Беларускім шляхам: Затрыманні па відэакамерах у РФ і кветкі — як масавае мерапрыемства

У Маскве пачалі затрымліваць людзей, якія прыходзілі на пахаванне Навальнага, іх вылічаюць па відэакамерах.

Фота з сайта ratel.kz

Фота з сайта ratel.kz


У Маскве затрымалі некалькіх чалавек, якія прыходзілі на пахаванне палітыка Аляксея Навальнага 1 сакавіка. Пра гэта піша «ОВД-Інфа».

Першай затрымалі жыхарку Масквы, якая трапіла на відэа, на якім паліцыянты пачулі фразу: «Героям слава». Ноч на 4 сакавіка яна правяла ў аддзеле паліцыі, пасля чаго была аштрафаваная на 1500 рублёў паводле адміністрацыйнага артыкула аб дэманстрацыі забароненай сімволікі, паведамляе «Медуза».

Раніцай 5 сакавіка былі затрыманыя яшчэ два чалавекі. Ягора Комлева затрымалі на выхадзе з дому, пасля чаго павезлі ў аддзел паліцыі, сфатаграфавалі і забралі пашпарт. Яму сказалі, што вылічылі яго па камерах назірання — мужчына ўскладаў кветкі 16 і 17 лютага, а таксама прысутнічаў на пахаванні 1 сакавіка.

Жыхарку Масквы Алену Грыбкову, якая таксама наведвала пахаванне Навальнага, затрымалі супрацоўнікі Цэнтра па супрацьдзеянні экстрэмізму (Цэнтр «Э»). Грыбкову раней  ужо затрымлівалі пасля акцыі памяці Навальнага 17 лютага, аднак затым адпусцілі з папярэджаннем.

Прэс-сакратар «ОВД-Інфа» Дзмітрый Анісімаў заявіў у каментары «Агенцтву», што «аб тэндэнцыі казаць яшчэ рана», аднак яшчэ ў дзень пахавання праект папярэджваў, што затрыманнямі непасрэдна на акцыі, верагодна, пераслед яе ўдзельнікаў не абмяжуецца. Анісімаў адзначыў, што сістэма распазнання твараў у Маскве «дае магчымасць прасачыць шлях кожнага чалавека прама да яго пад'езда».

  • Жыхарцы Улан-Удэ прызначылі штраф пасля ўдзелу ў акцыі памяці Навальнага. Паліцыя і суд вырашылі, што яна правяла публічнае мерапрыемства, калі «адкрыта ўсклала кветкі».

Савецкі раённы суд Улан-Удэ прызначыў мясцовай жыхарцы Святлане Вачаланавай штраф 25 тысяч рублёў паводле адміністрацыйнага пратаколу аб правядзенні публічнага мерапрыемства без паведамлення (частка 2 артыкула 20.2 КаАП РФ) праз акцыю памяці Аляксея Навальнага. Увагу на пастанову суда звярнуў тэлеграм-канал «Сібірскі Экспрэс».

Згодна з дакументам, 17 лютага — на наступны дзень пасля смерці палітыка — Вачаланава раздрукавала партрэт Навальнага, уставіла яго ў рамку і разам з кветкамі ўсклала да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій 1930—1950-х гадоў у цэнтры Улан-Удэ, куды прыйшла разам з мужам.

Супрацоўнікі паліцыі затрымалі Вачаланаву разам з мужам. На жыхарку Улан-Удэ пратакол, бо вырашылі, нібыта яна «арганізавала і правяла несанкцыянаванае публічнае мерапрыемства ў форме групавога пікетавання».

У судзе Вачаланава віну не прызнала і не пагадзілася з фармулёўкай пра «публічнае мерапрыемства ў форме групавога пікетавання». Аднак суд стаў на бок паліцэйскіх. Суддзя палічыла, што падсудная «зрабіла дзеянні па вырабе нагляднай агітацыі»: змясціла фатаграфію Навальнага ў рамку, купіла кветкі і «адкрыта ўсклала партрэт і кветкі» ў прысутнасці мужа ў грамадскім месцы.

Пры гэтым суд падкрэсліў, што Навальны не адносіцца да ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1950-х гадоў, а Вачаланава сфатаграфавала стыхійны мемарыял на тэлефон. «Дзеянні Вачаланавай сведчаць аб выказванні і фарміраванні ёю грамадскай думкі па пытаннях палітычнага жыцця краіны», — вырашыла суддзя.

Паводле «Сібірскага экспрэса», рашэнне суда было абскарджана.

  • Нагадаем, пра смерць Аляксея Навальнага ў калоніі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе было афіцыйна абвешчана 16 лютага. Пасля гэтага ў Расіі і за мяжой людзі пачалі прыносіць кветкі, свечкі і партрэты палітыка да помнікаў ахвярамі палітычных рэпрэсій і да дыпламатычных прадстаўніцтваў РФ.
  • Акцыі памяці Навальнага ў Расіі суправаджаліся затрыманнямі. Паводле падліках «ОВД-Інфа», 16 па 27 лютага адбылося больш за 460 затрыманняў. 
  • Пры гэтым пасля акцый смутку, якія праходзілі ў дзень смерці Навальнага 16 лютага ,больш за 15 чалавек затрымалі і адвезлі ў паліцыю постфактум — ужо пасля іх прыходу на акцыі памяці Навальнага.
  • Вядома, што толькі сёння, 5 сакавіка, у Маскве затрымалі не менш за чатыры чалавекі, якія прыходзілі на акцыі памяці палітыка і пахаванне Навальнага, якія адбыліся 1 сакавіка. Іх вылічылі па відэазапісах, у тым ліку з камер назірання.
  • Паліцыя як мінімум з 2021 года актыўна прымяняе практыку затрымання ўдзельнікаў акцый пратэсту постфактум, вылічаючы іх па дадзеных камер назірання.