Спікер Дзярждэпа ЗША: NATO хоча пабудаваць сувязі з Беларуссю
Святлана Ціханоўская запрошана на саміт NATO ў Вашынгтоне. Што гэта азначае для Беларусі, а таксама пра іншыя пытанні, у якіх ЗША зацікаўленыя адносна нашай краіны, у інтэрв'ю Зеркалу адказаў Дэніэл Сайзек, спікер Дзярждэпартамента ЗША.
«Часам дыпламатыя павінна праходзіць ціха»
— Нядаўна Аляксандр Лукашэнка адпусціў некаторых палітвязняў. Ці былі ЗША неяк задзейнічаныя ў кулуарнай дыпламатыі, каб гэта стала магчымым?
— Я не магу даць афіцыйную інфармацыю па гэтым пытанні. Але ЗША вітаюць рашэнне вызваліць гэтых палітычных зняволеных і асуджаюць тое, што рэжым у Беларусі выкарыстоўвае гэтыя фальшывыя крымінальныя справы супраць апанентаў, каб іх пасадзіць у турму. Таму Штаты заклікаюць вызваліць усіх астатніх — і сёння. Што тычыцца таго, як гэта [вызваленне ўладамі некалькіх дзясяткаў чалавек] здарылася, — я магу толькі агульнымі словамі адказаць, што часам дыпламатыя павінна праходзіць ціха, каб быць эфектыўнай. Не заўсёды магчыма пацвердзіць ролю, якую ЗША маглі б адыграць.
— У мінулы раз, калі мы з вамі размаўлялі і абмяркоўвалі магчымасць Вашынгтона заняцца вызваленнем палітвязняў, вы сказалі: «Рэжым павінен вызваліць усіх палітвязняў неадкладна. Гэта пазіцыя ЗША. Цяжка разумець думкі рэжыму Лукашэнкі і таго, што ён робіць. Але цяжка прадказаць, што насамрэч уплывае на гэты рэжым». Што стала прычынай таго, што беларускі палітык цяпер вызваліў частку людзей, мы дакладна не ведаем. Ці гатовыя ўлады ЗША цяпер пайсці на перамовы з Лукашэнкам, каб вызваліць яшчэ частку палітвязняў?
— У мяне няма афіцыйнага адказу. Але наша пазіцыя — што рэжым павінен адразу, неадкладна вызваліць адразу ўсіх палітычных зняволеных — вельмі ясная. На жаль, і на пачатку гэтага месяца былі [новыя] прысуды апанентам рэжыму, што паказвае, што гэтая недэмакратычная дзяржава гатовая амаль на ўсё [у дзеяннях] супраць уласнага народа. Цяжка вызначыць, чаму менавіта прэзідэнт краіны зрабіў тое, што зрабіў: некаторых вызваліў — яшчэ некаторых асудзіў. Я б сказаў, але гэта толькі меркаванне, што ён сам разумее, што яму, напэўна, карысна палепшыць свой імідж перад сваім уласным народам. Хоць пераважная большасць людзей у Беларусі разумеюць, што ён за лідар, што ён за прэзідэнт.
— Чаму вы называеце Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам?
— Ну, гэта яго афіцыйная пазіцыя ў Беларусі. Гэта не значыць, што ЗША таксама прызнаюць гэта. Можа быць, лепш яго называць лідарам краіны, хоць гэта таксама, безумоўна, недэмакратычны лідар.
«Людзі ў ЗША вельмі паважаюць Ціханоўскую, прэзідэнт хоча пачуць яе меркаванне»
— Беларускія ўлады і прапагандысты не раз гаварылі, што Паўночнаатлантычны альянс пагражае Беларусі. А ці бачыць NATO сёння пагрозу ў нашай краіне? Калі так, то ў чым менавіта?
— Што тычыцца беларускага народа, NATO не нясе аніякай пагрозы, таму што альянс, лідары яго краін, прэзідэнт ЗША разумеюць, што народ не падтрымлівае рэжым у краіне і хоча міру. І што дэмакратычны рух Беларусі адыгрывае вельмі важную ролю пры гэтым. Але ў Беларусі трэба ўлічваць і тое, што робіць Беларусь. Напрыклад, размяшчэнне ядзернай зброі — вельмі безадказны крок Крамля, але гэта факт. Усе разумеюць, што кіраўнік Беларусі, давайце яго так называць, не дзейнічае незалежна ад Крамля. Таму, калі расійская ўлада хоча дыслакаваць [свае] Узброеныя сілы або нават ядзерную зброю ў Беларусі, на жаль, яна ў дадзены момант не можа адмовіцца ад гэтага. Трэба гэта разумець, але і вельмі дакладна бачыць розніцу паміж народам і ўладай.
