Прэса ў падполлі. Прыклад Польшчы
Напэўна, не выпадкова, што Сусветны дзень свабоды друку адзначаецца ў той жа дзень, што і дзень Канстытуцыі Польшчы — 3 мая. Вялікую ролю ў дасягненні незалежнасці і дэмакратыі гэтай краіны адыграла менавіта падпольная прэса ў часы сацыялізму.
У Польшчы падпольныя незалежныя выданні ўпершыню пачалі выходзіць на пачатку 1970-х гадоў. Першапачаткова яны былі бюлетэнямі ўзніклых у той жа час незалежных палітычных структур, накшталт «Руху абароны правоў чалавека і грамадзяніна», «Канфедэрацыі незалежнай Польшчы» і г.д.
Прарыў у гісторыі падпольнага выдавецкага руху ў Польскай Народнай Рэспубліцы адбыўся пасля чэрвеня 1976 года, калі па краіне пракаціліся хваляванні рабочых. На хвалі салідарнасці з рабочымі-страйкоўцамі ўзніклі буйныя дысідэнцкія арганізацыі, накшталт «Камітэта абароны рабочых» (КАР).
У верасні 1976 года актывіст КАР Міраслаў Хаецкі заняўся выдавецкай дзейнасцю, ён адказваў за выданні «Камюніке КАР» і Інфармацыйны бюлетэнь «КАР».
Першыя выпускі Камюніке рыхтаваліся на друкарках пад капіркі. Але ў выніку стыхійнага развіцця падтрымкі і дапамогі з-за межаў Польскай Народнай Рэспублікі самвыдат быў часткова «прафесіяналізаваны». Былі нават створаны ўстановы, якія прафесійна займаліся падпольным друкам. Яны друкавалі ў асноўным на матэрыялах і абсталяванні, выкрадзеных з дзяржаўных устаноў або ўвезеных кантрабандай з-за межаў ПНР. У 1976—1980 гадах падпольна публікавалася амаль 200 выданняў.
Але сапраўдны росквіт незалежных медыя звязваюць з рухам «Салідарнасць». У 1980—1981 гадах, падчас легальнай дзейнасці «Салідарнасці», на рынку працавала каля 160 выдавецтваў і друкарняў, якія выдалі ў агульнай складанасці каля 2,5 тысяч найменняў кніг і больш за 3 тысяч найменняў часопісаў і газет.
Праўда, размах друку меў негатыўныя наступствы. Паколькі ў краіне панавала ліберальная атмасфера, выдаўцы самвыдату ў нейкі час перасталі хавацца ад уладаў. Таму 13 снежня 1981 года, у дзень увядзення ваеннага становішча, некаторыя друкарні і рэдакцыі былі лёгка ліквідаваны. Ператрусы пацягнулі за сабой канфіскацыю вялікай колькасці паліграфічнага абсталявання.
Нягледзячы на хапун пасля ўвядзення ваеннага становішча, падпольны выдавецкі рух не спыніўся, а з часам наадварот, набыў яшчэ большы маштаб. З 1981 па 1988 год было выдадзена больш за 4,5 тысяч найменняў кніг і каля 2 тысяч найменняў часопісаў. Найбольшая колькасць кніг і брашур (636 экзэмпляраў) была выдадзена ў 1983 годзе.
Сярод самвыдату найбольшы тыраж меў адзін уроцлаўскі штотыднёвік — 43 000 асобнікаў(!). Студэнцкія часопісы і часопісы для ліцэістаў часам выдаваліся накладамі ад 0,5 да 10 тысяч экзэмпляраў. Самую вялікую групу склалі часопісы і газеты, якія выдаваліся нерэгулярна. Па ацэнках гісторыкаў, у 1980-я гады да 100 000 грамадзян Польшчы рэгулярна чыталі падпольныя СМІ, а да 250 000 чалавек чыталі такую прэсу спарадычна.
Відавочна, што без канспірацыі пры гэтым не абыходзілася. Жалезнае правіла падпольнай друкарні, якое выконвалася яшчэ да з’яўлення «Салідарнасці», заключалася ў тым, каб максімальна захоўваць таямніцу месцазнаходжання падпольных друкарняў. Дапамагалі ўтойваць такія друкарні, сярод іншага, ветэраны Арміі Краёвай, якія былі яшчэ жывыя ў 1970-я гады. Таму спецслужбы, як правіла, не маглі вылічыць, дзе знаходзяцца друкарні і рэдакцыі.
Сітуацыя кардынальна пачала мяняцца ў другой палове 1980-х гадоў пасля наладжвання каналаў паставак матэрыялаў і абсталявання з Захаду і ў выніку талерантнасці ўладаў Польскай Народнай Рэспублікі да арганізаванай апазіцыі, якая павольна пашырала свой уплыў у грамадстве. Непасрэдна перад 1989 годам сярэднестатыстычнае буйное падпольнае выдавецтва (тыпу «Тыгодніка Мазавецкага») мела ў сваім распараджэнні некалькі капіявальных апаратаў вельмі высокага класа, а таксама сучаснае па тых часах абсталяванне, а часам нават хатнія камп’ютары — унікальную рэч на той час.
Дзякуючы гэтаму, адразу пасля практычнай адмены цэнзуры напрыканцы 80-х у дысідэнтаў з'явілася магчымасць арганізаваць легальныя рэдакцыі і выданні. Дарэчы, шмат з іх дасюль з’яўляюцца лідарамі на мясцовым медыя рынку.