Хронікі рэпрэсій за 2 жніўня: Кубракоў адкрыў новы СІЗА ў Калядзічах; Вользе Вялічка прысудзілі 9 гадоў — завочна
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед па палітычных матывах у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1359 дзён, Дзяніс — 1239.
***
Сваякі палітзняволенай Алены Гнаук паведамілі, што ўжо паўтара месяцы не атрымлівалі ад яе лістоў, піша «Радыё Свабода».
Прычыны затрымкі з сувяззю ім невядомыя. У апошнім з атрыманых лістоў палітзняволеная «паведаміла, што жывая», падзяліўся інфармацыяй пра Алену Гнаук праваабаронца Уладзімір Вялічкін.
Актывістцы з Бярозы Алене Гнаўк 67 гадоў. З 2021 года яе судзілі тройчы. Цяпер яна адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 24 у Рэчыцкім раёне, прызначанай для тых, хто асуджаны болей за адзін раз. Вядома, што за час зняволення жанчына значна схуднела, у яе пагоршылася здароўе, але, паводле крыніц, якія з ёй кантактавалі, яна трымаецца і на ўмовы не наракае.
***
Сілавікі затрымалі мужчыну, які адправіў паведамленне ў бот «Чорнай кнігі Беларусі». Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, піша «Медыязона». Па якім артыкуле ён затрыманы і ў якім ён статусе, не паведамляецца.
На міліцэйскім відэа мужчына кажа, што «ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мітынгах і шэсцях», быў падпісаны на «прызнаныя экстрэмісцкімі каналы» і нібыта некалькі разоў адправіў інфармацыю ў бот «Чорнай кнігі Беларусі».
На відэа сілавікоў паказаны скрыншот яго паведамлення ў чат-бот канала «МотолькоПомоги» ад 20 лістапада 2020 года, у якім ён паведамляе пра міліцыянтаў каля дома на вуліцы Слабадской у Мінску.
***
За данаты затрымалі мужчыну, які нядаўна вярнуўся ў Беларусь з Літвы. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы», чатыры разы фінансаваў «экстрэмісцкія фарміраванні», а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», затрыманы — Чэслаў Герасімовіч. Мужчына працуе ў IT-сферы.
***
8 ліпеня суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў 67-гадовага Аляксея Палюховіча да 2,5 года «хатняй хіміі» паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 Крымінальнага кодэкса), але стала пра гэта вядома толькі цяпер, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
У чым канкрэтна абвінавацілі мужчыну, невядома. Палюховіч знаходзіўся ў ІЧУ Полацка з 29 лістапада 2023 года па 7 сакавіка 2024 года. Яго судзілі шэсць разоў па адміністрацыйных артыкулах аб «пікетаванні» (арт.24.23 КаАП) і «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
***
Гродзенскі абласны суд 2 жніўня ў парадку спецвытворчасці вынес прысуд па справе псіхалагіні, былой дырэктаркі дзіцячага хоспіса ў Гродне Вольгі Вялічка.
Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яе вінаватай па шэрагу крымінальных артыкулаў і прызначыў ёй 9 гадоў пазбаўлення волі і штраф 12 000 рублёў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Гродзенскі дзіцячы хоспіс, якім яна кіравала раней, ліквідаваны па рашэнні мясцовых уладаў, а сама Вольга са снежня 2020 года жыве за мяжой і працягвае працу па развіцці сістэмы паліятыўнай дапамогі дзецям і дарослым.
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 12 чалавек — цяпер у ім 4273 прозвішчы, паведамляюць праваабаронцы.
2 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі палітзняволеную Кацярыну Новікаву, фінансавага кансультанта Уладзіміра Нікіціна, грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова.
***
29 ліпеня КДБ прызнаў «Нацыянальна-дэмакратычную платформу» «экстрэмісцкім фарміраваннем». На абноўлены спіс звярнулі ўвагу праваабаронцы «Вясны».
У склад «фарміравання» ўключылі суполкі ў Фэйсбуку «Нацыянальна-дэмакратычная платформа» (34 удзельнікі), «Ультыматум да Лукашэнкі» (25 падпісчыкаў) і тэлеграм-канал «Акцыі "Ультыматум"» (207 падпісчыкаў).
Сярод людзей, якія датычныя да НДП, пазначаны Віталь Макаранка — адзін з абвінавачаных па справе аб «захопе ўлады», і Анатоль Фёдараў.
***
З удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова 2 жніўня адкрыўся новы комплекс будынкаў следчага ізалятара № 1 Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Мінску і Мінскай вобласці. Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
У якасці падарунка на наваселле міністар падараваў СІЗА сертыфікат на тэлевізар, паведамляе прэс-служба МУС.
Комплекс размяшчаецца на тэрыторыі прамысловай зоны «Калядзічы» каля вёскі Пашкавічы ў Мінскім раёне.
«Кіраўнік ведамства азнаёміўся з комплексам збудаванняў, які, апроч рэжымнага корпусу, уключае Рэспубліканскі агульнасаматычны шпіталь, адміністрацыйны будынак, спартыўна-культурны цэнтр, гаспадарчы блок, інтэрнат для супрацоўнікаў. Там кіраўнік зазірнуў у госці да сям’і аднаго з навасёлаў — пагутарыў, уручыў падарункі», — адзначае МУС.
У новы комплекс СІЗА пераехаў у красавіку гэтага году з Пішчалаўскага замка на вуліцы Валадарскага ў Мінску (так званай «Валадаркі»).
Узвесьці «комплекс будынкаў і збудаванняў» следчага ізалятара і Рэспубліканскага агульнасаматычнага шпіталя ў прамзоне «Калядзічы» Аляксандар Лукашэнка даручыў яшчэ 7 чэрвеня 2010 года ўказам № 288. Чакалася, што шпіталь пабудуюць да 2013 года, але тэрміны завяршэння будоўлі штогод пераносіліся.
***
На 12 жніўня ў Гомельскім абласным судзе запланавана судовае пасяджэнне, на якім будуць разглядаць справу, у якой ураджэнку Жлобіна Аліну Галінскую абвінавачваюць паводле ч.1 арт.130 КК («Распальванне варожасці»). Працэс прызначаны весці суддзя Сяргей Багінскі, піша «Гомельская вясна».
Аліна працавала фельчаркай у Жлобінскай цэнтральнай раённай лякарні. У 2020 годзе яе прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за выказванні супраць міліцэйскага гвалту да пратэстоўцаў.
Летась Галінскую зноў затрымала міліцыя, але гэтым разам у Гомелі — на «пакаяльным відэа» яе прымусілі сказаць, што яна была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і пакідала там каментары.
***
У Брэсцкім абласным судзе працягваецца судовы працэс над палітзняволенай Наталляй Малец паводле ч.1 і ч.2 арт.361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Справу разглядае суддзя Руслан Сянько, піша «Наша Ніва» са спасылкай на праваабаронцаў.
Наталля ўжо была асуджана ў снежні 2022 года за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) на 1,5 года «хатняй хіміі».
У верасні 2023 года жанчыну зноў затрымалі і змясцілі пад варту. Сілавікоў зацікавіла «падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў». Верагодна, затрыманне звязана з удзелам Наталлі ў закрытай суполцы ў Facebook «Письма Солидарности Беларусь 2020», якую ў снежні прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 547 дзён, Максіма Знака — 541 дзень, Мікалая Статкевіча — 538 дзён, Ігара Лосіка — 529 дзён, Віктара Бабарыкі — 467 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 397 дзён, Уладзіміра Гундара — 364 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1390 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1487 чалавек. Сярод іх — 192 жанчыны і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.