Хто найбольш патрэбны беларусам: праваабаронцы, ваяры ці грамадзянская супольнасць?

Даследаванні, якія праводзяць сацыёлагі, паказваюць, што беларускае грамадства зацікаўленае ў існаванні розных — і разнастайных — ініцыятыў.

_belarus_minsk_centr__ljuty_2024_fota_novy_czas__6__logo.jpg

— Працуем далей над артыкуламі, якія мы прысвяцілі аналізу беларускага дэмакратычнага руху, — піша Генадзь Коршунаў на «Цэнтры новых ідэй». — Гэтым разам давайце звернем увагу на тое, як прадэмакратычная частка беларускага грамадства ацэньвае дзейнасць найбольш публічных і вядомых ініцыятыў, праектаў і суполак.

Традыцыйна мы зробім гэта на базе звестак з двух даследаванняў, якія сумесна праводзіліся «Цэнтрам новых ідэй» ды ініцыятывай «Народнае апытанне» (цяпер — «Ёсць пытанне»). Першае даследаванне праводзілася з 9-га да 17-га чэрвеня 2024 года (у ім прынялі ўдзел 975 чалавек). Другое даследаванне праводзілася за год да першага — з 18-га да 29-га чэрвеня 2023 года (выбарка склала 1226 рэспандэнтаў).


Глядзіце таксама

І ў адным, і другім даследаванні задавалася некалькі аднолькавых пытанняў, датычных той тэмы, што мы сёння ўздымаем. Адно з такіх пытанняў тычылася таго, якія грамадскія ініцыятывы і суполкі рэспандэнты ведаюць. Атрымалася наступная градацыя:

Пра дзейнасць каго з наступных грамадскіх ініцыятыў і суполак Вы ведаеце?

  • «Кіберпартызаны» — 90% (2023), 93% (2024)
  • Полк імя Кастуся Каліноўскага — 94% (2023), 93% (2024)
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» — 89% (2023), 89% (2024)
  • «Беларускі Гаюн» — 72% (2023), 78% (2024)
  • BySol — 72% (2023), 75% (2024)
  • ByPol — 87% (2023), 75% (2024)
  • План «Перамога» — 75% (2023), 69% (2024)
  • BelPol — 67% (2024)
  • ByHelp — 65% (2024)
  • Дадатак «Новая Беларусь» — 34% (2023), 56% (2024)
  • «Сумленныя людзі» — 46% (2023), 50% (2024)
  • Платформа Politzek.me — 42% (2023), 49% (2024)
  • INeedHelpBy — 41% (2024)
  • «Стоп Прапаганда» — 20% (2024)
  • Рух «ДвижБот» — 9% (2023), 13% (2024)

Некаторых пазіцый летась не было ў спісе ініцыятыў і арганізацый, таму даныя за 2023 год адсутнічаюць.

Першыя тры месцы, як і ў мінулым годзе і, фактычна, з тым жа самым узроўнем вядомасці, займаюць полк імя Кастуся Каліноўскага (у якога, дарэчы, днямі змянілася кіраўніцтва), «Кіберпартызаны» і праваабарончы цэнтр «Вясна». Іх ведаюць практычна 9 з 10 апытаных, і нават больш. Адзначым, што гэтыя ініцыятывы і арганізацыі часцей адзначалі рэспандэнты з дыяспары, чым з Беларусі.


Глядзіце таксама

Пра дзейнасць каго з наступных грамадскіх ініцыятыў і суполак Вы ведаеце?

  • Полк імя Кастуся Каліноўскага — 96% (2023), 96% (2023, дыяспара), 88% (2024), 96% (2024, дыяспара)
  • «Кіберпартызаны» — 88% (2023), 95% (2023, дыяспара), 86% (2024), 97% (2024, дыяспара)
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» — 86% (2023), 94% (2023, дыяспара), 79% (2024), 94% (2024, дыяспара)
  • «Беларускі Гаюн» — 66% (2023), 83% (2023, дыяспара), 64% (2024), 85% (2024, дыяспара)
  • BySol — 63% (2023), 88% (2023, дыяспара), 52% (2024), 85% (2024, дыяспара)
  • ByPol — 85% (2023), 91% (2023, дыяспара), 52% (2024), 85% (дыяспара)
  • План «Перамога» — 71% (2023), 85% (дыяспара), 63% (2024), 72% (2024, дыяспара)
  • BelPol — 53% (2024), 73% (2024, дыяспара)
  • ByHelp — 49% (2024), 73% (2024, дыяспара)
  • Дадатак «Новая Беларусь» — 18% (2023), 62% (2023, дыяспара), 21% (2024), 73% (2024, дыяспара)
  • «Сумленныя людзі» — 42% (2023), 57% (2023, дыяспара), 42% (2024), 53% (2024, дыяспара)
  • Платформа Politzek.me — 31% (2023), 63% (2023, дыяспара), 30% (2024), 58% (2024, дыяспара)
  • INeedHelpBy — 52% (2024), 85% (2024, дыяспара)
  • «Стоп Прапаганда» — 19% (2024), 21% (2024, дыяспара)
  • Рух «ДвижБот» — 7% (2023), 14% (2023, дыяспара), 9% (2024), 15% (2024, дыяспара)

За імі ідуць «Беларускі Гаюн», ByPol, BySol і план «Перамога» — іх ведаюць двое з траіх апытаных. І, як у папярэднім выпадку, асноўную долю ведаў тут дэманструюць прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Адносна другой групы варта звярнуць увагу на тое, што цягам года «Беларускі Гаюн» стаў крыху больш вядомым (+6 п.п.). Распазнавальнасць BySol засталася на практычна тым жа ўзроўні, што і была. А вось ByPol згубіў 10 п.п. Хутчэй за ўсё, гаварыць менавіта пра тое, што пра іх забыліся, не выпадае. Тут мы маем выпадак не «забыцця», а «адмаўлення» праз падзеі з электаральнай рассылкай у плане «Перамога». Пра гэта гаворыць у тым ліку і «забыццё» пра план «Перамога», які за год згубіў 6 п.п. Больш ні адна з ініцыятыў ці арганізацый свой узровень вядомасці цягам года не панізіла.

