Асаблівы беларускі экстрэмізм: медыя, дэмсілы, структуры салідарнасці

Дзясяткі гадоў беларусы жывуць нібы ў Залюстрэччы, але апошнім часам гэтае Залюстрэчча стала дасягаць дна абсурду. Усё чорнае даўно названа белым, а белае запісана ў «экстрэмісты».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Як асаблівы феномен «экстрэмісцкія фарміраванні» ў Беларусі з'явіліся ў 2021 годзе дзякуючы новай рэдакцыі закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», арыентаванай на мэтанакіраваны пераслед любога іншадумства ў Беларусі. Прызнанне каго-небудзь «экстрэмісцкім фарміраваннем» адбываецца ў пазасудовым парадку, для гэтага дастаткова рашэнняў МУС ці КДБ. За любое супрацоўніцтва з арганізацыямі або ініцыятывамі, унесенымі ў пералік «экстрэмісцкіх» (напрыклад, інтэрв'ю медыя), можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 10 гадоў, піша Генадзь Коршунаў для «Цэнтра новых ідэй».

Важна, што дзеянне гэтага закона мае зваротную сілу. Гэта значыць, улады могуць рэпрэсаваць чалавека за супрацоўніцтва з «экстрэмісцкім фарміраваннем» за той перыяд, калі яно такім яшчэ не з'яўлялася. І апраўдальных рашэнняў па такіх справах беларускія суды не выносяць.

На пачатак красавіка 2024 года ўмоўныя месцы ў спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» размяркоўваюцца наступным чынам:

  • практычна чвэрць пазіцый (24%) тут належыць лакальным супольнасцям — перш за ўсё дваровым і раённым;
  • другое месца (17%) — розныя структуры салідарнасці, як карпаратыўна-прафсаюзнага тыпу, так і трансгранічнага; Зрэшты, другое месца можна прысвоіць і ўсім незалежным беларускім медыя, калі аб'яднаць класічныя СМІ і новыя сеткавыя медыя (а таксама блогераў). У такім выпадку іх доля складзе 23%, паасобку: нью-медыя — 13%, класічныя — 10%. У далейшым гэтых суб'ектаў беларускай медыя-прасторы мы будзем разглядаць пераважна асобна;
  • трэцяе і чацвёртае месцы (па 13%) дзеляць новыя медыя (блогеры, невялікія сеткавыя медыя і інфармацыйна-навінавыя праекты), а таксама праекты і ініцыятывы, якія тым ці іншым чынам заклікалі да актыўнага супраціву рэжыму або займаліся дэананімізацыяй сілавікоў Лукашэнкі;


Глядзіце таксама

  • пятае месца (11%) — гэта зборная група («Рознае»), сфармаваная па рэшткавым прынцыпе; у якую ўключаны «фарміраванні», чый «экстрэмісцкі профіль» вызначыць цяжка (як, напрыклад, «Саюз маці Беларусі», «Tor Band» або «Валейбол па выхадных»). Да гэтай групы аднесены і ўсяго дзве наяўныя ў спісе групы сапраўды патэнцыйна экстрэмісцкага характару — «WHITE H8CORE 88» і «Гідра»;
  • шостае месца (10%) — класічныя медыя. Тут варта адзначыць, што, хоць у пераліку «экстрэмісцкіх фарміраванняў» медыя займаюць толькі адну дзясятую частку, яна ўключае практычна 100% незалежных беларускіх СМІ: «БелаПАН», «Белсат», «Радыё Свабода», «Наша Ніва», «КУКУ», «ТУТ.бай», «Еўрарадыё», «Хартыя-97», «Маланка», «Зеркало» і цэлы шэраг іншых;
  • сёмае месца (4%) — дэмакратычныя суб'екты. У дадзеным выпадку сітуацыя паўтарае тое, што мы пісалі пра беларускія медыя: практычна ўсе структуры беларускіх дэмакратычных сіл аднесены да ліку «экстрэмісцкіх фарміраванняў»;
  • восьмае месца (3%) — праваабарончыя арганізацыі і рэсурсы;
  • дзявятае месца (3%) — дыяспаральныя супольнасці; гэтая група хоць на дадзены момант і знаходзіцца ў хвасце іерархіі, хутчэй за ўсё, будзе пашырацца сілавікамі;
  • замыкае пералік з доляй у 2% група, умоўна названая «антылукашэнкаўскія рэсурсы». Гэта суполкі кшталту «STOP LUKA» або «Лукавіца».

