Хронікі рэпрэсій за 12 ліпеня: новы прысуд Эдуарду Бабарыку; у былога вядоўцы АНТ канфіскавалі кватэру; шматдзетнай маці далі 6 гадоў калоніі
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі апошнія навіны з беларускага канвеера рэпрэсій.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1338 дзён, Дзяніс — 1218.
***
Палітзняволенаму Эдуарду Бабарыку дадалі паўтара года зняволення, паведамляе «Белсат».
Сына экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі (таксама знаходзіцца ў няволі) абвінавачвалі паводле ч.2 арт.411 Крымінальнага кодэкса — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Справу разглядаў суддзя Павел Карцінін на выязным пасяджэнні ў калоніі.
Эдуарда Бабарыку прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі ў ліпені 2023 года. Пры гэтым у тэрмін не ўключылі час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачванні — паўтара года. Эдуарда прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў КК.
Палітвязень адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі. Там на яго ўвесь час аказваецца ціск з боку адміністрацыі калоніі, і з 1 красавіка яго змясцілі ў ПКТ.
***
Вядомы беларускі суддзя Аляксандр Сырыца апынуўся за кратамі за стварэнне баскетбольнага чата. Пра гэта стала вядома «Еўрарадыё». Яго затрымалі ў студзені 2024 года, калі ён вяртаўся ў Беларусь. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА. Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання».
Сырыца раней лічыў, што прыезд у Беларусь не звязаны з вялікімі рызыкамі. На мяжы затрымалі таксама і яго жонку (яна адсядзела «суткі»). А ўдзельнікаў чата выклікалі на допыт.
Аляксандр Сырыца на працягу многіх гадоў быў адным з найлепшых баскетбольных арбітраў Беларусі. Суддзя FIBA з 2005 года. У 2019 годзе разам з калегамі Сырыца падаў у суд на Федэрацыю баскетбола, прайграў і трапіў у «чорны спіс». Жыў у Аўстраліі, займаўся бізнэсам, часта бываў ва Украіне.
16 студзеня КДБ прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» фонд «Fund of Belarus Friend LTD» — тады паведамлялася, што дачыненне да яго мае грамадзянін Беларусі Аляксандр Сырыца.
***
У былога вядучага ён і блогера Івана Падрэза канфіскавалі кватэру. Пра гэта ён расказаў на сваёй старонцы ў Instagram.
Паводле слоў Падрэза, у кватэры пражывала яго маці, якую «выкінулі з яе».
«У Беларусі, дзе ў мяне была кватэра, я цяпер "экстрэміст". Кватэра, якой я афіцыйна валодаў, цяпер канфіскаваная. Маю 78-гадовую маму выкінулі з яе. Яна правяла тры тыдні ў шпіталях, а потым у сяброўкі... Гэта пекла. Гэта па-за ўсялякай мараллю. Выкінуць 78-гадовую жанчыну з дому. Як вы ўсё гэта трываеце?» — напісаў ён.
***
Суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прысудзіў мясцовага жыхара Юрыя Бандарэнку да 1,5 гадоў калоніі за «абразу Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК), піша MAYDAY.TEAM.
Прысуд вынеслі 10 ліпеня, але ён стаў вядомы толькі цяпер.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у траўні 2024 года Бандарэнка знаходзіўся побач з адной з крам у цэнтры Бабруйска, дзе пачаў гучна выказвацца на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Навакольныя гэта пачулі і паведамілі ў міліцыю.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Сваю віну Бандарэнка ў судзе прызнаў.
***
Шматдзетнай маці далі 6 гадоў калоніі па 6 артыкулах, сын-падлетак з інваліднасцю чакае яе на волі. Як і тры дарослыя дачкі, піша «Наша Ніва».
Надзеі Лапцёнак (Ажгірэнка) 51 год. Паводле звестак, якія здабыў праект DIT дзякуючы базам «Кіберпартызанаў», родам яна з буйной вёскі Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна.
Большую частку жыцця Надзея пражыла ў Мінску. Даволі рана выйшла замуж, у 19 гадоў нарадзіла першую дачку, а праз год — другую.
Працавала на вельмі простых працах: памочніцай выхавацелькі ў дзіцячым садзе, санітаркай у бальніцы і псіханеўралагічным інтэрнаце, у камбінаце «Вітамін», што корміць хворых, якія ляжаць у бальніцах. А ў 2004-м нарадзіла яшчэ адну дачку.
