У Расіі пасля галадоўкі памёр палітзняволены музыка

У СІЗА ў Бірабіджане пасля галадоўкі загінуў піяніст Павел Кушнір. Яго затрымалі праз відэа супраць вайны і Пуціна. На яго ютуб-канал былі падпісаныя ўсяго некалькі чалавек.

Фота з сайта Свярдлоўскага краязнаўчага музею

Фота з сайта Свярдлоўскага краязнаўчага музею

Музыка, антываенны актывіст Павел Кушнір памёр у СІЗА Бірабіджана, паведаміла 2 жніўня выданне «Вось так», спасылаючыся на кіраўніцу праекта «Русь, якая сядзіць» Вольгу Раманаву і сяброўку актывіста, піяністку Вольгу Скрыгунову. Паводле іх інфармацыі, Кушнір памёр 27 ліпеня. Яму было 39 гадоў. У Федэральнай службе выканання пакаранняў гэта не каментавалі.

Вольга Раманава распавяла, што Кушнір памёр пасля таго, як абвясціў сухую галадоўку. «Яго цела не вытрымала», — сказала Раманава выданню, не прывёўшы іншыя падрабязнасці. The Insider без спасылкі на крыніцу піша, што галадоўка працягвалася пяць дзён.

Вольга Раманава ўдакладніла ў інтэрв'ю «Сапраўднаму часу», што даведалася пра смерць Кушніра з ліста яго сукамернікаў па СІЗА. «Афіцыйна пра гэта не было абвешчана. Мы атрымалі ліст ад яго сукамернікаў і наогул атрымалі лісты з гэтага СІЗА, гэта значыць сумневаў вялікіх няма, што ён загінуў», — сказала яна.

Піяністка Вольга Скрыгунова распавяла, што даведалася пра смерць Кушніра ад яго маці. Скрыгунова падкрэсліла, што яго сям'я не хоча шырокай агалоскі. Яна дапусціла, што сям'ю маглі запалохаць прадстаўнікі сілавых структур.


Глядзіце таксама

Супрацоўнікі ФСБ затрымалі Паўла Кушніра ў канцы траўня. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб «публічных закліках да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці» (артыкул 205.2 КК РФ). Паблік «Нетыповы Бірабіджан», першы які паведаміў аб затрыманні Кушніра, сцвярджаў, што справу распачалі праз ролікі ў ютуб-канале, у якіх Кушнір «заклікаў да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу ў РФ шляхам рэвалюцыі».

Журналісты «Вось так» даведаліся, што Павел Кушнір вёў ютуб-канал «Иноагент Малдер», дзе з лістапада 2022 года апублікаваў чатыры ролікі, у якіх у паэтычнай форме крытыкаваў палітыку ўладаў РФ, прынятыя законы і вайну ва Украіне. Выданне адзначае, што за ўвесь час існавання канала, створанага ў 2011 годзе, на яго падпісаліся пяць чалавек. На момант публікацыі гэтай нататкі ў канале было крыху больш за 100 падпісчыкаў.

Піяніст Павел Кушнір — ураджэнец Тамбова, адзначае «Медуза». Скончыў Маскоўскую кансерваторыю імя Чайкоўскага. На працягу сямі гадоў працаваў салістам Курскай абласной філармоніі, затым тры гады — у курганскай філармоніі. У 2023 годзе Кушнір стаў салістам Бірабіджанскай абласной філармоніі.