Хронікі рэпрэсій. Палітзняволеная Аксана Зарэцкая выйшла на волю
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 11 красавіка.
Палітзняволеная Аксана Зарэцкая выйшал на волю.
Аксана — сяброўка асноўнага складу Каардынацыйнай рады першага склікання, трэнерка па этыкеце і бізнес-камунікацыях, культуралагіня, магістарка педагогікі. Яна мае дваіх дзяцей.
Палітзняволеную асудзілі на 1,5 года калоніі. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Тэрмін яна адбывала ў гомельскай жаночай калоніі № 4. Напачатку красавіка жанчына выйшла на волю.
Беларускамоўнай настаўніцы пагражае да 10 гадоў турмы за
падтрымку Украіны і ўдзел у пратэстах, паведамляе «Наша Ніва».
Затрыманай Дар'і Хмяльніцкай 23 гады, родам яна з Мінска. Пасля гімназіі яна паступіла на філфак БДУ на спецыяльнасць «усходняя філалогія», вучыла кітайскую мову. Яе дыплом быў прызнаны адным з найлепшых дыпломаў філфака 2022-га. Пасля заканчэння ўніверсітэта Дар'я пайшла працаваць у сваю альма-матэр, 23-ю гімназію ў Мінску, і паступіла ў магістратуру філфака БДУ.
Таксама яна ўдзельнічала ў конкурсах па напісанні эсэ і перакладах на беларускую мову. Летась яна заняла другое месца на конкурсе «Зярцала словаў» у катэгорыі «мастацкі пераклад кітайскай прозы на беларускую мову».
Імаверна, яе затрымалі ўлетку 2023-га. Яе вінавацяць па двух артыкулах — ч. 1 арт 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях). Суд над дзяўчынай пачнецца 22 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе.
У Брэсцкім абласным судзе восьмага красавіка асудзілі Аляксея Германа паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).
Суддзя Андрэй Сіз прызначыў Аляксею па сукупнасці пакаранняў пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 200 базавых велічыняў (8000 рублёў).
Як паведамілі на сайце Вярхоўнага суда, мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у сакавіку-красавіку 2022 года, нібыта «з’яўляючыся ўдзельнікам экстрэмісцкага фарміравання, пераследуючы мэту вядзення дэструктыўнай, экстрэмісцкай дзейнасці», размясціў у «экстрэмісцкім» чаце паведамленні, у якіх суд пазней знайшоў склад злычынстваў па названых вышэй крымінальных артыкулах. Ну думку суда паведамленні былі «накіраваныя ў тым ліку на абвастрэнне напругі ў грамадстве, дэстабілізацыю абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь».
Пракуратура накіравала ў суд справу ў дачыненні да дарадцы
Ціханоўскай Франака Вячоркі. Яго
збіраюцца судзіць завочна.
Франаку інкрымінаваныя дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Акрамя таго, яму прад'явілі пазоў «у інтарэсах дзяржавы» аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў суме больш за 30,9 млн рублёў, «прычыненай супрацьпраўнымі дзеяннямі».
У Гродне затрымалі дырэктара агенцтва нерухомасці за каментары ў сацсетках. Паводле звестак «Медыязоны», гаворка пра Рамана Смірнова.
На прымусовым відэа мужчына «прызнаецца» ў тым, што ўдзельнічаў у пратэстах, пісаў каментары пра службовых асоб і Лукашэнку, а таксама нібыта адпраўляў інфармацыю ў чат-бот «Беларусі галаўнога мозгу» і Nexta.
У Бабруйску
затрыманы кіраўца пагрузчыка 32-гадовы Андрэй Тарабенка.
Сцвярджаецца, што ён «аказваў садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням», прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», а таксама ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэста.
У Глыбокім журналіста Змітра Лупача публічна абвясцілі «злачынцам». Фотаздымкі мужчыны і дваіх яго дзяцей вывесілі на інфармацыйным стэндзе каля Глыбоцкага РАУС, дзе размяшчаюць абвесткі пра тых, каго шукае міліцыя. Цяпер там ёсць і асобны спіс пад назвай «Злачынцы», хаця суду над пераважнай большасцю гэтых асобаў не было і іх вінаватасць у нейкіх злачынствах не даказаная.
Пра Змітра паведамляецца, што ён «схаваўся ад следства», а таксама пазначана ч.1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
На гэтым самым стэндзе каля Глыбоцкага РАУС размешчаныя і фотаздымкі ягоных дзяцей — сына Валянціна і дачкі Кацярыны, якія цяпер таксама жывуць у замежжы.
У глыбоцкі «спіс злачынцаў», абвешчаных такімі без суду і следства, трапіла і Людміла Барэйка, якая прыдумала лозунг «Стоп таракан». Следчы камітэт распачаў супраць яе «спецвытворчасць», бо жанчына таксама была вымушаная з’ехаць за мяжу, піша БАЖ.
У Беларусі новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — гэта інтэрнэт-праект
«Чаго брэшаш?», які займаецца разборам беларускай прапаганды. Адпаведнае
рашэнне прынятае МУС 10 красавіка.