Тое, супраць каго перш за ўсё будзе выкарыстоўвацца залічэнне ў «экстрэмісты», вызначылася практычна адразу: гэта лакальныя супольнасці, дваровыя і раённыя. Ужо ў год з'яўлення «пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» іх доля склала 37% (10 пазіцый у абсалютным выражэнні).

У той жа час на другім месцы ў дадзеным спісе аказаліся структуры «сілавога профілю», («Кібер-партызаны», «Рэвалюцыйнае дзеянне», BYPOL і інш.). Трэцюю пазіцыю па частаце прызнання «экстрэмісцкімі» мелі розныя структуры салідарнасці кшталту «Рабочы рух», «Фонд салідарнасці BYSOL» або платформа «Сход».


Глядзіце таксама

У 2022 годзе напрамкі інструментальнага выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства крыху падкарэктавалі. Больш увагі сталі надаваць стурктурам салідарнасці (у пералік увайшлі «Сумленныя людзі», «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», «Беларускі незалежны прафсаюз РЭП» і інш.). Таксама сярод «экстрэмісцкіх фарміраванняў» павялічылася доля блогераў і сеткавых медыя (да NEXTA і «МКБ» дадаліся «Беларусь галаўнога мозгу», «Чай з малінавым варэннем», «Радыё Гаага» і іншыя).

У 2022 годзе ў «экстрэмісцкія фарміраванні» залічылі і большую частку незалежных класічных медыя. Тады ж у гэты пералік трапіла і першая супольнасць беларусаў замежжа — «Прафесійны саюз беларусаў у Брытаніі».

Спецыфікай 2023 года стала дыверсіфікацыя намаганняў сілавікоў па напаўненні пераліку «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Вынікам гэтых намаганняў стала не толькі больш раўнамернае размеркаванне доляў сярод асноўных груп, але і выхад на першае месца зборнай каманды «Рознае». Апошні факт, мабыць, сведчыць пра тое, што сілавікі адчувалі пэўныя цяжкасці па напаўненні свайго пераліку і залічвалі ў склад «экстрэмістаў», што маглі. Напрыклад, «Startup Hub "Imaguru"», праект «Рыцарскія гісторыі» або супольнасць «Жопа с усамі».

Дарэчы, пра хаатызацыю ў працэсе кваліфікацыі чаго-небудзь як «экстрэмісцкага», гаворыць не толькі дынаміка прызнання супольнасцей «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» (пра гэта таксама пісалі калегі). Тая ж самая тэндэнцыя назіраецца і ў практыцы вызначэння «экстрэмісцкімі» інфармацыйных крыніц.


Глядзіце таксама

Таксама адметнай асаблівасцю 2023 года сталі прызнанне «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» праваабарончых арганізацый (ПЦ «Вясна», Dissidentby, «Лісты салідарнасці Беларусь 2020») і «дазалічэнне» ў «экстрэмісты» абыдзеных раней увагай незалежных медыя.

Каб меркаваць пра спецыфіку 2024 года, квартальных даных пакуль што відавочна недастаткова. Затое іх цалкам хапае для таго, каб убачыць дынаміку пазіцый у «пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Прычым як паквартальную, так і памесячную.

Даныя паказваюць, што ўстойлівы трэнд на зніжэнне тэмпаў папаўнення пераліку, які існаваў раней, пераламаўся. І чакаць паляпшэння становішча спраў у гэтым кірунку, на жаль, падстаў няма.