў усё кіраўніцтва грамадска-прававых медыякампаній, піша «Нямецкая хваля».
Прынятае рашэнне закранае кіраўнікоў і назіральныя саветы тэлекампаніі TVP, Польскага радыё і інфармацыйнага агенцтва PAP. Пра гэта паведаміла ў сераду, 20 снежня, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Новыя назіральныя рады, якім трэба будзе абраць новых чальцоў праўлення, ужо прызначаныя. Неўзабаве пасля гэтага быў адключаны навінавы канал TVP Info, на якім з самае раніцы ў бесперапынным цыкле паказваліся толькі калядныя сюжэты.
Рэарганізацыя і пераарыентацыя зместу грамадскага вяшчання — адзін з прыярытэтаў урада Дональда Туска, удакладняе агенцтва dpa.
Новыя ўлады ў Польшчы абвінавачваюць СМІ ў распаўсюдзе партыйнай прапаганды на працягу апошніх васьмі гадоў кіравання нацыянал-кансерватыўнага ўрада, створанага партыяй «Права і справядлівасць» (ПіС).
Напярэдадні вечарам парламент краіны — Сейм — прыняў рэзалюцыю аб «аднаўленні легітымнасці і бесстароннасці» грамадскіх СМІ. У ёй гаворыцца, што СМІ страцілі свой мандат на прадастаўленне дакладнай і бесстаронняй інфармацыі і ператварыліся ў партыйныя СМІ.
Міністэрству культуры і Міністэрству дзяржаўных актываў, якое ўдзельнічае ў дзейнасці вяшчальнікаў праз кіраванне ўласнасцю, цяпер трэба будзе прыняць меры па выпраўленні сітуацыі.
Што адбываецца?
У галоўным офісе TVP пратэставалі журналісты і парламентарыі партыі «Права і Справядлівасць», паведамляе «Польскае радыё». Гэта стала рэакцыяй на рашэнне міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Барталамея Сянкевіча, які звольніў старшыняў Польскага тэлебачання, Польскага радыё, Польскага агенцтва друку і іх назіральныя органы.
Найбольш неспакойна змена кіраўніцтва адбывалася на грамадскім тэлебачанні TVP. Нават была выклікана паліцыя.
Прэс-сакратар каменданта варшаўскай паліцыі Сільвестар Марчак паведаміў, што паліцыя атрымала некалькі выклікаў у будынак тэлебачання на вуліцы Вароніча. Як падкрэслівае Сільвестар Марчак, мэта ўмяшання паліцыі – супакоіць канфлікты.
«Калі ёсць патрэба ў нашым умяшальніцтве і дапамозе з боку супрацоўнікаў паліцыі, заяўнікі могуць разлічваць на нас, незалежна ад таго, кім з'яўляецца заяўнік», – сказаў Сільвестар Марчак.
Еўропа крытыкавала польскія СМІ
Міжнародныя арганізацыі раскрытыкавалі аднабаковае асвятленне выбарчай кампаніі ў дзяржаўных СМІ Польшчы. У справаздачы Еўрапейскага цэнтру свабоды прэсы і СМІ (ECPMF), якая ў асноўным фінансуецца Еўракамісіяй, у прыватнасці, адзначалася, што польскія афіцыйныя СМІ «цалкам ператварыліся ў прапагандысцкае падраздзяленне кіроўнай "ПіС"» і ўдзельнічалі ў ачарненні яе крытыкаў.
Місія назіральнікаў АБСЕ на выбарах раскрытыкавала TVP за «відавочную перавагу "ПіС" у сваіх рэпартажах і ў той жа час адкрытую варожасць у дачыненні да апазіцыі».
Па выніках выбараў 15 кастрычніка ўрадавая большасць сфармавала трохпартыйны альянс былых апазіцыйных сіл на чале з былым прэм'ер-міністрам Польшчы і былым старшынём Еўрапейскай рады Дональдам Тускам. «ПіС», якая кіравала краінай з 2015 года, страціла ўладу.