Маскоўскія журналісты выйшлі на пікеты ў абарону прэсы. Затрымана некалькі чалавек

У Маскве ля будынка ФСБ Расеі на Лубянцы ў суботу ўвечары прайшла серыя адзіночных пікетаў у падтрымку СМІ, якіх Мінюст унёс у рэестр «замежных агентаў». Некалькіх журналістаў затрымалі. Акцыя адбылася пасля таго, як рэестр у пятніцу папоўнілі тэлеканал «Дождь» і праект «Важныя гісторыі».

_120199905_piquette_210821_denis_kamenev_tvrain.png

Да месца пікетаў да вечара прыбыло каля дзясятка паліцэйскіх і дзясяткі журналістаў: частка – як удзельнікі акцыі, частка – як рэпарцёры.
Першага пікетчыка, журналіста Аляксандра Гарохава з плакатам «Свабодная журналістыка, а не вось гэта вось усё» – паліцэйскія адвялі да аўтазака ў першыя ж хвіліны, папярэдзілі аб магчымым штрафе і адпусцілі. Сярод пікетоўцаў таксама быў журналіст «Радыё Свабода» Антон Сергіенка з плакатам «Будзе ласкавы "Дождь"», вядучая «Эхо Москвы» Ірына Баблаян з лозунгам «Самі вы замагенты», супрацоўніца «Дождя» Ганна Немзер без плаката ў талстоўцы з надпісам «Дождёмся», рэдактар сацсетак «Важных гісторый» Юлія Краснікава з плакатам «Важныя гісторыі самі сябе не раскажуць», галоўны рэдактар студыі падкастаў «Либо, либо» Андрэй Барзенка.
Пазней паліцыянты затрымалі журналістку The Bell Юлію Старасціну і заснавальніка падкаста «Норм» Дар'ю Чаркудзінаву, спаслаўшыся на тое, што паміж пікетчыцамі было менш за 50 метраў.
Таксама ў аўтазак адвялі журналістку «Дождя» Ксенію Міронаву. Яна – нявеста былога спецкора «Коммерсанта» і «Ведомостей» Івана Сафронава, якога абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе.
Паліцыянты затрымалі і былую журналістку «Проекта» (Арганізацыя, прызнаная ў Расеі непажаданай) Сафію Гройсман (яна занесеная ў рэестр СМІ-замагентаў), журналіста Андрэя Бабіцкага, галоўрэда відэапраекта ROMB Андрэя Кавалёва, карэспандэнта Russia Today Іллю Васюніна з плакатам «Хопіць ладзіць тут "Украіну"» і рэдактара «Таких дел» Ларысу Жукаву.
Кавалёў сказаў Рускай службе Бі-бі-сі а восьмай гадзіне вечара, што ім пакуль не паведамляюць, куды іх адвязуць: аўтобус з затрыманымі стаіць каля Лубянкі.
Усяго да 19:40 затрымалі дзевяць чалавек. Па звестках выдання «АУС Інфа», затрыманых павезлі ў аддзяленне паліцыі па Мяшчанскім раёне.
Сярод пікетоўцаў была кандыдат у дэпутаты Дзярждумы па 198-й акрузе, былы паліттэхнолаг фонду эфектыўнай палітыкі Марына Літвіновіч. Яна стаяла з плакатам «Зноў путч». Яе даныя, як і астатніх удзельнікаў пікету, перапісалі паліцыянты.
Маскоўская паліцыя затрыманні не каментавала.

Як папаўняўся спіс замагентаў

20 жніўня Мінюст абвясціў «замежнымі агентамі» тэлеканал «Дождь» і выданне «Важныя гісторыі». У спіс персанальна трапілі галоўны рэдактар «Важных гісторый» Раман Анін, а таксама журналісты Раман Шлейнаў, Алеся Марахоўская, Ірына Далініна, Дзмітрый Велікаўскі, Алеся Шмагун і Сцяпан Пятроў.
23 ліпеня Мінюст уключыў у спіс СМІ-замежных агентаў латвійскую кампанію The Insider SIA-адміністратара сайта выдання The Insider.
У рэестр СМІ-замагентаў 27 ліпеня патрапілі пяцёра журналістаў, у тым ліку былыя супрацоўнікі «Проекта» (яго ў сярэдзіне ліпеня прызналі непажаданай арганізацыяй), – Міхаіл Рубін, Софʼя Гройсман, Ілля Калядны, Юлія Апухціна і Аляксей Пастарнак.
15 ліпеня Мінюст уключыў у рэестр СМІ-замагентаў восем журналістаў, у тым ліку заснавальніка «Проекта» Рамана Баданіна, экс-журналістаў выдання Пятра Маняхіна, Марыю Жалязнову, Юлію Лукʼянаву, Вольгу Чуракову, а таксама Максіма Глікіна і Юлію Яраш з «Адкрытых медыя» і Лізавету Маётную з «Радыё Свабоды», якое раней было таксама прызнана замежным агентам.
У траўні замежным агентам прызналі выданне VTimes, якое заснавалі пасля змены кіраўніцтва выхадцы з «Ведамасцяў». Да яго ў рэестр трапілі «Медуза» і «Першае антыкарупцыйнае СМІ».
СМІ-замагенты па законе абавязаны зарэгістраваць у Расіі юрыдычную асобу, прадастаўляць у Мінюст падрабязную фінансавую справаздачнасць, даныя аб персанальным складзе кіраўніцтва і аўдытарскіх праверках. Матэрыялы такіх СМІ павінны распаўсюджвацца ў Расеі з адпаведнай маркіроўкай. З-за гэтага статусу выданні гублялі рэкламадаўцаў: VTimes вымушана было зачыніцца, а «Медуза» – скараціць зарплаты супрацоўнікаў.
Паводле baj.by