Эмоцыі 2020-га пакуль не сталі ўспамінам — мы ўсё яшчэ перажываем іх
Генадзь Коршунаў для «Цэнтра новых ідэй» аналізуе эмацыйны складнік прадэмакратычнай часткі беларусаў. З якімі пачуццямі мы жывём сёння?
Генадзь Коршунаў працягвае аналізаваць тыя змены, якія адбыліся ў прадэмакратычнай частцы беларускага грамадства за мінулы год. Гэтым разам у фокусе ўвагі эмацыйны складнік масавай свядомасці.
Аналіз будуецца на базе параўнання двух даследаванняў, якія праводзіліся «Цэнтрам новых ідэй» сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне». Першае даследаванне было праведзена з 8 па 10 жніўня 2022 года, у якасці метаду апытання выкарыстоўвалася інтэрнэт-апытанне аўдыторыі (CAWI з рэкрутацыяй рэспандэнтаў з дапамогай мэсэнджараў Viber і Telegram; аб'ём выбаркі — 2326 чалавек). Другое даследаванне праводзілася з 26 па 30 ліпеня 2023 года пры дапамозе таго ж метаду збору інфармацыі. У ім узялі ўдзел 1561 рэспандэнт (ка), з якіх 995 знаходзяцца ў Беларусі.
І ў тым, і ў іншым выпадку асаблівасцю выбарак была прэзентацыя меркаванняў не ўсяго беларускага грамадства, але толькі яго прадэмакратычнай часткі.
Першы артыкул быў скончаны пералікам сэнсаў, якімі рэспандэнты надзяляюць падзеі 2020-21 гадоў: мы ўбачылі, што нас большасць (шмат), што насамрэч уяўляе сабой улада Лукашэнкі, а таксама з'яўленне надзеі, веры ў магчымасць змен.
Да пераліку сэнсаў варта дадаць і эмоцыі, якія рэспандэнты адчуваюць адносна тых падзей. Вядома, гэта дваістыя пачуцці: з аднаго боку, гонар і павага, з другога — злосць, лютасць, абурэнне (57% і 54% адпаведна). І ўсё гэта на фоне расчаравання і крыўды, адчаю і бяссілля, гора і болю.
Дадзеныя даследаванні паказваюць, што за мінулыя гады эмоцыі калі і прытупіліся, то не нашмат. Прычым у тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну, напал пачуццяў вышэйшы — практычна кожная эмоцыя з прапанаванага рэспандэнтам спектра ў беларускіх мігрантаў мае большую колькасць выбараў, чым у рэспандэнтаў у Беларусі, у тым ліку і «гора, боль», і «страх, трывога».
Пра трывожнасць у даследаванні задавалася і асобнае пытанне — у прывязцы да турбот адносна наступстваў падзей 2020-21 гадоў асабіста для чалавека. Тут мы бачым, што агульны ўзровень трывожнасці застаецца высокім: 75% апытаных паказалі, што адчуваюць такі неспакой (часта або зрэдку).
Таксама застаецца высокай і ступень эмацыйнай уключанасці ў падзеі трохгадовай даўніны. Як у і леташнім замеры, практычна ¾ рэспандэнтаў паказалі, што з той ці іншай частатой перажываюць успышкі ўспамінаў і ўсплёскі эмоцый адносна падзей 2020-21 гадоў.
Пры гэтым, верагодна, варта гаварыць пра тое, што намячаецца тэндэнцыя да зніжэння вастрыні эмацыйнага фону, звязанага з 2020-21 гадамі. Гэта відаць па змяншэнні долі тых, хто, адказваючы, выбірае экстрэмальныя варыянты: часта трывожыцца адносна персанальных наступстваў ад гэтых падзей, часта перажывае «флэшбэкі дваццатага». Іх долі нязначна, але зніжаецца.
Таксама паступова пачынае абмяжоўвацца роскід метадаў барацьбы з трывогай. Калі год таму пры адказе на пытанне аб тым, што чалавек робіць для зніжэння сваёй трывожнасці, адзін рэспандэнт у сярэднім адзначаў 2,5 варыянты, то цяпер — 2,3. Зрэшты, іерархія метадаў не змянілася. На першых месцах застаюцца эскапісцкія метады, з дапамогай якіх людзі спрабуюць стабілізаваць свой псіхалагічны стан (сыход у хатнія справы, працагалізм, роздум пра будучыню, абмежаванне спажывання навін).
Гіпатэтычны трэнд на зніжэнне напружання выяўляецца ў размеркаваннях адказаў і на іншыя пытанні. Напрыклад, на пытанне пра гарызонты планавання. Калі летась жыццёвыя планы даўжэйшыя чым на месяц мелі 44% рэспандэнтаў, то сёлета — ужо 54% (сярод прадстаўнікоў дыяспары — 79%). Людзі ўсё больш вучацца выжываць у той сітуацыі, у якой яны аказаліся.
Наколькі ўстойлівай можа аказацца гэтая тэндэнцыя на «заспакаенне» эмацыйнага фону — не зусім ясна. Таму што, нават будучы ў бяспецы (што, тэарэтычна, павінна быць у беларусаў, якія пакінулі краіну) у людзей не знікае цалкам ні пачуццё трывогі, ні флэшбэкі падзей 2020-21 гадоў. Нават з улікам пабудовы планаў на будучыню і шырокага набору практык, з дапамогай якіх нашы мігранты спрабуюць змагацца з пачуццём трывогі. Дарэчы, у іх найбольшая колькасць выбараў такіх варыянтаў — 2,9.