«Людзі хочуць ведаць праўду, і яны будуць яе ведаць»

Газета «Новы Час» у нейкі момант стала ўнікальным выданнем. Яна выходзіла на паперы тады, калі на нацыянальным узроўні незалежнай грамадска-палітычнай прэсы ў друкаваным выглядзе ў Беларусі ўжо не засталося. На «Новы Час» былі падпісаныя ўсе палітвязні. Галоўны рэдактар выдання Аксана Колб распавяла пректу «Прэса пад прэсам» пра пераслед газеты і яе журналістаў і пра планы працаваць у Беларусі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Трыгерам для пачатка ціску стаў рост накладу

Ціск паціху пачаўся бліжэй да канца зімы 2020 года. Думаю, што, як толькі ў нас пачаў расці наклад (тады быў ад 5 і да 8,5 тысяч асобнікаў), тады ж пачалі сыпацца з розных бакоў водгукі зняволеных. Відаць, гэта спрацавала як трыгер.
Спачатку мы атрымалі папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Гэтае папярэджанне было рэакцыяй на заключэнне спецыяльнай камісіі, якая разглядае матэрыялы і ўгледзела, што некаторыя нашы артыкулы могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы краіны. Было зразумела, што Мінінфарм не збіраецца адразу нас закрываць, бо калі б было так, нам бы проста вынеслі адразу два-тры папярэджанні за кожны артыкул, а не адно за чатыры.
У той жа час мы пачалі атрымліваць інфармацыю, што ў некаторых СІЗА зняволеным паказваюць газету, але не аддаюць. Прымушалі распісвацца, што яны як бы яе атрымалі, і гаварылі, што аддадуць, калі тыя будуць выходзіць.
Праз пэўны час я як галоўны рэдактар атрымала папярэджанне ад Генеральнай пракуратуры. Мы размяшчалі ў сябе інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай: яно было амаль што зусім не палітычнае, а такое — жыццёвае, жаночае. Але гэта было прадказальна, асабліва пасля выпадку з баранавіцкай газетай «Intex-press».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


2 лютага нас выкінулі з шапікаў «Белсаюздруку», прычым амаль па ўсёй краіне, акрамя Магілёўскай вобласці. Справа ў тым, што гэты рэгіён не ўваходзіць у холдынг, ён сам па сабе. Таму ў Магілёве нас прадавалі яшчэ да канца чэрвеня.
Ужо ў сярэдзіне чэрвеня мы атрымалі паведамленне ад «Белпошты», што з намі не будуць працягваць супрацоўніцтва, няглядзечы на тое, што мы былі ўнесеныя ў падпісны каталог на другое паўгоддзе. Шмат людзей ужо нават выпісалі газету, і пошта мусіла вяртаць грошы. Гэта быў яшчэ адзін «цвічок».
Пасля ўсяго гэтага было зразумела, што наступным крокам якраз будзе пазбаўленне магчымасці друкавацца. Мы размаўлялі з дырэктарам друкарні пра гэта. Ён сказаў: «Неяк мне ўжо званілі, але я сказаў: "Пакуль у нас не скончыцца кантракт, не будзем нічога такога рабіць"». Але ў выніку з такой дзіўнай фармулёўкай — «у сувязі са зменай вытворчага цыклу» — нас усё-ткі перасталі друкаваць.
У дзяржаўныя друкарні мы нават не звярталіся. У недзяржаўных, тых, у каго ёсць ліцэнзіі, таксама атрымалі адмову. Варыянты друку за межамі Беларусі, па шчырасці, мы не разглядалі. Гэта вельмі лёгка прыкрываецца, проста шкада будзе таго ж накладу, які канфіскуюць.
За кратамі можа апынуцца кожны, але гэта не падстава спыняць працу
У Беларусі для таго, каб цябе кінулі за краты сёння, не трэба рабіць штосьці супрацьзаконнае. Кожны з нас сёння, заўтра, паслязаўтра можа апынуцца там. Але гэта не значыць, што мы павінны спыняць сваю працу.
Зараз з нашых шэрагаў выцягнулі галоўнага фатографа Змітра Дзмітрыева, ён атрымаў 15 сутак (20 жніўня Зміцер выйшаў на волю, але захварэў яшчэ падчас арышту на каронавірус. — Рэд). Але гэта далёка не першы выпадак падобнага пераследу нашых журналістаў. Зміцер Дзмітрыеў і наша другая фотакор Яна Трусіла траплялі на «суткі» і ў лістападзе 2020 года. Прычым Змітра затрымлівалі таксама ў жніўні 2020 года, ён быў у самыя страшныя дні на Акрэсціна. Яна Трусіла была двойчы на «сутках», быў арыштаваны і журналіст Аляксандр Зяньковіч.
Была за кратамі Зінаіда Цімошак, яна проста ўсклала кветкі да помніка ахвярам Слуцкага гета і напісала пра гэта. Акрамя штрафу яна атрымала яшчэ і трое сутак, хаця ў Зіны сур'ёзнае захворванне. Я тады спрабавала размаўляць з кіраўніцтвам Слуцкага РАУС, нічога не атрымалася. Мяне нават слухаць не хацелі.
Яшчэ двое нашых аўтараў за кратамі па крымінальных справах, і пры гэтай уладзе, я думаю, яны не выйдуць. Гэта Дзяніс Івашын і Мікалай Дзядок. Нам вельмі не хапае Івашына, у нас была распрацавана серыя расследаванняў. Ён якраз працаваў над чацвёртым, і, як ён казаў, яно было вельмі грунтоўным і значным. Ён раскрываў у ім вельмі шмат усяго пра дзейнасць «Беркута» ў Беларусі. Як сказалі яго сваякі, усе матэрыялы, якія ён назбіраў, таксама зніклі недзе ў нетрах КДБ.
Я лічу, што гэта ўсё робіць нас толькі мацнейшымі. Ніхто з рэдакцыі пакуль што не з'ехаў з краіны і не збіраецца. Мы ўсе працуем тут.

Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла


Ніхто не хоча сядзець на Акрэсціна, «Валадарцы» ці яшчэ дзесьці. Але калі такое здарыцца — значыць, здарыцца. Я не магу сказаць за ўсю рэдакцыю, магчыма, калі будзе рэальная небяспека зняволення, то нехта з рэдакцыі абярэ выезд за межы Беларусі. За сябе я адназначна скажу: я застаюся тут пры любым раскладзе.
Чаму ўлады прэсуюць незалежныя СМІ?
Таму што жывое, таму што свабоднае, таму што праўда. Знішчаецца да апошняга моманту, пакуль усе гэтыя людзі пры ўладзе. Зразумела, што назад ужо ніхто адкручваць не будзе. Можа, цяпер трохі прытармозіцца, але не спыніцца паток рэпрэсій.
Людзі хочуць ведаць праўду, і яны будуць яе ведаць. Колькі б улады ні знішчалі незалежныя медыя, гэта не значыць, што яны змогуць гэта зрабіць.
Пра чытачоў: «Новы Час» атрымлівае багата званкоў і лістоў падтрымкі
Цяпер мы атрымліваем безліч званкоў і лістоў са словамі падтрымкі, некаторыя вельмі кранальныя. Некалькі дзён таму пазваніла адна падпісчыца, яна атрымала газеты. Хаця яна пазней падпісалася, я выслала ёй усе нумары за ліпень. Яна сказала: «Ой, дзякуй, я вам тады яшчэ пералічу за наступны месяц за падпіску».
А я ёй кажу: «Не трэба ўжо нічога пералічаць. Наступны нумар будзе апошнім». І жанчына заплакала. Гэта было настолькі кранальна... Яна сказала: «А як жа ж я буду? Што я ж буду рабіць?» Я прапанавала засвоіць інтэрнэт, а яна гаворыць: «Я б засвоіла. Але ў нас няма інтэрнэту».
Для такіх людзей, у каго няма інтэрнэту і хто хоча чытаць нешта акрамя «саўбелкі», гэта, канешне, была страта.
Мы не можам здрадзіць неймаверным чытачам, якія ў нас былі. За гэты перыяд, прынамсі, я ведаю ледзь не кожнага з некалькіх тысяч, бо яны не толькі пішуць — яны тэлефануюць, мы размаўляем. Некаторыя прыходзяць у рэдакцыю. Магчыма, менавіта гэта давала нам сілы, давала натхненне працаваць усе гэтыя месяцы. І нашы чытачы, і валанцёры, якія прыходзілі па газету, каб развезці яе па раёнах.
Глядзіш на іх, размаўляеш з імі — і разумееш, што твая праца сапраўды патрэбная. Ты проста не можаш спыніцца і ўсё кінуць менавіта таму, што вакол такія людзі.
Валанцёры бралі «Новы Час» і развозілі па розных рэгіёнах, па раёнах Мінска. Кожны тыдзень так раскідвалася рэкламна каля трох-пяці тысяч асобнікаў. За ўвесь час толькі тры чалавекі патэлефанавалі і сказалі, што «не патрэбная ваша газета». Большасць, наадварот, званілі і даведваліся, як на нас падпісацца.

Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла


Нашы чытачы нам увесь час дапамагаюць. Хаця мы ніколі асабліва не рэкламавалі і не прасілі дапамогі ў выглядзе грошай. Але ўвесь час нам ахвяравалі, пералічвалі грошы. Штодзень: хтосьці пяць рублёў, хтосьці — дзесяць, хтосьці — 200.
Гэта яшчэ раз даказвае, што наша праца камусьці патрэбная. Магчыма, калі б не здарылася тое, што здарылася за гэты год, мы б так пра гэта і не даведаліся. Працуем, робім нешта карыснае, а наколькі карыснае — складана ацаніць. А цяпер ацанілі агромністым фідбэкам, прычым станоўчым.
Не ведаю, ці трэба асобна людзей прасіць пра грашовую дапамогу. Цяпер ва ўсіх складаныя часы. Мне заўсёды неяк няёмка прасіць нечага заробку на свой заробак. Таму спецыяльна мы нічога такога рабіць не будзем. Адзінае — перанеслі наш банер пра дапамогу наперад на сайце.
«Новы Час» да апошняга атрымлівалі ўсе палітзняволеныя
Да папярэджання Міністэрства інфармацыі газету атрымлівалі ўсе палітзняволеныя. На памяць я ўжо не скажу, але было 305 — усіх 305 падпісвалі. Кожны месяц спіс гэты мы пераглядалі, перараблялі, дадавалі. Апошні раз, калі мы яшчэ былі ў падпісным каталогу, у спісе было больш за 400 чалавек.
Мы адправілі газеты і цяпер, калі нас ужо выкінулі з каталога. Яны ўсе вярнуліся з пазнакай «Недазволенае ўкладанне» з розных турмаў: з Магілёўскай, Гродзенскай і — не адразу, а толькі напрыканцы месяца — з «Валадаркі». У нас у рэдакцыі зараз вялікія кіпы стаяць канвертаў з газетамі, камусьці са сваякоў палітвязняў я ўжо іх аддала. Думаю, калі людзі выйдуць, мы абавязкова перадамо іх ім.
Рэдакцыя таксама адправіла палітвязням са снежня некалькі тысячаў лістоў. Мы адпраўлялі квітанцыі на падпіску і пісалі лісты разам з гэтым. Атрымалі назад, можа, дзясяткі тры-чатыры лістоў. Былі яны ад зняволеных блогераў і журналістаў: Ігара Лосіка, Дашы Чульцовай, Каці Андрэевай, Віталя Цыгановіча — усіх і не пералічыш.
Мы рабілі рубрыку «Лісты за краты». Лісты ад родных не даходзілі, а газету атрымлівалі. Шмат хто з родных дасылаў свае лісты і гаварыў, што зняволеныя іх атрымлівалі.
Былі цікавыя гісторыі, калі самі палітвязні да нас накіроўвалі сваіх родных. Мы з імі звязваліся, рабілі з імі гісторыі.
А калі нас ужо выкідалі з каталога, мы некалькі нумароў пісалі, як цяпер падпісацца на «Новы Час». Мікола Аўтуховіч праз сваіх знаёмых перадаў выразку з газеты, як падпісацца, і прасіў, каб яны абавязкова яго падпісалі.
Планы на будучыню: кожны з этапаў ціску рабіў нас толькі мацнейшымі
Сказаць, што мы так ужо скрушна сядзім пасля спынення друку газеты і не ведаем, што рабіць, я не магу. Кожны з этапаў ціску даваў іншы імпульс, і, як на мяне, рабіў нас толькі лепшымі. Як толькі нас выкінулі з шапікаў, у нас значна павялічылася колькасць падпісчыкаў і выраслі прыбыткі.
Закрыццё магчымасці друкавацца для нас — нагода да наступнага кроку: мы думаем, як нам палепшыць працу сайта. Ён і так працаваў, абнаўляўся штодзённа вельмі часта, але, магчыма, мы зараз нешта прыдумаем — прынамсі, каб захаваць літаратурную частку. Можа, гэта будзе асобная старонка, можа, яшчэ нешта. Але не хацелася б губляць чытачоў. PDF-версію «Літаратурнай Беларусі» штомесяц чыталі ад 7 да 12 тысяч чалавек, я лічу, што для беларускамоўнай літаратурнай PDF гэта даволі значна.

Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла


Мы таксама паспрабуем захаваць спартыўную частку, на якую ёсць попыт, зрабіць яе больш прыгожай. Да таго, як стала вядома, што нас больш не будуць друкаваць, была задума зрабіць таксама медыцынскі дадатак. Не атрымалася.
Мы, безумоўна, працягнём рабіць акцэнт на нашых гісторыях з сем'ямі палітвязняў. Раней была проста рубрыка, цяпер асобная нават старонка — «Падзеленыя кратамі».
Сацсеткі, магчыма, будзем таксама развіваць. Але пакуль наш сайт не заблакаваны, мы больш сканцэнтруемся на яго развіцці.
Мы таксама думаем, магчыма, для людзей, якія не маюць інтэрнэту, сабраць базу і рабіць такі тыднёвы дайджэст самага цікавага. Проста раздрукоўваць на паперы і дасылаць ім у канвертах. Для тых, хто не мае інтэрнэту, але хацеў бы чытаць нешта акрамя прапаганды.
Не пры гэтай уладзе, але мы абавязкова яшчэ вернемся. Магчыма, гэта будзе палітычны часопіс, якога не хапае, як мне здаецца, у Беларусі. Магчыма, яшчэ нешта.
Спыняцца пакуль што не збіраемся. Калі нас і прыкрыюць, то, магчыма, гэта будзе праз заснавальніка — ТБМ («Таварыства беларускай мовы».— Рэд.): зачысцяць яго, а мы пазбавімся рэгістрацыі. Але гэта не значыць, што мы перастанем працаваць. Магчыма, у гэтым выпадку частка рэдакцыі пераедзе за мяжу і працягне працу адтуль.

Лісты ў рэдакцыю ад палітзняволеных


Ліст ад Уладзіміра Цыгановіча:
«Лістуем вам з падзякай за падтрымку вязняў. Для людзей, якія знаходзяцца ва ўстановах такога кшталту, вы з'яўляецеся адной з нешматлікіх крыніц інфармацыі, якія даюць магчымасць убачыць іншы пункт гледжання. Гэта вельмі істотна для людзей, якія адрэзаныя ад знешняга свету.
Колькі тыдняў таму ў нашай "хаце" зламаўся тэлевізар. І вось зараз адзінае, што нагадвае нам аб тым, што мы ўсё ж такі ў ХХІ стагоддзі, — гэта светладыёдныя ліхтарыкі на столі :) Вольны час, які застаецца пасля гульні ў шахматы, чытання кніг, газет, часопісаў, мы не марнуем дарам, а выпрацоўваем антыцелы ад "кароннай хваробы".
Яшчэ раз дзякуем за вашу працу. Мы насамрэч чакаем кожны нумар. Жадаем газеце "Новы Час" вялікіх накладаў і, галоўнае, больш інфападзей для пазітыўных навін!
жыхары камеры №86, СІЗА №1 (Валадарка), 11.04.2021»
Аляксандр Кабанаў, 17.02.2021:
«Вялікі дзякуй за падпіску! У апошнія два-тры месяцы было вельмі дрэнна з інфармацыяй, з навінамі. Акрамя радыё нічога не было. А там, самі ведаеце, народны сход ды поспехі ўлады, "одобрям-с" і "вырежем" — самыя яркія ўспаміны пра т.зв. "народны сход".
З "Валадаркі", якраз з вашым пісьмом, прынеслі два нумары "Новага Часу". Праглынуў іх за гадзіну. Ад коркі да коркі».
Кацярына Андрэева (Бахвалава), 25.03.2021:
«Шчыры дзякуй вам за вашу працу і падпіску на найлепшае папяровае выданне Беларусі. НЧ — любімая і часта адзіная крыніца інфармацыі. Гэтае слова не вельмі пасуе, бо, калі чытаю вашу газету, нібыта п'ю з чыстай крыніцы. Няма слоў, каб апісаць эмоцыі, якія перапаўнялі, калі мы пабачылі лісты і віншаванні ад родных на старонках НЧ! Кожная пятніца — свята і своеасаблівы рытуал — свежая газета пад кубачак кавы».

Лісты ад чытачоў


«Добры дзень, дарагая рэдакцыя газеты "Новы час"!
Нізка кланяюся вам, вашай годнасці, розуму, чалавечнасці. Як добра, што вы ёсць у гэты цяжкі час. Вы так дапамагаеце жыць, робіце справу, якая угодна Богу (арфаграфія ліста захаваная). З вамі ягоная благадаць, таму я дасылаю вам гэтыя малітвы».
«Добры дзень, шаноўная рэдакцыя "Новага Часу"!
Дзякуем вам разам з сястрою за газеты (яна купляе, а я падпісана), бо праз яе хоць трохі ведаем, што адбываецца ў нашай краіне і за мяжой».
«Пишет вам древний пенсионер (мне 83 г.) — любитель печатного слова, долгое время выписывал много газет… По совету моего приятеля-коллеги я немедленно выписал ваше издание и в высшей степени был удовлетворён… Теперь (понятно) засидевшийся правитель добрался и до вас».