Беларусь — на першым месцы ў Еўропе па колькасці зняволеных журналістаў

У Беларусі на 31 снежня 2023 года ў зняволенні знаходзіліся 37 супрацоўнікаў медыя. Другое месца заняла Расія (27 журналістаў), трэцяе – Турцыя (18). Прызнанне Беларускай асацыяцыі журналістаў экстрэмісцкай арганізацыяй пагражае ўсім афіляваным журналістам 10-гадовым турэмным тэрмінам.

img_2820_logo_1.jpg

У Беларусі ў 2023 годзе арыштавалі больш за 20 журналістаў, палове з іх ужо абвясцілі прысуды, якія прадугледжваюць турэмнае зняволенне,  нагадвае  Польскае Радыё.

Як паведаміла медыя «Позірк» са спасылкай на штогадовы даклад арганізацый-партнёраў платформы Рады Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў, журналістаў пакаралі паводле абвінавачанняў у падтрымцы экстрэмісцкай дзейнасці, распаўсюдзе экстрэмісцкага кантэнту, у дзейнасці па дыскрэдытацыі Беларусі, ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, у падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадкі парадак, або ў актыўным удзеле ў іх.

Згодна з дакладам, Беларусь у 2023 годзе заняла першае месца ў Еўропе па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. На момант падрыхтоўкі дакладу іх было 38, на 31 снежня 2023 года – 37.

Другое месца заняла Расія (27 журналістаў), трэцяе – Турцыя (18 зняволеных). На акупаванай Расіяй тэрыторыі Украіны ў зняволенні 17 журналістаў, у Азербайджане – 15 журналістаў, у Вялікабрытаніі і Польшчы – па адным.

Глядзіце таксама

Паводле аўтараў дакладу, затрыманыя прадстаўнікі беларускіх СМІ і іх сем’і часта сутыкаліся з аднолькавымі метадамі пераследу з боку сілавых структур, сярод якіх «раптоўны і непрапарцыйны вобшук у доме, які праводзілі міліцыя ці КДБ; адабранне прафесійнага абсталявання; прымус да прызнання перад камерай; прымус адвакатаў да падпісання згоды аб невыдаванні інфармацыі; суд за зачыненымі дзвярыма».

У дакладзе адзначаецца, што «чыстка СМІ закранула нават беларускі прапагандысцкі апарат і СМІ, якія да гэтага часу лічыліся нейтральнымі або згаворлівымі».

«Самацэнзура больш не абараняе журналістаў. У дзяржаўных СМІ дастаткова адной “дрэннай” крыніцы ці аднаго няслушнага слова, каб наклікаць на сябе гнеў уладаў. Спіс экстрэмісцкага кантэнту павялічваецца штодзень, часта без тлумачэння прычын», – канстатуюць аўтары.

Глядзіце таксама

У дакуменце згадваюць прынятыя ў ліпені 2023 года папраўкі да закону аб СМІ, якія дазваляюць Міністэрству інфармацыі забараняць замежныя СМІ «у выпадку недружалюбных дзеянняў замежных дзяржаў у дачыненні да беларускіх СМІ», а таксама іх распаўсюджванне, дзейнасць, акрэдытацыю на тэрыторыі краіны.

«Папраўкі таксама пашыраюць падставы для блакавання навінавых сайтаў і агрэгатараў і надзяляюць уладу правам скасоўваць рэгістрацыю выданняў, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці, прызнанай «экстрэмісцкай« ці «тэрарыстычнай«. Папраўкі ў значнай ступені легалізуюць практыку, якая ўжо выкарыстоўваецца цяпер», – адзначаецца ў дакладзе.

У дакуменце адзначылі выкарыстанне ўладамі практыкі надання экстрэмісцкага статусу як сродку ціску на СМІ і журналісцкія аб'яднанні. У якасці прыкладаў назвалі радыё Wnet (unet.fm), Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ) і Беларускі расследвальны цэнтр. 

Глядзіце таксама

Асобна адзначаецца, што прызнанне Беларускай асацыяцыі журналістаў экстрэмісцкай арганізацыяй пагражае ўсім афіляваным журналістам 10-гадовым турэмным тэрмінам.

Аўтары дакументу нагадалі, што ў верасні 2023 году Беларусь забараніла сваім грамадзянам працягваць пашпарты за межамі краіны. Акрамя таго, паводле інфармацыі аўтараў дакладу, беларускія журналісты ў выгнанні цяпер могуць быць пазбаўленыя грамадзянства, калі раней іх асудзілі паводле «антыдзяржаўных» абвінавачанняў.

Адначасова з гэтым «некаторыя краіны, якія сталі новым домам для СМІ ў выгнанні, узмацняюць жорсткасць міграцыйнага заканадаўства і законаў аб пражыванні».

Паводле інфармацыі аўтараў дакладу, нядаўняе апытанне расійскіх і беларускіх супрацоўнікаў СМІ паказала, што 40% з іх пасля пераезду не атрымалі ніякай дапамогі ад урадавых і няўрадавых арганізацый. Сярод асноўных патрэб журналісты назвалі фінансавую падтрымку, юрыдычную і візавую дапамогу, дапамогу ў атрыманні прафесійнай адукацыі і доступе да мясцовых медыясупольнасцяў, а таксама псіхалагічную падтрымку.

Аўтары даклада са спасылкай на БАЖ зазначаюць, што пасля масавых пратэстаў 2020 года эмігравала не менш за 400 незалежных журналістаў, якія ў асноўным размясціліся ў краінах Балтыі і Польшчы.