Хронікі рэпрэсій за 5 сакавіка
З 2020 года пад крымінальны пераслед па палітычных матывах у Беларусі было прыцягнута больш за 1030 жанчын, паведамляюць праваабаронцы.
- Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Telegram-каналы і чаты «Совет г. Новополоцка», «Ігар Тышкевіч»;
Instagram старонка «Совет г.Новополоцка»
YouTube-канал «Тренды: популярные видео Беларуси»;
TikTok-старонка «Vadym1.0».
- Трое дэпутатаў нямецкага Бундэстага сталі «хроснымі» Данііла Чарнакова, Аляксандра Балонкіна і Генадзя Драздова
У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou Оттмар фон Хольц («Саюз 90/Зялёныя»), Луіза Ліцына-Бодэ (Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі) і Міхаэль Захер («Саюз 90/Зялёныя») сталі «хроснымі» беларускіх палітвязняў.
«Свабода выказвання меркаванняў з'яўляецца адным з краевугольных камянёў дэмакратыі і вяршэнства закона; яе ажыццяўленне не з'яўляецца злачынствам».
- У Гомелі пачынаецца суд над журналістам-фрылансерам Андрэем Толчыным
Гомельскі абласны суд пачынае разглядаць справу палітзняволенага гомельскага журналіста-фрылансера Андрэя Толчына.
64-гадовага журналіста абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК), дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК) і паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК). Справу прызначаны разглядаць суддзя Дзмітрый Казлоў.
Андрэй Толчын — даўні стваральнік гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», журналіст-фрылансер, які супрацоўнічаў з некалькімі незалежнымі выданнямі.
Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі.
- Ад палітзняволенай Алены Лазарчык ужо 2 месяцы няма лістоў
Паводле праваабаронцаў, раней за «парушэнні ўстаноўленнага парадку» палітзняволеную пазбавілі пасылак і перадач, спатканняў з роднымі, а таксама неаднаразова закідвалі ў штрафны ізалятар. Згадаем, што падчас знаходжання ў ШІЗА вязням забаронена ліставанне.
Вядома, што ўжо два месяцы ад Алены не даходзяць лісты. Гэта можа сведчыць пра тое, што яе зноў адправілі ў штрафны ізалятар.
Нагадаем, актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» прысудзілі 8 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У калоніі ў жанчыны з'явіліся праблемы з зубамі, яна схуднела. На волі ў Алены засталося маленькае дзіця, бацька якога памёр, пакуль жанчына знаходзіцца ў зняволенні.
- Сілавікі затрымалі жанчыну, якая хадзіла на акцыі пратэсту з дзецьмі — супраць яе распачалі крымінальную справу, лёс яе малодшай дачкі вырашаецца
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што жанчына нібыта разам з дзецьмі ўдзельнічала ў акцыях пратэсту, пісала абразлівыя каментары, дасылала фотаздымкі «экстрэмісцкім» каналам, а таксама пасля пачатку вайны заклікала ўкраінцаў нанесці ўдары па беларускіх аэрадромах.
Сцвярджаецца, што супраць яе распачалі крымінальную справу, лёс яе малодшай дачкі вырашаецца.
- У Жодзіне працягваецца суд над палітвязнем Алегам Рубцом
Алега затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні яго моцна збілі сілавікі. Суд прызначыў палітвязню 5,5 гадоў калоніі.
У чэрвені 2022 года па рашэнні суда пінчуку ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі ў жодзінскую турму, дзе па некалькі месяцаў запар Алега ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары. Агулам у ШІЗА за апошні год Алег правёў больш за 200 сутак.
27 лютага ў Жодзіне над Алегам распачаўся чарговы суд. Яго абвінавачваюць паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы). Справу разглядае суддзя Святлана Самусева. Алегу могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
- Галоўная бухгалтарка аднаго з прадпрыемстваў Магілёва затрыманая за 800 «негатыўных» каментароў
На «палонным відэа» жанчына распавядае, што з 2020 года пакінула 801 «негатыўны каментар пра органы сілавых структур» і Лукашэнку. Таксама затрыманая паведаміла, што праз гэта страціла працу.
- ГУБАЗіК затрымаў жыхара Гродна
Паводле інфармацыі @Grodno_grab, затрыманы — Ігар Чудзілоўскі. Сцвярджаецца, што ён удзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту.
- Сілавікі затрымалі студэнта фізфака БДУ
Сілавікі сцвярджаюць, што юнак у 2020 годзе, будучы непаўналетнім, удзельнічаў у пратэстах, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і пісаў абразлівыя каментары пра міліцыянтаў.