Вадзім Мажэйка: Адчуванне такое, як быццам «Крокус» адбыўся побач з намі

Затрыманні за каментары наконт трагедыі ў Падмаскоўі набываюць усё больш жорсткі і паказальны характар. Пра што гэта сведчыць?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Падазраваных у тэракце ў Падмаскоўі практычна публічна катавалі адразу пасля затрымання. Расійскія сілавікі самі выкладвалі відэа ў сеціва. На суд абвінавачаных прывялі ў відавочна знявечаным выглядзе, а аднаго з чацвярых даставілі на насілках. Ужо тады гучалі меркаванні, што гэта робіцца наўмысна, каб прывучыць публіку да думкі, што самасуд — гэта нармальна, і далей будзе працягвацца гэтак жа.

Тэлеграм-канал «Беларускі сілавік» вырашыў не адставаць і выклаў фота жорстка збітага жыхара Віцебскай вобласці, якога называюць «лекарам-нацыстам», які разам з сябрам «на стрыме зігавалі і радаваліся смерцям расійскіх і беларускіх грамадзян у "Крокус Сіці Хол"».

Ці становіцца гэта тэндэнцыяй і ці робіцца з нейкай пэўнай мэтай? «BGmedia» спыталі пра гэта ў культуролага, каардынатара беларускай аналітычнай майстэрні «Наша візія» Вадзіма Мажэйкі

— Справа не ў тым, што ёсць нейкі хітры план «наверсе». Ёсць проста паслядоўнасць падзей, якая прыводзіць да таго, да чаго прыводзіць. 

Ёсць відавочны трэнд на нармалізацыю гвалту, і ён паўстаў не ўчора. І да гэтага беларускія сілавікі не былі коцікамі. Зразумела, і 2020 год усіх моцна разлютаваў, і сур'ёзна паўплываў кантэкст вайны. Мы бачым, наколькі вайна легітымізавала прымяненне гвалту ў шырокім сэнсе, наколькі гэта стала нормай. Мы кожны дзень бачым навіны, як кагосьці расстралялі, кудысьці папала ракета, і гэта нават не асабліва ўражвае. 


Глядзіце таксама

Вайна дрэнная не толькі тым, што канкрэтна на полі бою людзей забіваюць. Вайна дрэнная агульнай нармалізацыяй гвалту.

Умоўна як пасля Афганістана: прыехала куча абсалютна адбітых мужыкоў, і ўся краіна разбіралася. Хутка ўсё гэта будзе. 

Вядома, ёсць фактар таго, што беларускія сілавікі глядзяць на расійскіх сілавікоў. Для іх гэта прыклад хлопцаў, якім і можна паболей, і грошай паболей. Адсюль і фразы пра вушы. Адчуванне такое, як быццам «Крокус» адбыўся побач з намі. Хоць насамрэч настолькі ж побач, наколькі і ўся вайна ва Украіне.

Калі даеш уладу нейкаму сілавому органу без нармальнага грамадскага кантролю: без парламенцкага кантролю, без пракурорскага нагляду — то сілавікі схільныя эскаляваць гвалт. 

Усе гэтыя парламенцкія кантролі ствараюцца не таму, што на Захадзе проста так любяць парламентарызм. А таму што нельга пакідаць сілавікоў адзін на адзін з сабой. Яны дакацяцца да ўсякай жэсці.

Не таму, што нашы асабліва адбітыя. Не, любыя сілавікі схільныя да ўжывання гвалту. Гэта трэба абмяжоўваць, кантраляваць, ставіць у рамкі закону. 

Можна знадаць кейс у «Каскадзе» ў Мінску, калі супрацоўнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын дастаў пісталет супраць падлеткаў на лавачцы падчас канфлікту і стрэліў у 16-гадовага хлопца. Гвалт не застаецца ўнутры палітычных рэпрэсій, а распаўзаецца ў самыя розныя сферы. І Беларусь аказваецца ў агіднай сітуацыі.


Глядзіце таксама

Гвалт бывае розным: ёсць беларускія сілавікі, якія хочуць адрэзаць вушы, а ёсць полк Каліноўскага. Але гэта ўсё пра нармалізацыю сілавога вырашэння пытання. У шырокім сэнсе на фоне вайны паўстаў і полк Каліноўскага, і нейкія харугвы. Першы склад Аб'яднанага пераходнага кабінета напалову быў з сілавікоў. Гэта ненармальныя для беларускай палітыкі рэчы, тое, чаго не было ніколі.

Гэта можа здавацца лёгкім вырашэннем пытання: навошта складаныя палітычныя кампаніі, давайце возьмем аўтамат, усіх дрэнных заб'ем, і ўсё будзе добра. Менавіта так даходзіць да вялікіх ахвяр, грамадзянскіх войнаў і да т.п. У складаных сітуацыях расце запыт на такія рэчы.

З іншага боку тое самае: давайце мы не будзем дамаўляцца, усіх пазабіваем, вушы парэжам, запалохаем, і ўсё. Таксама простае сілавое вырашэнне пытання. Але ў іх больш рэсурсаў на такое рашэнне, вось яны яго і рэалізуюць.

Мэта гэтых акцый — сеяць страх, запалохваць. І гэта працуе. Калі ты бачыш, як камусьці ўмоўна за каментар у Тэлеграме абяцаюць вуха адрэзаць, то так, не захочаш і каментары пісаць. У гэтым ёсць логіка.

Але, як ва ўжо згаданай гісторыі з пісталетам у ЖК «Каскад», той, хто прывык вырашаць гвалтам пытанні ў адной сферы, пачынае пераносіць гэта на любую іншую сферу. А ў максімальным выглядзе гэта выглядае так, што ўнутрыэлітныя канфлікты таксама пачынаюць вырашацца сілай: давайце якога-небудзь міністра запалохаем. Гэта вельмі рызыкоўна ў тым ліку для саміх уладаў. 


Глядзіце таксама

Усе зацікаўленыя, каб пытанні вырашаліся цывілізаваным чынам і нават — страшна сказаць — паводле закону. Ад гэтага ўсім лягчэй, а не толькі дэмакратам. 

Гэта як расійскія дэпутаты Думы прапануюць: давайце ўвядзем смяротнае пакаранне. Увядзем смяротнае пакаранне за экстрэмізм, а там, глядзіш, і за карупцыю чыноўнікаў. Людзі адкрываюць скрыню Пандоры, але не разумеюць, што па іх яна сапраўды гэтак жа ўдарыць.