— Чаму на саміт NATO ў Вашынгтоне была запрошаная Святлана Ціханоўская?
— Яе запрасілі, таму што прэзідэнт ЗША і лідары краін NATO хочуць пачуць яе меркаванне, таму што разумеюць, што ў Беларусі вельмі важнае размяшчэнне ў Еўропе — паміж Расіяй, Польшчай і Украінай. Але не толькі дзеля гэтага. Яны хочуць лепш разумець, што адбываецца ў Беларусі, якія перспектывы ёсць для дэмакратычнага руху і якія парады [ёсць] у Святланы Ціханоўскай, [каб] гэты рух падтрымаць, як ставіцца да Беларусі і што рабіць з гэтым рэжымам. Гэта вельмі важна.
NATO — гэта не толькі ваенны і абаронны альянс. Гэта таксама група краін, якія падзяляюць агульныя каштоўнасці. Вядома, не заўсёды на 100% або без памылак, праблем. Так, таксама ёсць рознае. Гэта альянс і з Венгрыяй, і Турцыяй, але, тым не менш, у асноўным NATO заснавана на дэмакратычных каштоўнасцях. І яго лідары, у тым ліку і прэзідэнт Джо Байдэн, разумеюць, што ёсць агульныя каштоўнасці з дэмакратычным рухам Беларусі, які Святлана Ціханоўская ўзначальвае. NATO таксама хоча пабудаваць сувязі з Беларуссю, магчыма — з дэмакратычнай Беларуссю, якая магла б існаваць у будучыні. І гэта вельмі-вельмі магчыма. Святлана Ціханоўская магла б быць лідаркай гэтай краіны. Гэта галоўная прычына, чаму яе запрасілі.
Вы, напэўна, ужо ведаеце, што яна напісала артыкул у «The Washington Post» разам з Нэнсі Пэлосі, папярэдняй спікеркай Палаты прадстаўнікоў ЗША (Нэнсі Пэлосі ў мінулым двойчы займала гэтую пасаду. — Заўв. рэд.), вельмі важнай палітычнай дзяячкай тут. І гэта таксама паказвае ўплыў і важнасць Ціханоўскай тут, людзі ў ЗША яе вельмі паважаюць.
— Не так даўно «The Washington Post» са спасылкай на ўкраінскіх чыноўнікаў паведамляла, што Кіеў атрымаў дазвол біць амерыканскай зброяй па аб'ектах унутры Расіі, якія размешчаныя не далей чым за 100 кіламетраў ад мяжы. Гэта значыць, што дазвол не распаўсюджваецца на ключавыя расійскія аэрадромы, з якіх узлятаюць самалёты і абстрэльваюць Украіну. Чаму дыстанцыя менавіта такая і ці можа яна ў найбліжэйшай будучыні быць перагледжана?
— ЗША і іншыя партнёры Украіны ўжо ў нейкай ступені карэктавалі [сваю] палітыку ў гэтым пытанні. А што тычыцца абароны Харкава, напрыклад, — было ясна два месяцы таму, што патрэбныя нейкія карэктывы. Таму што на расійскім баку была значная перавага праз ранейшую палітыку. Патрэбныя былі змены, і важныя.
На дадзены момант пытанне абмяркоўваецца. Сярод еўрапейцаў і ў Адміністрацыі прэзідэнта Байдэна пакуль няма канчатковага рашэння. ЗША як ядзерная дзяржава маюць асаблівую адказнасць у свеце. Расія, дарэчы, таксама, але, мяркуючы па тым, якую рыторыку ўсе чуюць ад Масквы на дадзены момант, цяжка сказаць, што расійская ўлада паводзіць сябе адказна. Тым не менш, ЗША вельмі добра разумеюць, што трэба дзейнічаць адказна, бо няма стану вайны паміж ЗША і Расіяй, NATO не ў вайне з Расіяй, і гэта важна. Гэта адважныя ўкраінцы абараняюць сваю краіну, ваююць за свабоду і сваю будучыню з падтрымкай ЗША і Еўропы. Калі ЗША разглядаюць гэтую сітуацыю, яны хочуць пазбегнуць любой эскалацыі ў пытанні ядзернай зброі. Я не кажу, што ў гэтым прычына, што пытанне [далёкасці магчымых удараў УСУ па аб'ектах унутры Расіі] усё яшчэ абмяркоўваецца. Але калі казаць увогуле, праз гэта часам патрэбныя доўгія дыскусіі перад змяненнем такой палітыкі. Я не ведаю і не магу сказаць дакладна сёння, якія вынікі будуць.