Фактар незалежнасці: моладзь, якую Лукашэнка ўпусціў
Пакаленне 90-х — гэта тыя людзі, якія цалкам выраслі пры дыктатуры Лукашэнкі і не ведаюць іншай рэальнасці, хаця вельмі імкнуцца да яе.
Пратэсты 2020 года паказалі, што беларуская мова стала і сімвалам, і спосабам барацьбы з дыктатурай Лукашэнкі.
Як і чаму гэта адбылося? «BGmedia» спытала ў гісторыка, палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.
— Існуе вельмі важны момант — супрацьстаянне лукашэнкаўскаму рэжыму: чым больш рэжым пераследуе мову, культуру, нацыянальныя традыцыі, тым больш я праўляю цікавасці да яе.
За мінулыя гады сфармавалася новая генерацыя (і яна мяне вельмі цікавіць) беларусаў, якіх я ведаю апасродкавана. Шчыльна я амаль ніколі не камунікаваў з маладой генерацыяй беларусаў. Я яшчэ заспеў Савецкі Саюз, хаця ў сацыялагічным сэнсе я не адношу сябе да апошняй савецкай генерацыі. Напрыклад, амерыкана-расійскі антраполаг Аляксей Юрчак адносіць да апошняй савецкай генерацыі людзей, якія пераважана або цалкам сфармаваліся ў савецкія часы, гэтыя людзі нарадзіліся ў 50-я, 60-я, на пачатку 70-х гадоў.
Я хутчэй ужо адношуся да першай постсавецкай генерацыі: нарадзіўся яшчэ ў Савецкім Саюзе, нядрэнна памятаю гарбачоўскую эпоху, але фармаваўся ў 90-я гады, то-бок ужо ў незалежнай Беларусі. Я заспеў яшчэ лукашэнкаўскую эпоху: выбары 1994 года, «гарачы» перыяд (1995-1996 гады), «мінскую вясну» 1996 года, фармаванне лукашэнкаўскай дыктатуры, «знікненне» Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, смерць Карпенкі. Гэта быў мой турбулентны час.
А людзі, якія нарадзіліся ў 90-я, ужо нічога не маюць савецкага. Я б назваў іх «генерацыяй Лукашэнкі», хаця гэта можа і абразліва прагучаць: гэтыя людзі сфармаваліся ў незалежнай Беларусі і не ведаюць іншай палітычнай рэчаіснасці, акрамя дыктатуры Лукашэнкі. З аднаго боку, у іх няма ніякага дэмакратычнага досведу, яны ўвогуле не ведаюць, што такое дэмакратыя і дэмакратычныя структуры ў грамадстве. З іншага боку — яны выраслі ў незалежнай дзяржаве. Беларусь для іх — незалежная дзяржава, у якой ты можаш размаўляць на рускай мове, можаш цікавіцца Расіяй, але не хочаш быць грамадзянінам Расіі, бо ты грамадзянін Беларусі і адчуваеш сябе такім. Большасць маладой генерацыі — менавіта такія людзі, якія не ведаюць іншай палітычнай рэальнасці, акрамя незалежнай Беларусі.
Гэтыя людзі ўдзельнічалі ў пратэстах. І яны цягнуцца да беларускага. Гэтых людзей я добра не ведаю. Яны куды маладзейшыя. Яны сфармаваліся ў лукашэнкаўскай Беларусі, для іх важная незалежнасць Беларусі, яны жадаюць іншай Беларусі. У маладой генерацыі настаў крызіс ідэнтычнасці: мы беларусы, наша краіна Беларусь, а што азначае — быць беларусам? Ты беларус, маеш беларускі пашпарт, але амаль не ведаеш беларускай мовы — ці беларус ты? Або ты дрэнна валодаеш беларускай мовай, ці зусім не ведаеш беларускую гісторыю – ці маеш права беларусам звацца?
Гэтыя людзі знаходзяцца ў пошуку сваёй ідэнтычнасці. І тут на іх вачах разварочваецца трагедыя (для многіх гэта асабістая трагедыя), як рэжым Лукашэнка жорстка падаўляе пратэсты і ўсталёўвае яшчэ большыя формы дыктатуры, і вайна ва Украіне, да развязвання якой рэжым наўпрост спрычыніўся. Таму маладая генерацыя, якая знаходзіцца ў пошуку сваёй Беларусі, не жадае, каб іх звязвалі з Лукашэнкам, з яго каштоўнасцямі. Такім шляхам маладыя людзі прыходзяць да мовы, да культуры, да гісторыі. Да гэтага прывялі гістарычныя абставіны.
Калі б гісторыя развівалася па-іншаму, мы да гэтага маглі і не прыйсці.
І яшчэ адзін важны фактар, значнасць якога становіцца відавочнай цяпер — так званая «мяккая беларусізацыя», якая адбывалася ў другой палове 2010-х. Яе асабліва бачна не было: калі я прыязджаў у тыя часы ў Беларусь, я не бачыў сур’ёзных змен. Відавочна, людзі адчувалі сябе трохі больш вольна, можна было больш адкрыта займацца беларускімі справамі, можна было выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сцяг, можна было трохі спакайней займацца выдавецкай дзейнасцю — тады былі адносна ліберальныя часы. Падаецца так, што менавіта «мяккая беларусізацыя» стала падмуркам, на якім беларускасць прыйшла ў грамадства.
Пасля падзення дыктатуры яе давядзецца пераасэнсоўваць. Адпаведна, давядзецца адмаўляцца ад старога смецця і выбудоўваць новае грамадства, альтэрнатыўнае таму, што было ў лукашэнкаўскую эпоху. У Беларусі не можа быць сярэдняга варыянта: альбо мы атрымаем працяг лукашэнкаўшчыны (хаця мне цяжка нават цявіць, як яна можа выглядаць без Лукашэнкі), альбо мы атрымаем нешта зусім іншае, альтэрнатыўнае.