Журналістаў Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова прысудзілі да зняволення і буйных штрафаў

Магілёўскі абласны суд учора, 31 ліпеня, асудзіў журналістаў Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова да зняволення і штрафаў па 200 базавых велічынь. Абодва журналісты прызнаныя палітычнымі вязнямі. Вядома, што Алеся Сабалеўскага збівалі падчас допыту супрацоўнікі ГУБАЗіК. Зрэшты, улады не пакідаюць у спакоі не толькі журналістаў, што вымушана з’ехалі з Беларусі пад пагрозай рэпрэсій, але і іх родных: за два месяцы зладзілі 21 вобшук.

fota_dzmitryja_dzmitryeva__5__logo__2_.jpg

Журналіста Алеся Сабалеўскага і відэааператара Яўгена Глушкова вінавацілі ва ўдзеле у экстрэмісцкім і ўзброеным фармаваннях. Судовы працэс распачаўся 12 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе, з таго моманту адбылося пяць судовых пасяджэнняў. 31 ліпеня прагучаў прысуд, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Алесю Сабалеўскаму прысудзілі 4 гады зняволення ў калоніі, Яўгену Глушкову — 3 гады.

Таксама абодвум прызначаныя вялікія штрафы – кожнаму па 200 базавых велічынь (гэта значыць, па 8 000 рублёў). Справу разбіраў суддзя Магілёўскага абласнога суда Дзмітрый Крэнжыеўскі.

Алеся Сабалеўскага і  Яўгена Глушкова судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • частак 1 і 3 артыкула 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім),
  • часткі 1 артыкула 361–3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, вайсковых дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка да такога ўдзелу).

Абодва журналісты прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Глядзіце таксама

З чаго ўсё пачалося?

Журналіста і блогера Алеся Сабалеўскага затрымалі 12 снежня 2023 года. На наступны дзень суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызначыў яму адміністрацыйнага арышт на 10 сутак. Ужо ў ізалятары часовага ўтрымання адбыўся другі адміністрацыйны суд, журналісту ізноў прызначылі арышт, звінаваціўшы ў «распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Але і пасля другога арышту на волю Сабалеўскі не выйшаў: на пачатку студзеня 2024 года яго перавялі ў следчы ізалятар пры турме № 4.

Паводле інфармацыі ад тых, хто знаходзіўся ў адной камеры з Сабалеўскім у ізалятары часовага ўтрымання, журналіста збівалі падчас допыту супрацоўнікі ГУБАЗіК. На ягоным целе доўгі час былі відаць сляды катавання. 

Такім чынам вымагаліся прызнанні ў тым, што ён супрацоўнічаў з рэдакцыяй 6tv.by — выданнем, якое 29 лістапада мінулага года было прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем». На момант затрымання Алесь Сабалеўскі не супрацоўнічаў са СМІ — ён адышоў ад журналістыкі і працаваў у сферы паслуг.

Відэаператар-фрылансер Яўген Глушкоў быў затрыманы на пачатку студзеня 2024 года. Паколькі ён жыў адзін, то пра яго затрыманне стала вядома не адразу — знаёмыя распачалі пошукі, калі зразумелі, што ён ужо некалькі дзён не выходзіць на сувязь. Некаторы час пасля затрымання Глушкова ўтрымлівалі ў ІЧУ, а потым перавялі ў следчы ізалятар пры турме № 4.

Глядзіце таксама

Яўген Глушкоў шмат гадоў працаваў на магілёўскім гарадскім тэлебачанні, на пачатку 2000 х супрацоўнічаў з некалькімі гарадскімі парталамі. Але апошнім часам ніякай грамадскай ці журналісцкай дзейнасцю не займаўся і вёў даволі замкнёны лад жыцця.

Падрабязнасці справы, дзе фігурантам з’яўляецца відэааператар-фрылансер Яўген Глушкоў, сталі вядомыя з відэа, што размяціў у сваёй стужцы блізкі да магілёўскіх міліцэйскіх структур тэлеграм-канал. У так званым «прымусова-пакаяльным» відэа затрыманы кажа, што з 2017 года супрацоўнічаў з інтэрнэт-рэсурсам 6tv.by, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Глядзіце таксама

Сумная статыстыка БАЖ: Мінімум 21 вобшук адбыўся па адрасах журналістаў, якія працягваюць працу за мяжой

У чэрвені — ліпені 2024 года адбыўся як мінімум 21 вобшук па месцы рэгістрацыі ў Беларусі журналістаў, якія выехалі за мяжу і працягваюць працу, паведамляе «Позірк» са спасылкай на інфармацыю Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сілавікі прыязджалі з пастановамі на ператрус у сувязі з заведзенымі на прадстаўнікоў медыя крымінальнымі справамі.

“Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць новую хвалю ператрусаў спосабам ціску на журналістаў і медыя. Улады не пакідаюць у спакоі не толькі журналістаў, што вымушана з’ехалі з Беларусі пад пагрозай рэпрэсій, але і іх родных”, — адзначае БАЖ.

На дадзены момант за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 37 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя.

Нагадаем, сярод іншых сілавікі ў ліпені прыходзілі да бацькоў вядучых акаўнта партала “Люстэрка” ў “ЦікТоку”. Праўладныя рэсурсы апублікавалі відэазапіс з імі пасля затрымання. З яго вынікае, што праведзены вобшукі, накладзены арышт на маёмасць. Бацькоў журналістаў вымусілі сказаць на камеру, што яны асуджаюць дзейнасць сваіх дзяцей, “праз якіх маюць вялікія непрыемнасці”. Лёсы затрыманых невядомыя.

Да таго ж “шэраг дадатковых крымінальных спраў узбуджаны ў дачыненні да цік-ток вядучых экстрэмісцкага фарміравання “Люстэрка”.

Паводле БАЖ