Тры дачкі Надзеі ўжо дарослыя. Малодшы сын Надзеі 2010-га года нараджэння і, паводле звестак праваабаронцаў, мае інваліднасць.
Надзею судзілі ў снежні 2023-га. Яе абвінавачвалі ў «закліках да санкцый» (ч.3 арт.361 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК), «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369), «уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання» (ч.3 арт.361) і «абразе суддзі» (арт.369). Прысуд — шэсць гадоў калоніі.
Судзіў яе Сяргей Кацар, які лічыцца адным з самых жорсткіх «палітычных» суддзяў Беларусі. Ён працаваў па некалькіх дзясятках палітычных крымінальных спраў, па якіх прысудзіў дзясяткі, калі не сотні гадоў зняволення (па многіх са спраў прысуды невядомыя). І яшчэ па вялікай колькасці адміністрацыйных спраў — толькі па вядомых ён прысудзіў каля 1500 сутак арыштаў і больш за 27 тысяч рублёў штрафаў.
У сакавіку 2024 года прайшла апеляцыя, прысуд Надзеі ўступіў у сілу. Цяпер яна ў гомельскай жаночай калоніі.
Неўзабаве яе ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў», а пасля — і «тэрарыстаў».
***
Камітэт парафіі Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску 11 ліпеня апублікаваў адкрыты ліст да нядаўна прызначанай першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч, піша «Салідарнасць».
У лісце на рускай мове каталікі расказалі пра сітуацыю з Чырвоным касцёлам, які закрыты ўжо амаль два гады «на падставе рамонту храма, які не патрабуе яго і не пацярпеў ад узгарання», а аднаўленчыя работы ў прыбудове, дзе было ўзгаранне, дагэтуль не вядуцца.
Касцёл прыходзіць у заняпад, адзначаюць у парафіі. Вернікі просяць Пяткевіч паспрыяць вяртанню храма і падкрэсліваюць, што могуць сваімі сіламі зрабіць там неабходны рамонт.
Раней падобны ліст прыход пісаў на адрас старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, але гэта ніяк не змяніла сітуацыю.
***
Пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы затрымалі жыхара Мінска, паведамляе «Вясна». Мужчына выказаў падтрымку Украіне і сказаў, што падтрымаў бы полк Каліноўскага.
Сярод іншага, на «пакаяльным відэа» мужчыну прымусілі сказаць, што ён «нагаварыў гадасцей пра нашу суседку Расію, якую я вельмі люблю».
***
Сілавікі затрымалі дзяўчыну, якая вярнулася з Польшчы. Ролік з ёю апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, піша «Медыязона».
На відэа дзяўчына ў бэжавай майцы кажа, што ў 2020 годзе «ўдзельнічала ў мітынгу» і пакідала «негатыўныя каментары» ў чатах, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». У адным з каментароў яна выказала здагадку, што «амапаўцы знаходзяцца на амфетаміне».
У 2021 годзе дзяўчына з'ехала ў Польшчу і стварыла чат «Беларусы Tarnogaj». У чаце абмяркоўваліся бытавыя тэмы і «тэмы экстрэмісцкага характару». У 2024 годзе дзяўчына вярнулася ў Беларусь.
***
4 ліпеня суд Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці прызнаў тэлеграм-канал ініцыятывы «Адно акно» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Інфармацыю на абноўлены спіс звярнуў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Служба «Адно акно» створана ў 2023 годзе і пазіцыянуе сябе як інфармацыйна-кансультатыўная платформа для сацыяльнай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій.
Акрамя гэтага, у спіс дадалі тэлеграм-каналы «Tamashevich_War», «WHITE LIVES MATTER», «NSDAP Archive», «Чат Беларусь LIVE»; аўдыёкнігу «Дзённікі 1945 года. Апошнія запісы Ёзэфа Гебельса»; ютуб-канал праекта «Будзьма беларусамі».
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 526 дзён, Максіма Знака — 520 дзён, Мікалая Статкевіча — 517 дзён, Ігара Лосіка — 509 дзён, Віктара Бабарыкі — 446 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 376 дзён, Уладзіміра Гундара — 343 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1403 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1508 чалавек. Сярод іх — 190 жанчын і 5 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.