Хронікі рэпрэсій за 5 жніўня: «хапун» у Мазыры, затрыманні ў Кобрыне і новая спецвытворчасць

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_5.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1362 дні, Дзяніс — 1242.

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманымі жыхарамі Мазыра, піша «Медыязона».

На відэа паказана, як сілавікі затрымліваюць мужчыну на вуліцы, а таксама выломліваюць дзверы дома і кватэры. На камеру мазырчукі кажуць, што іх затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.

У якім статусе знаходзяцца затрыманыя і па якіх артыкулах іх абвінавачваюць — невядома.

***

У Гродне пачалі судзіць сясцёр, якія збеглі ад «хіміі» ў Польшчу.

Жанна Захаркевіч і Надзею Сцяпанаву завочна судзяць паводле ч.2 арт.361 Крымінальнага кодэкса «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Верагодна, справу распачалі за адно з інтэрв'ю медыя, прызнаных «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», піша ТГ-канал «Права маюць».

Справу пачаў разглядаць 5 жніўня Юрый Казакевіч.

Гродзенак судзілі за акцыю 6 верасня 2020 года, калі яны нібыта «прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт.342 КК) і сталі ў счэпку, а таксама «прычынілі 11 супрацоўнікам фізічны боль і пабоі» (арт. 364 КК). Іх асудзілі на 3 і 3,5 гады «хіміі».

***

Сілавікі затрымалі жыхара Дрыбіна за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медыязона».

Выданне знайшло старонку затрыманага ў «ВКонтакте». Там мужчына падпісаны як Аляксандр Шыкаў.

На камеру ёнкажа, што быў затрыманы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у сацсетках. Таксама Шыкаў кажа, што сілавікі выявілі ў яго дома боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, якія ён знайшоў падчас «чорных раскопак».

Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

***

Затрымалі дваіх жыхароў Кобрына за ўдзел у пратэстах у 2020-м, паведамляе «Вясна».

На «пакаяльным відэа» ад 3 жніўня затрыманы хлопец кажа, што ў 2020 годзе «ўдзельнічаў у пратэстах і паказваў дупу ў бок супрацоўнікаў міліцыі». Затрыманая дзяўчына расказвае, што ў 2020 годзе «кідалася ў бойку з сілавікамі, аблівала іх півам, паказвала дупу і ф*k».

«Медыязона» знайшла старонкі затрыманых у сацсетках. Там мужчына падпісаны як Вячаслаў Беразавец, а дзяўчына — Таццяна Данілюк.

***

Распачатая спецвытворчасць у дачыненні да жыхара Магілёва Аляксандра Яцэнкі, піша «Позірк». Пра пачатак спецыяльнага крымінальнага судаводства ў дачыненні да 46-гадовага жыхара Магілёва Аляксандра Яцэнкі паведаміў 5 жніўня Следчы камітэт у спецыялізаваным тэлеграм-канале.

Спецвытворчасць распачата 2 жніўня.

Яцэнка абвінавачваецца паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Абвінавачанаму прапанавана з'явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

У адкрытых крыніцах інфармацыі пра Яцэнку няма.

***

5 жніўня пачалі судзіць жыхара Ляхавічаў за «абразу Лукашэнкі», паведамляе «Свабода».

У судзе Ляхавіцкага раёна 5 жніўня пачаўся судовы працэс супраць Алега Півавара паводле ч.2 арт.368 КК («Абраза Лукашэнкі»). Справу разглядае суддзя Наталля Буднік.

Паводле сацыяльных сетак, Алегу 63 гады. Ён нарадзіўся ў Петразаводску, Карэлія, але скончыў школу і жыве ў беларускіх Ляхавічах.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 550 дзён, Максіма Знака — 544 дні, Мікалая Статкевіча — 541 дзень, Ігара Лосіка — 532 дні, Віктара Бабарыкі — 470 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 400 дзён, Уладзіміра Гундара — 367 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1388 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1482 чалавекі. Сярод іх — 192 жанчыны і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.