Хронікі рэпрэсій, 31 ліпеня. Айцішніку з A1 пагражае да 10 гадоў калоніі за данаты

Колішняга пракурора Воранаўскага раёна, імаверна, судзяць за «распальванне варожасці». Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра рэпрэсіі ў Беларусі сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук

Заснавальніка і кіраўніка Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслава Івашкевіча і аўтара відэапраграм медыяпраекта Сяргея Чалага ўнеслі ў базу вышуку расійскага МУС, паведаміла «БАЖ».

Раней паведамлялася пра знаходжанне ў гэтай базе траіх былых супрацоўнікаў БРЦ, а цяпер журналістаў «Бюро Медыя».

Айцішніка з A1 пачынаюць судзіць за данаты — яму пагражае да 10 гадоў калоніі

Максіму Рэмезаву 43 гады. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на сеткавага інжынера. Пачынаў кар'еру на Мінскім электрамеханічным заводзе. Пасля працаваў праграмістам у розных фірмах — IBA і Netland. У 2022-м перайшоў на пасаду System architect у кампанію A1.

Таксама Максім захапляўся бегам. Ён удзельнічаў у аматарскіх чэмпіянатах па марафонскім бегу ў трыятлоне, дзе рэгулярна ўваходзіў у дзясятку найлепшых атлетаў, піша «Наша Ніва».

Суд над Максімам пачынаецца сёння, 31 ліпеня. Яго вінавацяць па двух артыкулах — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-2 КК) і «фінансаванне або іное матэрыяльнае забеспячэнне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Судзіць яго будзе суддзя Вікторыя Паляшчук.

Імаверна, колішняга пракурора Воранаўскага раёна судзяць за «распальванне варожасці»

Імя Віталя Валер'евіча Саўко з'явілася ў раскладзе судоў. Працэс ужо пачаўся ў Брэсцкім абласным судзе. Яго абвінавачваюць па трэцяй частцы артыкула 130 КК — «распальванне варожасці ці варажнечы». Віталя судзіць Дзмітрый Карасінскі.

Пракурору Саўко 33 гады. Родам ён з горада Дзятлава Гродзенскай вобласці. Пасля ён паехаў вучыцца ў Гродна і працаваць у пракуратуру. У 2022-2023 гадах мужчына выконваў абавязкі пракурора Воранаўскага раёна, пасля працаваў старшым пракурорам у адным з аддзелаў пракуратуры Гродзенскай вобласці.

«Наша Ніва» не знайшла сведчанняў таго, каб Саўко на сваёй пасадзе быў датычны да рэпрэсій.

Віталь актыўна даваў інтэрв'ю дзяржаўным медыя. Апошняе выйшла ў ліпені 2023-га, хоць раней яны публікавалі рэгулярна, раз на адзін-два месяцы. Сацсеткі мужчыны выдаленыя.

Судзяць гродзенскага айцішніка, які нядаўна вярнуўся з Польшчы 

Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пачынаюць судзіць 29-гадовага Дзмітрыя Глушчанку. Мужчына працаваў айцішнікам, яго затрымалі незўабаве пасля вяртання ў Беларусь з Польшчы. На відэа яго затрымання трапіў супрацоўніка ГУБАЗіК, які на спіну начапіў сцяг СССР і георгіеўскую стужку.

Яго абвінавачваюць паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Справу разглядае суддзя Уладзімір Пазняк.

Разам з Дзмітрыем судзяць Андрэя Карповіча. Падрабязнасці справы невядомыя.

Затрымалі кухара мінскага рэстарана IL FORNO

На «пакаяльным відэа» мужчыну прымусілі прызнацца ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, напісанні негатыўных каментароў, а таксама ў тым, што ён нібыта даслаў ініцыятыве «Чорная кніга Беларусі» інфармацыю пра свайго суседа-міліцыянта.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — 35-гадовы Аляксей Шэлест.

У Брэсце затрымалі супрацоўніка «Гефеста»

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» рэсурсы, а ў 2020-ым годзе прымаў удзел у акцыях пратэсту — стаяў у счэпцы, а таксама выкрыкваў лозунгі.

Сёння пачалі судзіць жлобінца па «народным» артыкуле

У судзе Жлобінскага раёна 31 ліпеня пачаўся судовы працэс супраць Данііла Дземідзенкі паводле ч. 1 арт. 342 КК за удзел у пратэсных акцыях. Справу разглядае суддзя Яўген Ерафееў, які вынес як мінімум 35 палітычна матываваных прысудаў. 

Даніілу 24 гады. Апошні раз хлопей быў анлайн у канцы чэрвеня. Мяркуючы па ягоных сацсетках, Данііл вычыўся ў Жлобінскім тэхналагічным каледжы і цікавіцца аўтамабілямі.

У Беларусі +6 новых палітвязняў

Гэта Сяргей Харытановіч, Нэлі Алфёрава, Сяргей Лашчанка, Ігар Мезін, Уладзімір Нікіцін, Станіслаў Швайкоўскі.

Мільённыя ўкраінскія Telegram-каналы і сайт з гісторыямі катаванняў беларусаў — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

Сёння Міністэрства інфармацыі абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншых, у яго трапіў сайт «Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі», а таксама вялікі шэраг матэрыялаў з яго, старонкі ў Instagram былога валейбаліста зборнай Беларусі Артура Удрыса і баскетбалісткі Алены Леўчанкі, фільм «Беларускi пасляваенны антысавецкi супрацiў 1944-1957 г.г.».

Акрамя таго, у спіс трапілі сайт і сацсеткі «Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый», мільённыя ўкраінскія Telegram-каналы «Всевидящее ОКО Украина | Новости» і «Труха Україна», а таксама больш за 50 розных рэлігійных відэа, старонак, кніг.

Затрыманы дырэктар магілёўскай фірмы «Трансмайстаральянс»

Сцвярджаецца, што мужчына прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Плана Перамога».

Затрыманы — Сяргей Радзькоў. Ягоная фірма займаецца вырабам металаканструкцый і агульнабудаўнічымі працамі.