Жорсткі прысуд Ларысе Шчыраковай — нібыта за «дыскрэдытацыю Беларусі»
Ларысу Шчыракову ў закрытым судзе асудзілі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыю Беларусі да 3,5 гадоў зняволення і вялікага штрафу. «Такіх людзей ва ўсім свеце ўзнагароджваюць, а ў Беларусі яны доўгія гады пераследуюцца за сваю дзейнасць», — заявілі журналісты з нагоды сённяшняга прысуду.
У Гомельскім абласным судзе 31 жніўня вынесены жорсткі прысуд былой журналістцы і культурніцкай дзяячцы Ларысе Шчыраковай, паведамляюць праваабаронцы.
Яе абвінавацілі паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна).
Судовы працэс, які вёў суддзя Мікалай Доля, пачаўся 27 ліпеня і праходзіў у закрытым рэжыме.
Паводле матэрыялаў следства, Ларыса Шчыракова “са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь”.
Яна ж, па меркаванні пракуратуры, "ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя-, відэа-, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу "Вясна" і экстрэмісцкага фармавання "Белсат".
Напачатку на Ларысу завялі крымінальную справу паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і змясцілі ў гомельскі СІЗА №3.
Палітзняволеную Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе прыватным доме. Яе непаўнагадовага сына змясцілі ў прытулак. Былы муж палітзняволенай, які апошнія гады жыў у Расіі, сабраў неабходныя дакументы і 23 снежня забраў Святаслава. Іншым сваякам сына не аддавалі.
24 жніўня ў судовым пасяджэнні адбыліся спрэчкі бакоў. Абвінавачанне запрасіла суд пакараць Шчыракову трыма з паловай гадамі няволі — бо заявіла, што віна яе знайшла пацверджанне падчас судовага разбіральніцтва.
Сёння, 31 жніўня, суддзя Мікалай Доля прызнаў Ларысу Шчыракову вінаватай і прысудзіў ёй тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Часткова канфіскавалі маёмасць.
Таксама ёй трэба сплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь.
БАЖ: Вырак Ларысе Шчыраковай — чарговая расправа і помста журналістам і журналісткам
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з адмысловай заявай з нагоды прысуду і назвала яго «чарговай расправай і помстай журналістам».
Манаполія на інфармацыю – гэта тое, без чаго аніводныя дыктатарскія рэжымы не могуць трымацца ля ўлады. Таму яны і пераследуюць медыя і журналістаў, адзначае БАЖ. І нагадвае, што сёння ў Беларусі 33 журналісты знаходзяцца за кратамі.
Ларыса Шчыракова – прафесійная журналістка са шматгадовым стажам, праваабаронца, дзяячка культуры. Такіх людзей ва ўсім свеце ўзнагароджваюць, а ў Беларусі яны доўгія гады пераследуюцца за сваю дзейнасць. Але ж журналісты – не злачынцы!
Патрабуем адмены прысуду Ларысе Шчыраковай і вызвалення ўсіх нашых калег, якія апынуліся за кратамі за сваю прафесійную дзейнасць".