«Калі нешта і хачу рабіць важнае ў жыцці, то буду гэта рабіць для Беларусі». Гісторыя беларускай эмігранткі
Рознымі шляхамі і з розных прычын беларусы і беларускі пакідаюць радзіму, але амаль ва ўсіх гісторыях рэхам гучыць «хачу вярнуцца»...
Не хацела быць эмігранткай
Аліна да прыезду ў Польшчу некалькі гадоў жыла ў Чэхіі, дзе атрымлівала вышэйшую адукацыю. Вучылася па спецыяльнасці «Кібернетыка і робататэхніка». Праўда, давучыцца і атрымаць дыплом там не ўдалося.
– Праз асабістыя прычыны вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Не хачу ў гэта паглыбляцца, але гэта было звязана са здароўем, з ментальным станам, — гаворыць дзяўчына ў размове з «Польскім радыё». — І наогул зразумела, што не з’яўляюся там часткай грамадства, бо ўвесь час адчувала да сябе стаўленне як да эмігранткі. А я не хацела быць эмігранткай, хацела вярнуцца ў Беларусь. І калі нешта і хачу рабіць важнае ў жыцці, то буду гэта рабіць для Беларусі. Асабліва на адлегласці пачала адчуваць Беларусь сваім домам.
Я прывыкла заўсёды вучыцца новаму
Другая яе адукацыя, якую Аліна атрымлівала ў Беларусі, была звязана з бізнэсам. Але і тут скончыць навучанне не ўдалося. Праз пераслед яе хлопца давялося з’ехаць з ім за мяжу, а калі распачаліся масавыя рэпрэсіі, вяртацца дзяўчына не стала.
– Ну вось так, такое жыццё. Гэта дастаткова дзіўна, бо ў мяне яшчэ ёсць нейкі незакрыты гештальт і мне здаецца, што хацела б пайсці ў акадэмічную сферу працаваць. І хочацца яшчэ раз пайсці вучыцца тут, у Польшчы. Так склаўся лёс, што заўсёды былі нейкія перашкоды. І я вельмі цяжка іх успрымала, бо была выдатніцай у школе, мне ўсе правалы даваліся вельмі цяжка. Потым зразумела, што і з такіх выпадкаў можна браць для сябе нешта карыснае. І цяпер адчуваю перавагу ў тым, што валодаю ведамі з розных галін і мне вельмі лёгка ўлівацца ў розныя працоўныя працэсы. Любая праца лёгка даецца, бо я прывыкла заўсёды вучыцца новаму.
Хачу больш ведаць пра гэты свет
Што датычыцца таго, каб паступіць трэці раз, Аліна кажа, што цяпер хацела б атрымаць класічную еўрапейскую адукацыю.
– І таму я разглядаю такі напрамак, ён у шмат якіх еўрапейскіх універсітэтах ёсць — гэта класічная еўрапейская адукацыя, калі ты вывучаеш адначасова мовы, матэматыку і г. д. Гэтым разам я хачу вучыцца не дзеля атрымання нейкай спецыяльнасці, а хачу ведаць больш пра гэты свет агулам.
Бяссілле — сімвал той траўмы
Дзяўчына вельмі балюча згадвае падзеі 2020 года ў Мінску. Хаця за краты яна не трапляла, але ўбачанае дагэтуль застаецца з ёю.
– Мне здаецца, што я і цяпер не магу апрацаваць усё тое, што тады адбылося. Памятаю, што такога жаху, як у той момант, не адчувала ніколі за сваё жыццё, і нават цяпер, калі ўспамінаю, дрыжыкі праходзяць унутры.
Аліна згадвае, што ў той час адчувала поўнае бяссілле. Жыццё навучыла, што любую праблему можна, калі добра і спакойна падумаць, вырашыць. А ў той сітуацыі выйсця не было, толькі жывёльны страх за сябе і блізкіх.
– Калі цяпер пра тое думаю, разумею, што гэта была калектыўная траўма, і пра гэта шмат хто гаворыць. А я кожны дзень бачу праявы гэтага ў розных маленькіх рэчах. Калі цягам дня здарыцца нешта дрэннае, то ўначы будзе сніцца кашмар, звязаны з падзеямі ў Беларусі. Там абавязкова будзе нешта кшталту АМАПа, міліцыі… Гэта яркі сімвал траўмы — калі нешта дрэннае правакуе ў цябе гэтыя ўспаміны.
Цяжка, калі не хочаш, а вымушаны
Нягледзячы на тое, што ў Аліны быў досвед эміграцыі, другі раз ёй давялося станавіцца эмігранткай вымушана, і гэта стала для яе нават больш складаным выпрабаваннем, чым першы раз.
– З аднаго боку, было прасцей, бо я ведала, як там некаторыя рэчы працуюць. І мовы ведала — англійскую і чэшскую, — а таму і польская лягчэй успрымалася. Але, з іншага пункту гледжання, калі ты ў сваім свядомым дарослым жыцці не хочаш быць эмігрантам, а вымушаны — гэта цяжка. Ты зноў адчуваеш бяссілле і не ведаеш, што з гэтым зрабіць.
Але гэта далёка не ўсе складанасці, якія пераследавалі Аліну на яе эмігранцкім шляху.
– Ну, вось цяпер я ў Польшчы, але ў мяне быў вельмі дзіўны шлях. На пачатку я пераехала ва Украіну, потым, яшчэ перад пачаткам вайны, у Грузію. Затым нейкі час жыла ў Літве і толькі потым трапіла ў Польшчу. У мяне краіны змяніліся адна за другой. І самым цяжкім было зразумець: а я ўвогуле дзе цяпер? Памятаю, паўгода ўжо жыла ў Польшчы. Іду па вуліцы, наогул такі стан дэрэалізацыі, і раптам — стоп, а як я тут апынулася, што я тут раблю?
Разумны чалавек заўсёды знойдзе, дзе зарабіць
А вось у бытавым жыцці праблем, паводле дзяўчыны, няма. Яна, усміхаючыся, кажа, што не вельмі патрабавальная да бытавых умоў. І ў адносінах з палякамі ўсё атрымліваецца: ёсць сябры, знаёмыя, ставяцца добра. Журналіст «Польскага радыё» пацікавіўся ў яе: у якой з краін, дзе давялося пабываць, чалавек мае найлепшыя магчымасці для жыцця?
– Мне здаецца, разумны чалавек знойдзе для сябе магчымасці паўсюль нармальна жыць. Да прыкладу, я часта бачу выказванні, што ў Беларусі малыя заробкі, але, зноў жа, разумны чалавек заўсёды знойдзе спосаб, як працаваць на замежную кампанію аддалена. А што датычыць магчымасцей — калі б я выбірала дзе вучыцца, то раіла б усім, што гэта лепш рабіць у Еўропе. Я пабачыла, што вучоба там накіравана на тое, каб ты сама вучылася нешта рабіць практычна і каб ведала, дзеля чаго гэта робіш. І мне такі падыход да вучобы падабаецца.
Не хачу разрываць сувязь з Беларуссю
Разважаючы пра эміграцыю, Аліна кажа, што самае складанае для яе — адарванасць ад сваіх бацькоў, і з гэтай праблемай яна дагэтуль не можа прымірыцца.
– Я дакладна хацела б вярнуцца. Ёсць, канешне, верагоднасць, што буду шмат пераязджаць, недзе вучыцца, працаваць, але, калі будзе магчымасць, дакладна не хачу разрываць сваю сувязь з Беларуссю. Я хацела б там жыць.