Коршунаў: Новая рэпрэсіўная хваля працягнецца мінімум год

Рэжым рыхтуецца да выбараў — так можна патлумачыць чарговую хвалю рэпрэсій, якая пачалася ў 2024 годзе. Сёлета сацыёлагі зафіксавалі абсалютны максімум выпадкаў пераследу па палітычных матывах.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ціск на беларускае грамадства і рэпрэсіі супраць тых, каго ўлады лічаць сваімі апанентамі, у 2024 годзе толькі ўзмацняюцца. Да такіх высноў прыходзіць аўтар трэцяй справаздачы «Барометр рэпрэсій у Беларусі», старшы эксперт «Цэнтра новых ідэй», сацыёлаг Генадзь Коршунаў. Анлайн-прэзентацыя даследавання адбылася ў сераду, 31 ліпеня.

Коршунаў не толькі аналізуе даныя за другі квартал 2024 года, але і параўноўвае іх з паказчыкамі за апошнія чатыры гады. Так, на думку экспэрта, можна ацаніць «эвалюцыі карных практык» рэжыму. У справаздачы выкарыстоўваюцца звесткі праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускага Хельсінкскага камітэта, праваабарончых арганізацый «Lawtrend», «Human Constanta» і «Dissidentby». Пры гэтым адзначаецца, што большасць колькасных характарыстык даследавання варта інтэрпрэтаваць як мінімальна магчымыя паказчыкі, піша «Deutsche Welle».

Ціск будзе расці да канца кампаніі-2025

На думку Коршунава, напрыканцы мінулага года ў Беларусі пачалася новая «рэпрэсіўная хваля». Рост ціску на беларускае грамадства будзе працягвацца мінімум да канца выбарчай кампаніі 2025-га года.

«Барометр рэпрэсій» аналізуе некалькі кірункаў «карна-рэпрэсіўнай сістэмы» рэжыму: запалохванне людзей, затрыманні і арышты, а таксама кантроль над грамадствам. «Калі казаць пра маштабы затрыманняў, то з 2020 года, з пачатку электаральнай кампаніі, затрымана мінімум 50 тысяч чалавек. А хутчэй за ўсё больш, магчыма, значна больш», — адзначае Коршунаў. На яго думку, звесткі за трэці квартал 2020 года, калі было затрымана больш за 20 тысяч чалавек, трэба разглядаць асобна — «штосьці параўноўваць з гэтымі лічбамі немагчыма».


Глядзіце таксама

Што тычыцца наступных масавых затрыманняў, то яны прыйшліся на пачатак 2021 года (мінімум 2,5 тысячы чалавек), першы квартал 2022-га (1777 затрыманых), што звязана з пратэстамі супраць пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У другім і трэцім кварталах 2023-га да ўсплёску затрыманняў прывёў падрыў расійскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах. У даследаванні адзначаецца і рост колькасці затрыманых спачатку 2024 года — 987 чалавек.

Крымінальны пераслед беларусаў развіваецца хвалепадобна

Паводле слоў Коршунава, у красавіку 2024 года зафіксаваны адзін з месячных максімумаў па ліку вядомых выпадкаў адміністрацыйнага пераследу — больш за 530 кейсаў.

«Лічбы па крымінальным пераследзе могуць быць вышэй дзесьці на 20%, таму што справы закрытыя, не ўсё даходзіць да медыя і праваабаронцаў», — адзначае сацыёлаг. Крымінальны пераслед беларусаў, нязгодных з дзеяннямі ўладаў, развіваецца хвалепадобна. Першая хваля, больш за 700 асуджаных па крымінальных справах, прыпадае на другую палову 2021 года. Другая, якая закранула амаль 900 чалавек, — на сярэдзіну 2023-га. За другі квартал 2024 года па крымінальных справах асуджаныя 450 чалавек. «Гэта фактычна абсалютны максімум за апошнія чатыры гады», — кажа Коршунаў.

Юрыст «Вясны»: «Няма вялікай надзеі на скарачэнне рэпрэсій»

Што тычыцца колькасці палітвязняў, з канца 2022 года яна застаецца прыкладна на адным узроўні — каля 1450 чалавек. «З пачатку прэзідэнцкай кампаніі праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі больш за 3300 чалавек, у тым ліку амаль 600 жанчын», — дадае аўтар справаздачы.

Улады не толькі робяць сур'ёзныя намаганні, каб схаваць звесткі пра тых, хто падвяргаецца палітычным рэпрэсіям, але і ціснуць людзей, якія гэтыя звесткі збіраюць, адзначыў падчас прэзентацыі юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка. Паводле яго слоў, такі ціск, у прыватнасці, аказваўся на валанцёраў, якія хадзілі ў суды.


Глядзіце таксама

«У мяне няма вялікай надзеі на скарачэнне рэпрэсій. Гэты ўзровень будзе хутчэй відазмяняцца», — лічыць Сапелка. Паводле яго слоў, у 2025 годзе мінае тэрмін даўнасці прыцягнення па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у пратэстных акцыях 2020 года, але «застаюцца іншыя склады злачынстваў, якія выкарыстоўваюць улады».

Юрыст таксама адзначыў, што з пачатку электаральнай кампаніі 2020 года ў Беларусі распачата больш за 19 000 крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці». «Гэтая лічба паказвае поле для далейшых рэпрэсій», — перакананы праваабаронца.

Як улады запалохваюць насельніцтва?

Генадзь Коршунаў таксама лічыць, што ўлады выкарыстоўваюць так званае «антыэкстрэмісцкае» заканадаўства для запалохвання насельніцтва. У «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» на канец чэрвеня 2024 года было каля 4300 пазіцый. 

«Цяпер "экстрэмісцкімі матэрыяламі" прызнаюцца забаўляльныя, пазнавальныя рэсурсы, персанальныя старонкі», — звяртае ўвагу Коршунаў. Аналітык таксама мяркуе, што з часам у спіс будуць уносіць усё менш пазіцый, «проста таму што ўжо няма чаго».

Што тычыцца «экстрэмісцкіх фарміраванняў», гэты статус улады пачалі прысвойваць восенню 2021 года, тады такімі былі прызнаныя 26 арганізацый. Але максімум — 30 арганізацый — выпаў на другі квартал 2024-га. Коршунаў лічыць, што гэта звязана з выбарамі ў Каардынацыйную раду беларускай апазіцыі — усе групы, уключаныя ў выбарчыя спісы, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Выбары, на думку эксперта, таксама паўплывалі на рост колькасці людзей, уключаных у «спіс экстрэмістаў» у гэты перыяд. Калі ў першым квартале 2024-га «экстрэмістамі» прызналі 279 чалавек, то ў другім — 485.

 У «спісе тэрарыстаў», размешчаным на сайце КДБ, паводле звестак на 28 чэрвеня, было больш за 1000 чалавек, амаль 450 з іх — беларусы.