«Гэта вельмі сумна, але лічу, што смерцяў за кратамі будзе шмат»

Прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна — пра тое, чаму шостая смерць палітзняволенага, на жаль, не стане апошняй. І што мы маем рабіць дзеля аднаўлення справядлівасці.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg.webp

9 красавіка ў брэсцкім СІЗА памёр яшчэ адзін беларускі палітвязень, падпалкоўнік запасу Аляксандр Кулініч, які чакаў суда за «абразу Лукашэнкі». У заключэнні аб смерці, па звестках незалежных медыя, прычынай названа ішэмічная хвароба сэрца.

Асаблівы горкі момант у гэтай трагічнай гісторыі — у тым, што праваабаронцы не ведалі пра пераслед Аляксандра Кулініча, і фактычна аб тым, што ён трапіў пад рэпрэсіі, стала вядома толькі пасля смерці вязня.

Беларускія сілавікі працягваюць палітыку запалохвання, і яна, на жаль, відавочна дае плён. Разам з тым даходзіць інфармацыя, што стан здароўя многіх вязняў за кратамі пагаршаецца.

Наколькі вялікія рызыкі, што выпадкаў смерцяў у зняволенні будзе больш, і ці сапраўды апублічванне шкодзіць вязням, ці служыць стрымліваючым фактарам?

Пра гэта, а таксама пра шансы на тое, каб у будучыні вінаватыя за адвольныя пазбаўленні свабоды, катаванні, смерці беларусаў у вязніцах панеслі адказнасць, «Филин» пагутарыў з прэзідэнткай Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыяй Колесавай-Гудзілінай.

— Гэта шостая смерць палітвязня ў зняволенні — з тых, пра якія мы ведаем, — зазначае адвакатка. — Ці будзе іх больш? Адкажу так: добра, калі мы будзем ведаць пра такія выпадкі хоць бы постфактум, а калі не, і ўвогуле, не даведаемся ніколі? Такое ж таксама магчыма.

Я лічу, што смерцяў за кратамі будзе шмат. Гэта вельмі сумна, але перспектыва такая.

— Многія, у тым ліку публічныя людзі, у выпадку палітычнага пераследу просяць па розных каналах: толькі не кажыце нідзе, не пішыце, можа быць, абыдзецца. На ваш погляд, апублічванне ўсё ж шкодзіць палітвязням ці з’яўляецца стрымліваючым фактарам, калі пра чалавека вядома і да яго лёсу ёсць увага?

— Я адна з тых, хто прасіў не публічыць. Я лічу, што тут трэба глядзець з пункту гледжання чалавека перадусім. Калі сваякі лічаць, што апублічванне можа нашкодзіць, неяк адмоўна паўплываць — не трэба гэтага рабіць. А калі ёсць жаданне, каб гэта было вядома — калі ласка. Але, паўтаруся, у цэнтры ўсяго мусіць быць сам чалавек.

Бо чым дапаможа апублічванне? Глядзіце: у нас ёсць вядомыя людзі, пра якіх шмат казалі, але на што гэта паўплывала? У расійцаў Навальны — вядомы чалавек, усё пра яго было вядома, усё пад увагай, але яго таксама забілі.

Наогул, цяжка сказаць, што дапаможа, што — не. Мы не ведаем на сёння, ці жывы Мікола Статкевіч — калі пра іншых чуем хоць нешта, то пра яго проста не ведаем, што з ім. Таксама мы не ведаем, што з Сяргеем Ціханоўскім, з Максімам Знакам, з Марыяй Калеснікавай — можа быць, дазнаемся постфактум.


Глядзіце таксама

— А калі, напрыклад, сам вязень не супраць, каб пра яго ведалі праваабаронцы, каб прызналі яго палітвязнем, але супраць сваякі?

— З аднаго боку, трэба рабіць, як лічыць патрэбным сам чалавек — але як вы даведаецеся, што ён не супраць публічнасці, хіба толькі пасля таго, як ён выйдзе на волю?

Таму як адвакат, я лічу: трэба абапірацца на тое, што кажуць сваякі. Можа, у іх ёсць свае меркаванні, якімі яны кіруюцца, але не хочуць іх выносіць на публіку, можа, так раіць адвакат, які не кантактуе з ніякімі СМІ, але мае пэўную інфармацыю ад самога зняволенага.

— Дарэчы, пра адвакатаў — некаторыя лічаць, што ў цяперашніх варунках і яны не могуць нічым дапамагчы, але ж часам гэта адзіная нітачка сувязі вязня з блізкімі.

— Так. Таму важна не адмаўляцца ад дапамогі адваката — бывае, што гэта адзіная магчымасць час ад часу атрымаць хоць якую інфармацыю пра стан чалавека, яго патрэбы.

У маёй сям’і зараз таксама ёсць затрыманыя, і адвакат дае магчымасць даведацца, што адбываецца з блізкімі людзьмі, што яны кажуць. Хоць, вядома ж, адвакат — гэта не пошта, трэба разумець, што адвакат можа неяк дапамагчы, скажам, чалавека абвінавачваюць па 342 артыкуле, але можа стацца, што напачатку было і яшчэ нешта, іншыя абвінавачанні, якія ўдалося перакваліфікаваць.

— Праваабаронцы кажуць, што адвольныя затрыманні, злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрміну даўніны. Але перспектыва пакарання вінаватых у гэтым на сёння выглядае амаль прывіднай. Нам застаецца толькі збіраць факты і доказы злачынстваў на будучыню?

— Пакуль так, бо што яшчэ праваабаронцы могуць зрабіць проста зараз? Адзіная магчымасць — кваліфікаваць гэтыя злачынствы, дакументаваць, пісаць пра гэта.

Людзі пытаюцца: што было б самае лепшае за ўсё для сем’яў, у якіх хтосьці памёр у зняволенні, у беларускіх вязніцах? Мяркую, што самае лепшае — каб у іх была магчымасць пра гэта сказаць, зафіксаваць і разлічваць на тое, што будзе некалі суд.

А самым справядлівым, на мой погляд, было б, калі такі суд адбудзецца калі-небудзь у Беларусі — справядлівы, незалежны суд. Бо сёння гэта не працуе так, як хацелася б. Справы, якія распачатыя ў Літве, у Польшчы, Чэхіі ці Нямеччыне — ёсць пытанне, ці будзе гэта добра для тых, хто знаходзіцца за кратамі проста зараз. З майго пункту гледжання, гэтае пытанне адкрытае, і я не маю адказу на яго.

Дакументаванне — вельмі важная справа. Дагэтуль у нас была група пры камісары ААН, якая даследавала парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і збірала доказы аб іх, а цяпер ёсць асобная, больш незалежная працэдура ў гэтым кірунку.

Рада па правах чалавека ААН працягнула мандат спецдакладчыка па Беларусі, то бок, гэтая праца па выяўленні вінаватых у парушэнні правоў чалавека і распрацоўцы мер прыцягнення іх да адказнасці працягваецца.