Трэцяя група – BelPol, ByHelp, дадатак «Новая Беларусь», «Сумленныя людзі» і платформа Politzek.me. Іх ведаюць палова ці крыху болей апытаных. У гэтай групе адзначым платформу «Новая Беларусь», якая дзякуючы арганізацыі выбараў у Каардынацыйную раду 3-га склікання падвысіла сваю пазнавальнасць на 22 п.п.

У чацвёртую групу, прадстаўнікі якой вядомыя меней чым палове апытаных, трапілі NeedHelpBY, «Стоп Прапаганда» і рух «ДвижБот».


Глядзіце таксама

Другі момант, на які мы звярнулі ўвагу, — гэта пытанне пра карыснасць гэтых арганізацый і ініцыятыў для Беларусі. Тут мы маем нешта даволі падобнае да градацыі вядомасці ініцыятыў, але з важнымі асаблівасцямі.

Першая група — полк імя Кастуся Каліноўскага, «Кіберпартызаны» і ПЦ «Вясна» — застаюцца і лідарамі паводле карыснасці для Беларусі.

А вось у другой групе, карыснасць прадстаўнікоў якой прызнаюць больш за палову апытаных, адносна мінулага года мы маем значныя змены. Па-першае, тут застаюцца «Беларускі Гаюн» і BySol, у якіх ацэнкі карыснасці падвысіліся на 9 і 11 п.п. адпаведна. Па-другое, сюды трапляюць ByHelp і BelPol, пра якія не пыталі ў мінулым годзе. Па-трэцяе, з групы выпалі ByPol і план «Перамога». У ByPol’а ацэнкі карыснасці для Беларусі ўпалі ў 2 разы, у плана «Перамога» — на траціну.

Ацэнкі астатніх ініцыятыў і арганізацый — INeedHelpBY, «Сумленныя людзі», «Стоп Прапаганда», рух «ДвижБот» — бачныя ніжэй.

Дзейнасць якіх з наступных ініцыятыў і суполак Вы ацэньваеце як карысную для Беларусі?

  • «Кіберпартызаны» — 81% (2023), 89% (2024)
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» — 81% (2023), 83% (2024)
  • Полк імя Кастуся Каліноўскага — 83% (2023), 82% (2024)
  • «Беларускі Гаюн »— 66% (2023), 73% (2024)
  • BySol — 56% (2023), 67% (2024)
  • ByHelp — 53% (2024)
  • BelPol — 50% (2024)
  • Дадатак «Новая Беларусь» — 27% (2023), 49% (2024)
  • Платформа Politzek.me — 38% (2023), 41% (2024)
  • «Сумленныя людзі» — 46% (2023), 50% (2024)
  • INeedHelpBy — 41% (2024)
  • План «Перамога» — 45% (2023), 30% (2024)
  • ByPol — 55% (2023), 28% (2024)
  • «Стоп Прапаганда» — 24% (2024)
  • Рух «ДвижБот» — 9% (2023), 13% (2024)

Напрыканцы згадаем яшчэ адно пытанне, хаця яно і не з ліпеньскага, а з чэрвеньскага даследавання. Гэта пытанне пра беларускіх ветэранаў расійска-ўкраінскай вайны (і з палка імя Кастуся Каліноўскага, і з іншых баявых адзінак УСУ). Мы пацікавіліся, ці трэба аказваць падтрымку былым беларускім добраахвотнікам.


Глядзіце таксама

Як Вы лічыце, ці трэба аказваць падтрымку былым добраахвотнікам палка імя Кастуся Каліноўскага?

  • Так, дапамога неабходная — 61% (агулам), 52% (па Беларусі), 65% (па дыяспары)
  • Так, дапамога хутчэй неабходная — 28% (агулам), 30% (па Беларусі), 27% (па дыяспары)
  • Цяжка сказаць — 9% (агулам), 15% (па Беларусі), 6% (па дыяспары)
  • Не, дапамога ім хутчэй не патрэбная — 1% (агулам), 0% (па Беларусі), 2% (па дыяспары)
  • Не, дапамога дакладна не патрэбная — 1% (агулам), 3% (па Беларусі), 0% (па дыяспары)

Як мы бачым, пераважная большасць апытаных (амаль 90%) выказваюцца за неабходнасць дапамогі былым ваярам. Прычым так лічаць і рэспандэнты з Беларусі, і з дыяспары.

А што датычна пытання пра тое, якая менавіта дапамога патрэбная, то тут, паводле меркаванняў апытаных, мусіць быць комплекс, куды варта ўключаць перадусім псіхалагічны, медыцынскі, юрыдычны і фінансавы складнікі. А ў дадатак да іх пажадана ўлічваць пытанні працаўладкавання і адукацыі.

Калі дапамога былым добраахвотнікам неабходная, то, як Вы лічыце, якая дапамога патрэбная ў першую чаргу?

  • Псіхалагічная — 81%
  • Медыцынская — 64%
  • Юрыдычная (з дакументамі) — 63%
  • Фінансавая — 61%
  • Працаўладкаванне — 50%
  • Адукацыйная (новая спецыяльнасць) — 41%