Свабодная прэса — свабодная краіна
У Міжнародны дзень свабоды прэсы «Рэпарцёры без межаў» апублікавалі рэйтынг свабоды прэсы. Здагадайцеся, дзе Беларусь?
Ва ўсім свеце свабода прэсы падвяргаецца пагрозе з боку тых самых людзей, якія павінны быць яе гарантам — палітычных уладаў. Да такой высновы прыйшла арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у штогадовым дакладзе «Сусветны індэкс свабоды прэсы».
Гэтая выснова заснаваная на тым, што з пяці паказчыкаў, якія выкарыстоўваюцца для складання рэйтынгу, менавіта палітычны паказчык знізіўся больш за ўсё — у сярэднім па ўсім свеце на 7,6 пункта.
«Урады не ў стане абараніць журналістыку, — рэзюмуюць аўтары дакладу. — Усё больш урадаў і палітычных уладаў не выконваюць сваю ролю гарантаў стварэння найлепшых умоў для журналістыкі і права грамадскасці на дакладныя, незалежныя і разнастайныя навіны і інфармацыю».
«Рэпарцёры без межаў» адзначылі трывожнае зніжэнне падтрымкі і павагі аўтаноміі СМІ і ўзмацненне ціску з боку дзяржавы і іншых палітычных суб'ектаў.
«Дзяржавы і іншыя палітычныя сілы адыгрываюць усё меншую ролю ў абароне свабоды прэсы», — заявіла рэдакцыйная дырэктарка арганізацыі Ан Бакандэ.
На міжнародным узроўні гэты год адзначаны відавочнай адсутнасцю палітычнай волі з боку міжнароднай супольнасці да захавання прынцыпаў абароны журналістаў, гаворыцца ў дакладзе.
Так, падчас вайны ў сектары Газа зафіксавана рэкордная колькасць парушэнняў правоў журналістаў і СМІ з кастрычніка 2023 года. Больш за 100 палесцінскіх журналістаў былі забітыя Арміяй абароны Ізраіля, прынамсі 22 чалавекі — пры выкананьні службовых абавязкаў.
«Сітуацыя ў цэлым пагоршылася ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе свабода прэсы не гарантуецца і СМІ ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў якасці перадаткавых рамянёў у кампаніях па дэзінфармацыі», — гаворыцца ў дакладзе.
Расія заняла 162-е месца ў рэйтынгу. Згодна з дакументам, расійская дзяржава працягвае крыжовы паход супраць незалежнай журналістыкі, а больш за 1500 журналістаў беглі за мяжу пасля ўварвання ва Украіну, піша «Голас Амерыкі».
Арганізацыя адзначыла, што «спіс журналістаў і СМІ, затаўраваўных як "замежныя агенты" і "непажаданыя арганізацыі", пашырыўся, і журналісты працягваюць падвяргацца адвольным зняволенням у турму».
Таксама ў хвасце рэйтынгу: Сірыя, Эрытрэя і Афганістан, дзе за апошні год былі забітыя трое журналістаў, а як мінімум 25 апынуліся ў турме. Найгоршую дынаміку па выніках года прадэманстравала Грузія, якая ўпала ў рэйтынгу свабоды прэсы на цэлых 26 пунктаў, паведамляе. Віной таму, на думку складальнікаў рэйтынгу, палітыкі кіруючай партыі «Грузінская мара», якая ініцыявала законапраект аб «замежных агентах» паводле расійскага ўзору. Акрамя гэтага, партыя прапануе ўзмацненне дзяржаўнага кантролю за СМІ.
Вялікі скачок за год зрабіла Украіна, якая паднялася адразу на 18 пазіцый і цяпер займае 61-шы радок. Улады сталі менш умешвацца ў працу СМІ, хоць і не могуць гарантаваць свабоду прэсы на тэрыторыях, якія акупавала падчас вайны Расія, піша «Свабода». У параўнанні з мінулым годам колькасць забойстваў журналістаў скарацілася. Яшчэ дзве краіны рэгіёна сталі «канкурэнтамі» за самы нізкі рэйтынг. Беларусь, дзе ўрад пераследуе журналістаў на падставе барацьбы з «экстрэмізмам», заняла 167-е месца. На 175-м месцы аказаўся Туркменістан, дзе прэзідэнт валодае неабмежаванай уладай і забараняе любыя незалежныя рэпартажы.
Але нават на Захадзе, адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», ЗША апусціліся на 10 пазіцый у рэйтынгу і аказаліся на 55-м месцы. Складальнікі дакладу адзначылі, што ў краіне ідзе падрыхтоўка да выбараў 2024 года «на фоне росту недаверу да СМІ, які, прынамсі, часткова падсілкоўваецца адкрытым антаганізмам з боку палітычных чыноўнікаў, уключаючы заклікі саджаць журналістаў у турму».
Нават першая тройка, якая ўзначаліла Сусветны індэкс свабоды прэсы, унесла свой уклад у зніжэнне агульнага палітычнага індыкатара.
Захаваўшы за сабой першае месца, Нарвегія ўвайшла ў лік краін, дзе палітычны паказчык знізіўся, гаворыцца ў дакладзе. Ірландыя (8-е месца), дзе палітыкі падвяргаюць СМІ судоваму запалохванню, саступіла пазіцыю лідара сярод краін ЕС, якую заняла Данія (2-е месца). На трэцім месцы аказалася Швецыя.
Як сказана ў справаздачы, што суправаджае рэйтынг, асаблівую небяспеку для журналістаў уяўляюць сабой перадвыбарчыя кампаніі, прычым як да, так і пасля дня галасавання. Абразы і фізічны гвалт — гэтаму падвяргаюцца рэпарцёры ў самых розных краінах, у тым ліку і ў Германіі. Як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», асабліва турбуе гэтая акалічнасць напярэдадні не толькі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, але і рэгіянальных выбараў у трох федэральных землях Германіі ў верасні 2024 года.
«Маштаб гвалту, які расце ў дачыненні да журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, — гэта трэнд, які палохае. Аўтакраты, лабісты і ворагі дэмакратыі імкнуцца ўсімі сіламі прадухіліць незалежнае асвятленне падзей», — кажа Аня Остерхаус «Deutsche Welle», генеральная дырэктарка «Рэпарцёраў без межаў». Паводле яе слоў, такая сітуацыя непрымальная і дэмакратычныя ўрады павінны рабіць больш для абароны журналістаў. «Паколькі свабода прэсы — гэта неад'емная перадумова для свабоднага фармавання меркавання выбаршчыкаў і прыняцця рашэння, якое з'яўляецца следствам інфармавання, пра тое, за каго галасаваць».
Агулам у рэйтынгу 180 краін.